Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці мог судзьдзя Ясіновіч апраўдаць Статкевіча і Севярынца?


Любоў Лунёва, Менск Стала дзейная нарада дэмакратычных сілаў зьбіраецца ініцыяваць забарону ўезду ў краіны Эўразьвязу судзьдзям і супрацоўнікам пракуратуры, якія ўдзельнічалі ў палітычных справах і каралі дэманстрантаў як парушальнікаў правапарадку, а актывістаў апазыцыі — як крымінальных злачынцаў. Першым у "чорны сьпіс" патрапіў судзьдзя Ясіновіч.

У “чорны сьпіс” судзьдзя Цэнтральнага суду Леанід Ясіновіч трапіў за тое, што асудзіў Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча за арганізацыю дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Дзяржаўным абвінаваўцам у працэсе быў памочнік пракурора Цэнтральнага раёну Вадзім Пазьняк. У гэтай якасьці ён выступае і ў судзе над Андрэем Клімавым. У абодвух працэсах справу ў суд накіроўвала Менская гарадзкая пракуратура. Свае подпісы на крымінальных справах ставілі намесьнікі гарадзкога пракурора.

Леанід Ясіновіч два гады таму ўжо ўдзельнічаў у справах, зьвязаных з акцыямі пратэсту апазыцыі. Ён разглядаў адміністрацыйныя пратаколы на двух маладафронтаўцаў за несанкцыянаваны пікет і арыштаваў хлопцаў на 15 сутак. У гэтым выпадку ён кіраваўся артыкулам Адміністрацыйнага кодэксу, і перад ім была адна задача: высьветліць, ці быў склад правапарушэньня. Было некалькі выпадкаў, калі судзьдзі спынялі такія справы.

Што да крымінальных справаў, то статыстыка сьведчыць, што апраўдальны прысуд у іх — надзвычай рэдкае здарэньне. У Менску за апошнія тры гады было толькі тры такіх выпадкі — па адным у Заводзкім, Першамайскім і Савецкім райсудах.

У палітычна матываваных крымінальных справах такога судовага прэцэдэнту яшчэ не было.

Леанід Ясіновіч, калі даведаўся аб тым, што можа трапіць у сьпіс “невыязных” чыноўнікаў, так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Ясіновіч: ) “Я разглядаю такія дзеяньні Эўразьвязу як ціск на судзейскі корпус, на ўсе тыя справы, якія, магчыма, яшчэ будуць разглядаць судзьдзі, каб зарыентаваць іх на прыняцьцё няправільнага рашэньня. Сапраўды, судзьдзі прызначаюцца прэзыдэнтам, але ён ня ўмешваецца ў судовую дзейнасьць судзьдзяў і не дае ніякіх указаньняў. Судзьдзі падпарадкоўваюцца і кіруюцца законам, які існуе ў дзяржаве. “Тэлефоннага права” быць ня можа, гэта папросту выключана. Калі я выносіў прысуд у справе Статкевіча і Севярынца, я кіраваўся законам. Я высьветліў, што ў іх дзеяньнях было парушэньне закону. Яны не атрымалі дазволу на правядзеньне мітынгу і дэманстрацыі. У зьвязку з гэтым іх дзеяньні былі прызнаныя незаконнымі”.

Гаворыць сябра стала дзейнай нарады Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Ня дзейнічае Канстытуцыя, прэзумпцыя невінаватасьці. Тое, што кажа сам судзьдзя, сьведчыць на тое, што ён даводзіць артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу. Судзілі і Статкевіча і Севярынца менавіта паводле Крымінальнага кодэксу. Словы судзьдзі сьведчаць на тое, што ён вынес не судова-прававое рашэньне, а рашэньне, якое было сказана з адміністрацыі”.

Натальля Бізук некалькі гадоў у часы перабудовы працавала памочнікам пракурора аднаго з раёнаў Менску. Часам яна адмаўлялася ад абвінавачаньня ў судзе, калі выступала ў якасьці дзяржаўнага абвінаваўцы.

(Бізук: ) “За маю сямігадовую практыку былі выпадкі, калі пракурор адмаўляўся падтрымліваць дзяржаўнае абвінавачаньне. Гэта заўсёды было надзвычайнае здарэньне. Вялося службовае расьсьледаваньне. Гэта кепска адбівалася на статыстыцы, якую вялі сьледчыя органы. Я думаю, што цяпер тыя судзьдзі і пракуроры, якія пасьмеюць адмовіцца ад падтрыманьня дзяржаўнага абвінавачаньня ў палітычных справах, будуць звольненыя з працы”.

Юрысты сьцьвярджаюць, што судзьдзя ня можа адмовіцца разглядаць палітычна матываваную крымінальную справу, якую яму даручае старшыня суду. У прыватных размовах яны кажуць, што ў судзьдзі ёсьць два выйсьці — спыніць справу ў часе разгляду і звольніцца з працы. У першым выпадку яго ўсё роўна звольняць, але ён ужо ніколі не ўладкуецца на працу па сваёй спэцыяльнасьці. У другім — паводле пастановы Савету міністраў, ён цягам пяці гадоў ня мае права здаць экзамэн на адвакацкую ліцэнзію, а таксама ўладкавацца на працу юрыстам у недзяржаўным сектары.

Судзьдзя Леанід Ясіновіч праз чатыры дні пасьля вынясеньня прысуду ў палітычнай справе Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца спыніў крымінальную справу і апраўдаў чалавека, які год правёў за кратамі сьледчага ізалятара паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве. У гэтай справе ніякіх непажаданых наступстваў да судзьдзі, які прынцыпова паставіўся да разгляду справы, не было.

***

Адмысловы дакладчык камісіі ААН у правох чалавека Адрыян Сэвэрын выступіў сёньня з асуджэньнем прысуду, вынесенага Паўлу Севярынцу і Мікалаю Статкевічу. Спадар Севярын выказаў глыбокую занепакоенасьць лёсам іншых палітзьняволеных у Беларусі і заклікаў урад краіны "забясьпечыць іхныя правы на свабоду думкі і выказваньня" ў адпаведнасьці з Усеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека.

Гл. таксама • • АБСЭ, Эўразьвяз, ЗША рэзка асуджаюць беларускія ўлады ў справе М.Статкевіча і П.Севярынца • Нямецкі ХДС асуджае беларускія ўлады ў зьвязку з прысудам Статкевічу і Севярынцу • Беларусы ў Брусэлі пратэстуюць супраць прысуду Статкевічу і Севярынцу (фота) • Прысуд М.Статкевічу і П.Севярынцу камэнтуюць палітыкі і праваабаронцы • Суд абвясьціў прысуд – па тры гады "хіміі"
XS
SM
MD
LG