Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзіцячыя летнікі Беларусі даражэюць, і ў іх узмацняецца рэжым аховы


Вячаслаў Кулік, Менск 9 чэрвеня завяршаецца заезд на першую зьмену ва ўсіх дзіцячых летніках Беларусі. Сёлетні сэзон шмат чым будзе адрозьнівацца ад папярэдніх.

Паводле Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленьню і санітарна-курортнаму лячэньню насельніцтва, у Беларусі сёлета колькасьць летнікаў скарачаецца на 18 адзінак. Яшчэ ў 14-ці адкрыцьцё першай зьмены зрываецца з-за непадрыхтаванасьці матэрыяльнай базы. Спэцыялісты адзначаюць, што ў былых піянэрлягерах на 60 працэнтаў зношаныя памяшканьні і абсталяваньне. Таму многія бацькі асьцерагаюцца выпраўляць дзяцей на адпачынак”.

(Маркевіч: ) “У мяне два хлопчыкі. Паколькі надвор”е халоднае, а гарачай вады ў лягеры няма, то я проста баюся іх туды адпраўляць. Малыя могуць захварэць”.

Сказала Галіна Маркевіч зь Нясьвіжу. Ад яе мы даведаліся, што пуцёўкі ў дзіцячы летнік каштуюць ад 220 тысяч рублёў. Калі прадпрыемства, на якім працуюць бацькі, адмовіцца кампэнсаваць частку кошту, то грошы давядзецца выкласьці зь сямейнага бюджэту. Ужо зараз прыкметна падаражэў адпачынак у пансіянатах, цэнтрах і комплексах, які належаць прадпрыемствам і ўстановам. Па словах начальніка Берасьцейскай управы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленьню Ніны Чопчыц, цэны адпушчаны на волю”.

(Чопчыц: ) “Дзяржаўным мэханізмам не рэглямэнтуецца праца аздараўленчых установаў. Кожная аздараўленчая ўстанова зараз мае права фармаваць сваю цану і прапаноўваць яе на рынак”.

Паводле Ніны Чопчыц, самыя дарагія пуцёўкі на Берасьцейшчыне ў Дзіцячым санаторна-аздараўленчым комплексе “Ружанскі”, які належыць Нацыянальнаму банку” – 520 тысяч рублёў. Я меў гутарку з тамтэйшым жыхаром Леанідам Савошам. Перадусім яго ўразіла незвычайна ахова дзіцячага комплексу Нацыянальнага банка”.

(Савош: ) “На пад’езьдзе да тэрыторыі шлягбаўм з вартаўнікамі. Перад уваходам пабудаваны спэцыяльны пункт пропуску, які абсталяваны сучаснымі відэакамэрамі. Такім чынам кантралюецца кожны куточак”.

Мяне таксама зьдзівіла гэтая навінка, і я запытаўся ў галоўнага ўрача комплексу “Ружанскі” Генадзя Сысоя, навошта сачыць за дзецьмі з дапамогаю відэакамэраў? Раней жа нічога падобнага не было. Спадар Сысой не стаў адмаўляць, што ўзмоцненая ахова за дзецьмі каштуе дадатковых выдаткаў для бацькоў, а пра прычыны выкарыстаньня сучаснай тэхнікі сказаў так:”.

(Сысой: ) “Дзеці зараз ведаеце якія? І пакурыць і пазабаўляцца хочуць. Але мы ўсё гэта бачым. І адразу прымаем меры. Праўда, дзецям гэта ня вельмі падабаецца”.

Гаварыў ўрач комплеску “Ружанскі” Нацыянальнага банку Генадзь Сысой. Варта ўзгадаць, што два дні таму радыё Свабода паведамляла пра відэаназіраньне ў выцьвярэзьніках. Цяпер вось, у дзіцячых установах адпачынку…
XS
SM
MD
LG