Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльны рэпартаж. Беларусы і тэлешоў


Вячаслаў Кулік, Менск Паводле нават сьціплых падлікаў, у апошнія некалькі гадоў больш як чатыры дзесяткі жыхароў Беларусі, а яшчэ й ўнівэрсытэцкія каманды КВН перамагалі ў інтэлектуальных гульнях на расейскіх тэлеканалах. Каштоўныя прызы бралі пераважным чынам прадстаўнікі беларускіх ускраінаў – з Рэчыцы, Воршы, Бярозы, Стоўбцаў ды іншых. А што чакае пераможцаў дома, калі яны вяртаюцца з чужой краіны?

Пра папулярнасьць тэлевізійных шоў у Беларусі выказваюцца ўдзельнікі традыцыйнага апытаньня радыё Свабода на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “У нас на БТ шоў ведаю мала, але, у прынцыпе, ня супраць прыняць удзел”.

(Юначка: ) “Мае знаёмыя былі на праграме “5 у 5”. Асабіста я ня ўдзельнічала ў аніякіх праграмах”.

(Спадарыня: ) “Пра шоў нічога ўзгадаць не магу. Асабліва не цікаўлюся імі”.

(Юначка: ) “Хацелася б удзельнічаць. Я часам галасую, тэлефаную”.

(Спадарыня: ) “Не (сьмяецца), масавы тэатар мяне не цікавіць. У шоў я не хачу ўдзельнічаць”.

(Спадар: ) “Тэлевізійныя шоў – гэта, па сутнасьці, ужо адпрацаваныя тэхналёгіі відовішчаў. Ёсьць гіганцкі камэрцыйны й арганізацыйны досьвед. Відавочна, што праблема палягае ў якасьці гэтых шоў, іх мастацкім узроўні”.

(Спадарыня: ) “Я наагул не хацела б удзельнічаць у нашых шоў-праграмах. На маю думку, яны ня маюць густу, калі-нікалі нетактоўныя і бессэнсоўныя. Іх зашмат на нашым тэлебачаньні. І няма нічога ані для душы, ані для сэрца, ані для розуму”.

Гаварылі мінакі на менскіх вуліцах. Палярнасьць выказаных думак камэнтуе экспэрт Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў.

(Мельнікаў: ) “Тое, што нашыя людзі ня маюць магчымасьці на беларускім тэлебачаньні праявіць свае здольнасьці – гэта крыўдна і кепска. За апошнія гады на БТ, паводле нават афіцыйных зьвестак дзяржаўнага Саюзу журналістаў, былі звольненыя каля 700 чалавек сцэнарыстаў, рэжысэраў, апэратараў. Улада “выбіла” лепшыя творчыя кадры”.

Гаворыць экспэрт БАЖ Эдуард Мельнікаў. Паводле яго, у посьпехах беларусаў на інтэлектуальных гульнях расейскіх тэлеканалаў няма нічога выпадковага.

(Мельнікаў: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што нашае насельніцтва адукаванае, людзі цікавяцца жыцьцём і культурай. І ня толькі беларускай, але ўсясьветнай культурай, уключаючы расейскай. Гэта ж добра”.

Сталым супернікам знаўцаў расейскай тэлегульнікі “Што? Дзе? Калі?” зьяўляецца жыхар Пінску Уладзімер Лебедзеў. Галоўны прыз – “Дыямантавую саву” – паляшук атрымаў год таму за самае цікавае пытаньне сэзону. Яно тычылася сымболікі электроннай пошты – так званага сабакі. Інтэлектуалы прайгралі пінчуку, бо не здагадаліся, што карэйцы называюць элетронны сымбаль чарвяком, вугорцы – сьлімаком, фіны – кошкай. Па словах эрудыта зь беларускага Палесься, ягоны посьпех набыў сусьветны рэзананс.

(Лебядзеў: ) “Тэлефанавалі з Ізраілю, Амэрыкі. Хтосьці быў у Нямеччыне, нехта – ў Англіі. Глядзелі, як высьветлілася. І, як гавораць, крычалі: “Гэта нашыя, нашыя выйгралі!”

Пасьля гучнай перамогі у Маскве Уладзімер Лебедзеў вырашыў змагацца за сваё жыцьцёвае крэда.

(Лебедзеў: ) “У мяне і да гэтага быў плян працаваць з моладзьдзю, арганізаваць інтэлектуальны рух. Пінск ніхто не прыцягваў і ініцыятывы такой не было”.

Спадар Уладзімер пакінуў ранейшае месца працы і арганізаваў інтэлектуальны клюб. У ім працуюць аб''яднаньні шахматыстаў, спартыўнага брыджу, гарадзкая каманда “Што? Дзе? Калі?”.

(Лебедзеў: ) “Праявіў ініцыятыву на сваю галаву. Хадзіў да начальства, пераконваў. Яны вырашылі, што “трэба некуды прыткнуць”. Урэшце, “прыткнулі” мяне ў КСУ – культурна-спартыўную ўстанову “Рамантык”, якое працуе па ЖЭСам. Што маю? Чатыры сьценкі і аклад 130 тысяч рублёў. Аклад цяпер падрос, было 80 тысяч. Вось чаго дамогся”.

Сказаў Уладзімер Лебедзеў зь Пінску. З райцэнтру Рэчыца на Гомельшчыне пераможцам шоў-праграмы першага расейскага тэлеканала “Поле цудаў” стала Раіса Патароча.

(Патароча: ) “Увогуле, я – захоплены чалавек. У школе, у вучэльні – усюды ўдзельнічала ў розных конкурсах. Калі праграма “Поле цудаў” з маім удзелам выйшла ў эфір, то на вуліцы зусім чужыя людзі пазнавалі і віншавалі”.

Спадарыня Патароча працуе ў рэчыцкім радзільным доме, цікавіцца грамадзкім жыцьцём. Яна лічыць, што ў райцэнтры абмежаваны культурны адпачынак, затое квітнее п''янства і крымінал. Як кажа суразмоўца, зараз у былым вайсковым гарадку разьмясьцілі жаночую калёнію і гэта дадало амаральнасьці.

(Патароча: ) “Нават мяркуючы па сытуацыі ў раддоме я магу сказаць, што зьявілася мноства жанчынаў адмоўных паводзінаў. Раней былі адзінкавыя выпадкі, калі мы ўгаворвалі маладых маці не адмаўляцца ад дзіцяці. Зараз не ўгаворваем, бо зробіць нешта дома і ўсё роўна пазбавіцца дзіцяці”.

Перад паездкай ў Маскву спадарыню Патарочу запрасілі ў райвыканкам, дапамаглі з падарункамі ад мясцовых прадпрыемстваў. Па вяртаньні зноў адбылася гутарка, так бы мовіць, "ідэалягічнага" зьместу.

(Патароча: ) “Загадчык інфармацыйнага аддзелу патэлефанаваў: “Мы ў вас верылі!” І ўсё на гэтым. Ніхто нават у школе не цікавіцца. Уваходжу ў бацькоўскі камітэт, часта там бываю і ня ведаю зь якіх прычынаў, але ніхто не цікавіцца, не прасілі расказаць”.

Сказала Ларыса Патароча з Рэчыцы. Падчас размоваў зь іншымі беларусамі, якія перамагалі ў расейскіх тэлешоў, вымалявалася тыповая зьява: эрудыцыя герояў тэлеэкрану не запатрабаваная нават на ўзроўні дзіцячага выхаваньня. Іхная асабістая ініцыятыва гэтаксама не выклікае энтузіязму ў чыноўнікаў. Экспэрт масмэдыя Эдуард Мельнікаў лічыць такія адносіны самазасьцярогай улады.

(Мельнікаў: ) “Тое, што недзяржаўнае, калі людзі самі праяўляюць ініцыятыву, для нашай дзяржавы падазронае. Як не дзяржаўнае, то быццам бы ня тое, што трэба...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG