Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дыхаць тут" – праект назвы фільму пра забароненыя рок-гурты


Севярын Квяткоўскі, Менск Героі фільму — рок-зоркі “Крама”, “Ulis”, “NeuroDubel”, “NRM”, “Pomidor/OFF”, “Палац” ды іншыя, забароненыя ў Беларусі пасьля выступу 21 ліпеня 2004 году на канцэрце пратэсту супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Разам зь фільмам рыхтуецца да выхаду CD са складанкай гітоў і новых песень гуртоў.

Выканаўчы прад’юсар праекту Аляксандар Памідораў цьвердзіць, што ў Беларусі падобных фільмаў яшчэ не было:

(Памідораў: ) “Працоўная назва праекту “Дыхаць”, альбо “Дыхаць тут”. Хочацца паказаць больш шырокую думку пра сытуацыю, у якой апынуліся творчыя людзі, якім проста не даюць вольна дыхаць, і не даюць шанцу на рэалізацыю. Людзі, якія прагнуць чыстага паветра”.

У фільме і на дыску будуць новыя песьні, напрыклад, гуртоў “Indigo”, “Альтанкі”, “Зьмяі” ды іншых. Аляксандар Памідораў тлумачыць, чаму запрасіў да ўдзелу ў праекце ня толькі зорак, забароненых уладамі, але і маладых музыкантаў:

(Памідораў: ) “Справа ў тым, што цяпер усе ў падобнай сытуацыі... Цяпер, калі ты беларускі музыка, калі ты сьпяваеш па-беларуску, бяз розьніцы, рок ці фольк, ты ўсё роўна рызыкуеш, што табе забароняць канцэрт, што твае песьні ня будуць пускаць на радыё, што табе створаць умовы яшчэ больш жорсткія, чым былі ў савецкі час”.

Фільм будзе складацца з запісаў, зробленых у адной зь беластоцкіх студыяў гуказапісу, зь інтэрвію з музыкамі, і ня толькі:

(Памідораў: ) “Такая спроба дакумэнталістыкі, але, можа, будуць і пастановачныя кадры... Але мы не хацелі замыкацца толькі на паліычным баку. Таму ў кадры будуць прысутнічаць ня толькі менскія замалёўкі. У кадры будуць Беласток, яшчэ некалькі гарадоў... Будзе Горадня”.

Сваімі ўражаньнямі ад здымкаў дзеліцца адзін з удзельнікаў праекту Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Наколькі будзе цікавы фільм, я ня ведаю. Тое, што ў мяне пыталіся, мне было цікава, я разгорнута адказваў. Тое, што мы рабілі ў Беластоку, мне таксама падаецца вельмі цікавым: “NRM” пісалі новую песьню. Складанка мае быць вельмі цікавай, на мой погляд”.

Аляксандар Памідораў гаворыць, што спонсарамі праекту вступілі беларускія (і ня толькі беларускія) бізнэсоўцы з Расеі. Кампакты зь фільмам і музычнай складанкай маюць зьявіцца ў канцы чэрвеня, а ўпершыню прэзэнтуюцца ў сярэдзіне ліпеня на фэстывалі беларускай рок-музыкі “Басовішча”, што ладзіцца пад Беластокам. Дзе будзе рэгістравацца фільм, Аляксандар Памідораў пакуль ня ведае, але не выключае, што ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG