Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 чэрвеня 1661 году атрымаў свой гарадзкі герб Магілёў


RFERL Гэта быў рыцарскі герб, які сымбалізаваў абарончую ролю гораду на ўсходніх межах сярэднявечнай Беларусі. А цэнтральнае месца на магілёўскім гербе займае выява дзяржаўнага герба -- “Пагоні”.

9 чэрвеня 1803 году прыйшоў на сьвет Адольф Янушкевіч, беларускі пісьменьнік, вучоны і падарожнік. Янушкевіч стаў адным з многіх беларусаў свайго часу, хто змагаўся за незалежнасьць Бацькаўшчыны супраць расейскага царызму, за што трапіў у ссылку або мусіў уцякаць на эміграцыю і там дасягнуў незвычайных посьпехаў у прыродазнаўчых навуках. Нарадзіўся Адольф Янушкевіч у Нясьвіжы, вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, дзе ўступіў у таемнае таварыства філаматаў, разам зь іншымі сябрамі якога ўзяў удзел у паўстаньні 1831 году... Прысуд быў жорсткі – шыбеніца. Аднак у апошні момант расейскія карнікі замянілі яго ссылкай у Сібір, на раку Іртыш, а адтуль – у Кіргізію. Поўны маладога імпэту Янушкевіч вывучаў побыт, традыцыі, фальклёр тагачасных кіргізаў і казахаў. На радзіму ён здолеў вярнуцца толькі праз чвэрць стагодзьдзя, калі жыць яму заставалася ўсяго год. “Дзёньнікі і лісты” Адольфа Янушкевіча былі выдадзеныя кнігай у 1861 годзе ў Парыжы, і выклікалі такую цікавасьць публікі, што перавыдаюцца да сёньня.

Герою наступнага паўстаньня – пад кіраўніцтвам Каліноўскага – Баляславу Калышку павешаньне на ссылку не замянілі. У часе паўстаньня гэты ўраджэнец Лідчыны і выпускнік Маскоўскага ўнівэрсытэту сфармаваў на сваёй радзіме паўстанцкі атрад. Пасьля разгрому ў Біржайскай бітве Калышка быў узяты ў палон і павешаны ў Вільні на Лукіскім пляцы акурат 9 чэрвеня ў 1863 годзе. Было паўстанцкаму камандзіру ўсяго 26 гадоў.

9 чэрвеня 1913 году нарадзілася Тамара Міянсарава. Без сумневу, кожны з нас неаднойчы чуў яе ігру на фартэпіяна ў радыёкропцы. Піяністка Міянсарава пакінула шмат запісаў менавіта для беларускага радыё, за што была ўганараваная званьнем заслужанай артысткі Беларусі.

На заканчэньне – памятная дата сусьветнае гісторыі. 9 чэрвеня 1943 году быў зроблены апошні запіс у турэмным дзёньніку чэскага журналіста Юліюса Фучыка. Арыштываны гестапа, Фучык да самага сьмяротнага пакараньня пісаў свой дзёньнік, які пасьля выйдзе вядомай на ўвесь сьвет кнігай “Рэпартаж зь пятлёй на шыі”. Апошні запіс, датаваны 9 чэрвеня 1943 году, стаў крылатым: “Людзі, будзьце пільнымі!”
XS
SM
MD
LG