Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва прымае Эўрапейскі Гуманітарны Ўнівэрсітэт, зачынены летась беларускімі уладамі.


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня у Вільні пачнецца дзьвухдзённая канфэрэнцыя, прысьвечаная інаўгурацыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту

Пра тое, што ЭГУ будзе дзейнічаць у Літве, паведаміў міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс у часе нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў краінаў Эўразьвязу у сярэдзіне красавіка сёлета. Валёніс акцэнтаваў тады неабходнасьць спрыяць пашырэньню эўрапейскіх каштоўнасьцяў і сувязяў для акадэмічнай супольнасьці суседняй краіны, -- паводле літоўскага міністра, роля ЭГУ у гэтым працэсе істотная і Літва гэтаму будзе спрыяць. Але ці пачнуцца увосень аўдыторныя заняткі ЭГУ, дакладна пакуль сказаць нельга, хаця адзін з Віленскіх унівэрсытэтаў – Унівэрсытэт Мікалая Рёмэра, прапаноўвае свае аўдыторыі.

На цяперашні момант, як патлумачыў прарэктар закрытага беларускім уладамі ЭГУ Уладзімер Дунаеў, у Літве зарэгістраваная грамадзкая установа “Э.Г.У. Міжнародны”, у ліку яе заснавальнікаў – шэраг эўрапейскіх унівэрсытэтаў, Амэрыканскія рады па міжнароднай адукацыі, украінскі фонд “Рэнесанс”. Гэтае грамадзкае аб''яднаньне і будзе апекавацца рэгістрацыяй унівэрсытэту з назвай “Эўрапейскі Гуманітарны Унівэрсытэт”.

(Дунаеў:) “Мы пачынаем гэты працэс зараз і на канфэрэнцыі 9 чэрвеня пра гэта і будзе абвешчана. І задача гэтай канфэрэнцыі – прадэманстраваць падтрымку эўрапейскую і амэрыканскую, падтрымку з боку літоўскай акадэмічнай супольнасьці і палітычных колаў гэтаму праекту.”

Многія літоўскія навукоўцы, вядучыя прадстаўнікі акадэмічнай супольнасьці Літвы далучыліся да справы унівэрсытэту, закрытага беларускімі уладамі. Чаму? Для нашага радыё гэта патлумачыў Лаўрас Белініс, вядомы палітоляг, галоўны рэдактар часопіса “Паліталёгія”, доктар сацыяльных навук, які выкладае у Інстытуце міжнародных дачыненьняў і палітычных навук пры Віленскім Унівэрсітэце і ачольвае створаную там установу “Беларускі Інстытут”:

(Белініс:) “Я думаю, што гэта на карысьць і літоўскай акадэмічнай супольнасьці, бо прымаючы структуру Эўрапейскага Гуманітарнага Унівэрсытэту, мы прымаем і яго выкладчыкаў, яны будуць тут жыць альбо часьцей бываць, працаваць, удзельнічаць у праектах, якія будуць злучаныя і зь Літвой. У акадэмічным сьвеце вельмі важна, каб навукоўцы як найчасьцей сустракаліся і камунікавалі, каб яны былі разам. У гэтым сэнсе для нас насамрэч ёсьць карысьць. Я разумею, што беларускі рэжым, магчыма, не хацеў бы, каб мы у Літве далі магчымасьць функцыянаваць “унівэрсытэту у выгнаньні”, закрытым у Беларусі. Але гэтаксама я разумею, што гэта (адкрыцьцё ЭГУ у Літве) карысна самой беларускай грамадзкасьці, бо тут будуць гадавацца кадры, якія вернуцца у Беларусь – калі не сёньня, дык пазьней, -- і гэта тыя людзі, якія прыдадуцца беларускай гаспадарцы і культуры. Важней за усё, каб Беларусь мела больш дыплямаваных, культурных людзей.”

Акадэмік Анатоль Міхайлаў — рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які быў зачынены беларускімі ўладамі і які цяпер зьяўляецца прэзыдэнтам грамадзкай установы “ЭГУ Міжнародны”, на сёньняшняй канфэрэнцыі прадставіць праект з такой назвай: “Э.Г.У. у выгнаньні” (“E.H.U. in Exile”). Я запыталася яго, ці ёсьць надзея на вяртаньне ЭГУ у Беларусь?

(Міхайлаў:) “Вядома, ёсьць. Нават пры пэўным пэсымізьме, які вынікае з маіх філязофскіх інтарэсаў, я цалкам упэўнены, што барацьба з інтэлектам – а зараз яна менавіта гэткай зьяўляецца, -- ніколі і ні для каго не была пераможнай. Мы рабілі усё, каб павялічыць інтэлект нашай краіны, каб у гэтым глябальным сьвеце спрыяць яе далучэньню да той прасторы, з якой мы павінны узаемадзейнічаць, а не канфрантаваць. Дзеля гэтага неабходны інтэлектуальны патэнцыял. Супрацьдзеяньне гэтаму абсурднае. Таму, хто распачаў гэта, наканаваная параза”.

Сёньня чакаюцца прывітальныя выступы прэзыдэнта Літвы Валдас Адамкус і , ад імя Эўрапейскай камісіі, Юдіт Гэбэтсройтнэр, сябры кабінэту эўракамісара Бэніты Фэрэры-Вальдзнэр. У канфэрэнцыі плянуецца удзел болей за сотню прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадзкіх інстытуцыяў з розных краінаў. У ліку выступоўцаў – літоўскі эўрапарлямантар, былы рэктар Віленскага унівэрсытэту Раландас Павілёніс, дзяржаўны сакратар Міністэрства адукацыі і навукі Літвы Дайнюс Нумгаўдзіс, прэзыдэнт Канфэрэнцыі унівэрсытэцкіх рэктараў і рэктар ковенскага унівэрсытэту Вітаўта Вялікага Вітаўтас Камінскас, прэзыдэнт незалежнага фонду МакАртура Джонатан Ф.Фэнтан. Свой удзел у канфэрэнцыі пацьвердзілі некалькі літоўскіх эўрапарлямантароў і чальцоў Сойму, амбасадары многіх эўрапейскіх краінаў у Беларусі і Літве, амбасадар ЗША у Беларусі Джордж Крол і амбасадар ЗША у Літве Дональд Мул.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG