Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача для слухачоў – "Настрой на Свабоду"


Сяргей Шупа, Прага Мы працягваем атрымваць нараканьні нашых слухачоў наконт якасьці прыёму нашых праграмаў. Каб разам з вамі палепшыць сытуацыю з прыёмам Радыё Свабода пачынае сэрыю спэцыяльных перадачаў – “Настрой на Свабоду”, прысьвечаных радыёпрыёму наагул і прыёму нашых праграмаў у прыватнасьці.

Сёньня мы пагаворым пра тое, як лепш слухаць нашыя праграмы на кароткіх хвалях.

Улічваючы эканамічную недаступнасьць заходніх прафэсійных ці паўпрафэсійных прыймачоў, найлепшымі ў нашых умовах надалей застаюцца старыя Акіяны, ВЭФы. Ленінграды і падобныя да іх прыймачы з расьцягнутымі дыяпазонамі кароткіх хваляў (25, 31, 41 і 49 мэтраў). Лепшыя, вядома, тыя, што могуць сілкавацца ад электрасеткі – ня трэба траціцца на батарэйкі. Вось жа, найперш трэба добра азнаёміцца з раскладам і частотамі нашых праграмаў – і паспрабаваць злавіць наш сыгнал на ўсіх частотах. (Падрабязны расклад я прадыктую праз хвіліну, можаце падрыхтаваць чым і на чым пісаць). Рэч у тым, што ў розны час на розных частотах якасьць прыёму розная – трэба для кожнай праграмы выбраць адну-дзьве лепшыя частаты і запомніць іх.

Вось некалькі дадатковы парадаў:

– вельмі пажадана зрабіць асобную антэну: трэба ўзяць 20-30 мэтраў тонкага медзянога дроту (накшталт абмоткі трансфарматараў) накруціць сьпіральлю, напр. на алоўку, і расьцягнуць пад стольлю (у драўляным, цагляным доме), або на бальконе ці за акном (у доме з жалезабэтонным зварным каркасам). Зачышчаны ад ізаляцыі канец антэны замацаваць у спэцыяльным антэнным гнязьдзе на задняй панэлі прыймача.

– прыймач разьмясьціць як мага далей ад тэлевізара, кампутара, лядоўні, пабытовых электрапрыладаў і пажадана бліжэй да вокнаў, радыятараў; часам мае сэнс паспрабаваць перанесьці прыймач у іншы пакой – наагул пашукаць месца ў доме, дзе чутнасьць найлепшая.

– праверыць прыём на ўсіх рабочых частотах і выбраць найлепшую для канкрэтнай гадзіны.

Вось наш расклад. Для тых, у каго шкала прыймача расьпісаная ў мэтрах, падаю таксама даўжыню хвалі ў мэтрах:

6.00-8.00 6170 кгц (48,62 м) 9635 кгц (31,14 м)

18.00-20.00 9725 кгц (30,85 м) 15215 кгц (19,72 м)

20.00-22.00 7195 кгц (41,70 м) 15480 кгц (19,38 м)

22.00-00.00 7115 кгц (42,16 м) 9750 кгц (30,77 м)

6.00-8.00, 18.00-00.00 612 кгц (490 м)

Завяршаючы перадачу, я зьвяртаюся да слухачоў з просьбай – напішыце, калі ласка, на якім прыймачы вы слухаеце нашыя праграмы (пры магчымасьці, калі ласка, назавеце дакладна марку прыймача, напрыклад, “Акіян-209” або “ВЭФ-202”), а таксама ці мае ваш прыймач дыяпазон кароткіх хваляў 19 мэтраў. Апрача гэтага запрашаю ўсіх больш тэхнічна дасьведчаных слухачоў дзяліцца сваімі парадамі і рэкамэндацыямі, якія б дапамаглі палепшыць прыём нашых праграмаў. Наш адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52. Адрасы электроннай пошты - belarus@rferl.org.

Чакаем вашых водгукаў і жадаем добрага прыёму.

***

Для інтэрнэт-наведнікаў нагадваем, што нас можна слухаць у інтэрнэце і нават праз сатэліт:

• Жывы эфір беларускай службы Радыё Свабода ў фармаце Real Audio або Windows Media

• Поўны аўдыё-архіў за любы дзень у фармаце Real Audio або Windows Media

• Устаноўкі для слуханьня беларускай праграмы Радыё Свабода праз сатэліт:

Спадарожнік HOTBIRD 3 13° на ўсход POLARIZATION: Vertical FREQ: 12.226 GHZ FEC: 3/4 SYMBOL RATE: 27.50 MS/s VIDEO & PCR PID: HB1-8:4260 HB9-28:4360 DATA RATE: 192 kbps ENCODING: MPEG2
XS
SM
MD
LG