Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае хамства – праява саманянавісьці


Сьвятлана Курс, Менск На думку спэцыялістаў, хамства пашыраецца ў нестабільных або застойных грамадзтвах. Хамства беларусаў выкліканае найперш “саманянавісьцю” і сумневамі ва ўласнай каштоўнасьці.

Тлумачальны слоўнік беларускае мовы трактуе хамства як “грубасьць, бесцырымоннасьць, нахабства”. А расейскі пісьменьнік Сяргей Даўлатаў піша, што хамства гэта “грубасьць, нахабства плюс адчуваньне беспакаранасьці”.

Дасьледаваўшы СМІ, пагаварыўшы зь людзьмі, паназіраўшы за іхным жыцьцём, пераконваесься, што цяпер узровень хамства ў Беларусі проста зашкальвае. Людзі плююць адно аднаму пад ногі, лаюцца, сьмецяць, карацей, разбураюць спрыяльную прастору вакол сябе.

Думка псыхоляга Хрысьціны Сухоткі:

(Сухотка:) “Моцныя эмацыйныя працэсы ў людзей выкліканыя трывожнымі станамі. Калі ў грамадзтве шмат хамства, гэта азначае, што псыхалягічны клімат у ім напружаны і пагражае катаклізмамі. Людзі баяцца адно аднаго і не давяраюць адно аднаму.”.

Этнасоцыяпсыхоляг Павел Урбановіч:

(Урбановіч:) “Хамства мае на мэце разбурыць нашу псыхалягічную цэласнасьць. Людзі хамяць найперш таму, што не адчуваюць сябе абароненымі і ня любяць найперш нешта ў сабе. Хамства – дэманстрацыя саманянавісьці”.

Рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько некалі назваў менскі грамадзкі транспарт “перасоўнымі школамі нянавісьці”. Псыхолягі зьвяртаюць увагу на тое, што хамяць чужыя й некампэтэнтныя людзі, імкнучыся за чыйсьці кошт падкрэсьліць свой статус і падвысіць уласную значнасьць.

З хамствам у сфэры абслугоўваньня Таварыства па абароне правоў спажыўцоў прапануе змагацца з дапамогай Кнігі скаргаў і прапановаў, якая, паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, мусіць быць на кожным прадпрыемстве. Праўда, на мінулым тыдні аўтарка з калегам з “Gazety Wyborczej” абышлі паўтузіна крамаў і кавярняў. Нідзе кнігу не давалі пад рознымі адгаворкамі. У многіх краінах ёсьць адмысловыя сайты барацьбы з хамствам. Там друкуюцца чорныя сьпісы прадпрыемстваў, дзе кепскі сэрвіс.

Каб абараніць ад хамства ўласную прастору, не дапусьціць яго ў межы сваёй асобы, спэцыялісты радзяць толькі адно: падвышаць уласны ровень самалюбові і самапавагі. Тады чалавек нясхільны абражаць іншых і сам менш перажывае ад абразаў. Адказ на хамскія заўвагі павінен быць хуткі, цьвёрды, але не агрэсіўны. Кшталту “Вы мне хаміце. Прашу гэта спыніць”. Пры гэтым рэкамэндуецца глядзець чалавеку або ў вочы, або ў пераносьсе і не баяцца яго. Навучыцца гэтаму можна на псыхалягічных трэнінгах, якія так і завуцца “мастацтва канфлікту” або “мастацтва канфрантацыі”.

Адзначана, што ў адкрытых грамадзтвах, дзе канфлікты не гасяцца і не замоўчваюцца, хамства на парадак меней. Беларусам цяжка ўявіць, што ў Ангельшчыне, напрыклад, кіроўцы аўтобусаў выходзяць з кабіны і дапамагаюць інвалідам сесьці ў аўтобус, а адлегласьць паміж пасажырамі ў транспарце не павінна быць меншай за 30-40 см. Так ангельцы дэманструюць павагу да асабістай прасторы кожнага чалавека. На Захадзе не прынятыя любыя камэнтары адносна зьнешняга выгляду і паводзінаў чалавека, калі яны не выходзяць за рамкі прыстойнасьці. Нельга сказаць чалавеку пра ягоны ўзрост, а нават і намякнуць на яго. Барацьба з хамствам вядзецца і заканадаўчымі мэтадамі. Гэтак, у Шатляндыі, дзе пачасьціліся выпадкі пляваньня ў кіроўцаў грамадзкага транспарту, вадзіцелі аўтобусаў маюць спэцыяльны набор для вызначэньня ДНК чалавека па пляўку. Даказаўшы, што апляваў вас канкрэтны чалавек, падаеш на яго ў суд. Гэта датычыць і вулічных пляўкоў.

На Захадзе нізкія судовыя пошліны, таму кожны чалавек можа падаць у суд за абразу гонару й годнасьці. У Беларусі судовыя пошліны і паслугі адваката беспрэцэдэнтна высокія ў параўнаньні з прыбыткамі людзей.

У Ганконгу за пляваньне, лаянку і раскіданьне сьмецьця людзі плацяць 150 даляраў штрафу альбо на паўгода ідуць месьці вуліцы, у ЗША за публічную лаянку штраф можа сягаць 3 мільёны даляраў, калі знойдуцца пацярпелыя. Маскоўская мэрыя плянуе забараніць цалавацца, лаяцца, плявацца ў мэтро, крамах, кінатэатрах і на вуліцах ды ўвесьці вялікія штрафы і папраўчыя працы за гэта. У Сынгапуры штрафуюць ня толькі за пляваньне, але й за жаваньне гумкі. Штрафуюць за пляўкі ў далёкім Кітаі і блізкай Летуве. Ва Ўкраіне за нецэнзурную лаянку на вуліцы ўвялі штраф – 50 тыс. грыўняў. У Ліпецкай і Белгародзкай абласьцях Расеі штраф за публічны мат складае 1,5 тысячы расейскіх рублёў. У выніку штрафаваньня там вельмі ўзьняліся муніцыпальныя бюджэты.

У Менску ж на фоне чысьціні гораду адразу ж кідаецца ў вочы запляванасьць ходнікаў і мноства п’яных людзей ужо ў поўдзень.
XS
SM
MD
LG