Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Балівіі Карлас Мэса падаў у адстаўку


Кастусь Бандарук, Прага Палітычны крызыс у Балівіі дасягнуў дна. Пасьля 20 месяцаў кіраваньня прэзыдэнт Карлас Мэса падаў у адстаўку. Адмовіцца ад пасады яго прымусілі бурныя пратэсты, якія цягам трох тыдняў паралізавалі краіну. Балівія апынулася на мяжы грамадзянскай вайны і распаду.

(Бандарук: ) "Калі ў панядзелак тысячы дэманстрантаў з воклічамі “грамадзянская вайна” заблякавалі доступ да прэзыдэнцкай сядзібы ў Ля-Пас, Карлас Мэса вырашыў падаць у адстаўку. “Хачу папрасіць у Радзімы прабачэньня, калі я ня ўмеў належна кіраваць ёю,” - заявіў ён у тэлезвароце да народу. Аднак не прэзыдэнт адказны за хаос, у якім Балівія апынулася два гады таму. Балівія падзеленая: багаты, нізінны Ўсход з крэольскім насельніцтвам і сталіцай ў Санта Крус і бедны, горны Захад, населены пераважна індзейцамі са сталіцай ў Ля-Пас.

Бунтаўнікі-індзейцы, дыскрымінаваныя цягам стагоддзяў, патрабуюць для сябе болей ўлады і большай долі прыбыткаў ад багацьцяў краіны. Пачуцьцё крыўды ўзмацніла выяўленьне на Ўсходзе краіны вялізных рэсурсаў прыроднага газу, другога па велічыні ў Паўдзённай Амэрыцы.

У кастрычніку 2003 году бунт індзейцаў прывёў да адстаўкі і выгнаньня прэзыдэнта Гансалы Санчэса дэ Лясады. Новы прэзыдэнт, гісторык і журналіст Карлас Мэса зрабіў ўсё, каб прымірыць абедзьве часткі краіны. Ён расьпісаў рэфэрэндум, у якім прапанаваў новыя правілы эксплюатацыі нафты і газу, без нацыяналізацыі, але з удзелам дзяржаўнага сэктару і з вышэйшымі падаткамі ад прыватных канцэрнаў.

Пасьля ён склікаў Нацыянальны Сход, які павінен быў прыняць новую Канстытуцыю і абвясьціў рэфэрэндум у пытаньні аўтаноміі ўсходняй часткі краіны. Калі пратэсты не спыняліся, Мэса пагадзіўся на датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары.

Лідэрам індзейскага бунту ўсяго гэтага было замала. Яны адкінулі закон аб паліве і запатрабавалі неадкладнай нацыяналізацыі ўсіх прыродных рэсурсаў. Паколькі, аднак, у парлямэнце яны ня маюць дастатковай падтрымкі, уладу вырашылі захапіць шляхам вулічных дэманстрацыяў і блякадаў. Газавыя і нафтавыя канцэрны, якія ўклалі ў эканоміку Балівіі 3,5 мільярда даляраў, спынілі далейшыя інвэстыцыі і пагражаюць пакінуць краіну.

Цягам трох тыдняў сталіца Балівіі Ля-Пас заблякаваная індзейцамі і адрэзаваня ад паставак харчоў і паліва. Балівійцы кінуліся выкупляць прадукты на чорную гадзіну. Радыкалы з індзейскай арганізацыі Эль Альта нішчаць крамы і ларкі. Затое ў Санта Крус адбываюцца бясконцыя дэманстрацыі з патрабаваньнем аддзяліцца ад Ля-Пас і заходняй часткі краіны. У горадзе не хапае вады, ніхто не вывозіць сьмецьця, а цэны на харчы ўзрасьлі ўдвая. Рэфэрэндум у гэтым пытаньні аддзяленьня мае адбыцца ў пачатку жніўня.

Сёньня Нацыянальны Кангрэс прыме рашэньне, ці прыняць адстаўку Карласа Мэсы і хто будзе ягоным пераймальнікам. Галоўнымі прэтэндэнтамі на прэзыдэнцкае крэсла зьяўляюцца старшыні дзьвюх палатаў парлямэнту: Арманда Вака Дыес і Марыё Касіё Картэс, а таксама старшыня Вярхоўнага Суду - Эдуарда Радрыгес. У выпадку абраньня Дыес перасьцярог, што ддя аднаўленьня парадку будзе выкарыстанае войска, а радыкалізм левых прывядзе да таталітарнага кіраваньня. Аднак, на думку некаторых балівійцаў, новы прэзыдэнт у якасьці леку будзе горшы за хваробу, на якую хварэе краіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG