Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Запрудзкі – новы старшыня Асацыяцыі беларусістаў, Адам Мальдзіс – ганаровы старшыня


Валянціна Аксак, Менск Абраньнем новага старшыні завяршыўся 8 чэрвеня ў Менску IV Міжнародны кангрэс беларусістаў. Ім стаў дактарант Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту мовазнаўца Сяргей Запрудзкі. Адзін зь ініцыятараў стварэньня Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў і нязьменны ейны кіраўнік цягам чатырнаццаці гадоў прафэсар Адам Мальдзіс абраны ганаровым старшынём. Ніякіх выніковых дакумэнтаў кангрэс не прыняў.

Дзякуючы ўдзельнікам кангрэсу за аказаны высокі гонар узначаліць Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, Сяргей Запрудзкі зазначыў, што галоўная мэта кангрэсу – захаваньне самой арганізацыі – дасягнутая:

(Запрудзкі:) “Я рады, што Міжнародная асацыяцыя беларусістаў працягвае жыць, працягвае існаваць. Я спадзяюся на добрыя вынікі ў будучыні”.

Ня маючы ніякае падтрымкі ад дзяржавы асацыяцыя ў апошні час апынулася на мяжы закрыцьця. Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра бліжэйшыя свае захады новы ейны старшыня спыніўся на праблемах, якія далёкія ад творчых і навуковых:

(Запрудзкі: ) “Перад намі стаяць арганізацыйныя і юрыдычныя праблемы, іх трэба пачынаць вырашаць, трэба навязаць кантакты з новаабраным камітэтам. Пра навуковыя задачы пакуль што складана гаварыць – гэта больш далёкая пэрспэктыва”.

У новага старшыні будзе ў вырашэньні гэтых праблемаў шэсьць памочнікаў. Менавіта столькі кангрэс абраў намесьнікаў – па адным у кожным з актыўных беларусазнаўчых рэгіёнаў сьвету. Маскоўскі намесьнік загадчык Цэнтру беларускай культуры Інстытуту славяназнаўства Расейскае акадэміі навук Юры Лабынцаў у ацэнцы вынікаў кангрэсу быў ляканічны.

(Лабынцаў: ) “Ну… някепскія”.

Нягледзячы на тое, што многія з замежных актыўных дасьледчыкаў беларушчыны на кангрэс не прыехалі, іхныя калегі тут лічаць, што гэтая двухдзённая сустрэча дадала ім аптымізму і веры ў будучыню нацыянальнае навукі і культуры. Гаворыць прафэсар Беларускага інстытуту правазнаўства ў Горадні Аляксандар Смалянчук:

(Смалянчук: ) “Адбылася сустрэча, адбыліся размовы, адбыліся кантакты вельмі важныя. Сам па сабе гэты факт ня толькі спрыяе разьвіцьцю беларусістыкі ва ўсім сьвеце, але і пераадольвае тую ізаляцыю, у якой Беларусь апынулася, дакладней, самаізаляцыю. Фактар вельмі важны для сучаснай Беларусі. Відаць, што мы не адны, што ёсьць шмат людзей, прадстаўнікоў інтэлігенцыі розных краін, якія зацікаўлены ў кантактах з намі, якія гатовы нас падтрымліваць і супрацоўнічаць зь Беларусьсю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG