Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Пазьняк запатрабаваў для Андрэя Клімава 3 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі строгага рэжыму


Любоў Лунёва, Менск У Цэнтральным судзе Менску працягваецца судовы працэс над Андрэем Клімавым, якога абвінавачваюць у арганізацыі акцыі 25-га сакавіка, у часе правядзеньня якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Дзяржаўны абвінаваўца паведаміў, што амністыя, якая была прынятая 6-га траўня, на Клімава не распаўсюджваецца.

Прамова Вадзіма Пазьняка доўжылася 15 хвілінаў. Адзіным доказам віны Андрэя Клімава было тое, што ён прызнаўся, што намагаўся арганізаваць акцыю 25 сакавіка, якая, нават паводле словаў самога Пазьняка, не адбылася.

Сёньня ў судзе былі прагледжаныя ўсе відэазапісы, зробленыя супрацоўнікамі міліцыі і спэцслужбамі. Жонка Андрэя Клімава Тацяна Леановіч, якая выступае абаронцай мужа у судзе, сказала Свабодзе, што "прагляд відэа вельмі яе ўразіў, было відаць, што АМОНаўцы жорстка выціснулі людзей з праспэкта Скарыны і вуліцы Леніна, і ніякай акцыі насамрэч не адбылося". Тацяна Леановіч абураная, што мужа абвінавачваюць у арганізацыі акцыі, якая не адбылася.

Нагадаем, што Вадзім Пазьняк выступаў у якасьці дзяржаўнага абвінаваўцы ў справах Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца, якія атрымалі па 3 гады "хіміі", але згодна з амністыяй тэрмін пакараньня зьменшыўся да 2 гадоў.
XS
SM
MD
LG