Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя газэты Берасьцейшчыны друкуюць ананімкі па "даручэньні групы этнічных палякаў"


Алег Супрунюк, Берасьце Адразу некалькі дзяржаўных раённых выданьняў Берасьцейскай вобласьці (у прыватнасьці, “Кобрыньскі весьнік”, жабінкаўская “Сельская праўда”) надрукавалі аднолькавыя матэрыялы пад назвай “Хто “цісьне” на СПБ?”.

У публікацыях сьцьвярджаецца, што апошнім часам “неабгрунтавана раздуваецца” тэма пра ўмяшаньне беларускіх уладаў у справы “Саюзу палякаў у Беларусі”, але насамрэч умяшаньнем займаецца польскі бок.

Аўтарамі цалкам падобных матэрыялаў, падрыхтаваных “паводле даручэньня групы этнічных палякаў”, у кобрынскай газэце пазначаны “Віктар Г.”, у жабінкаўскай – “Аляксандр Р.” Паводле неафіцыйных зьвестак, тэксты гэтых публікацыяў былі разасланыя ў дзяржаўныя “раёнкі” з упраўленьня ідэалягічнай работы Берасьцейскага аблвыканкаму, аднак там гэтую інфармацыю не пацьвердзілі.

Пры канцы публікацыяў прыводзяцца наступныя словы: “Мяркуем, што падобным чынам польскі бок імкнецца напалохаць перш за ўсё нас, пражываючых у Беларусі этнічных палякаў. Мы заклікаем спыніць усялякі ціск звонку. Мы, палякі Беларусі, самастойна разьбярэмся ў гэтай сытуацыі”.
XS
SM
MD
LG