Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца канфлікт на факультэце журналістыкі БДУ


Ігар Карней, Менск Студэнты просяць рэктара БДУ і міністра адукацыі “праэкзамэнаваць” дэкана факультэта журналістыкі: 8 чэрвеня студэнткі завочнага аддзяленьня журфаку БДУ Алена Андрэева і Ганна Кавалёва перадалі рэктару гэтай навучальнай установы Васілю Стражаву і міністру адукацыі Аляксандру Радзькову скаргу на дзеяньні дэкана журфаку Сяргея Дубовіка. Тыдзень таму дэкан адмовіўся прымаць у навучэнак залік на той падставе, што, маўляў, яны “маральна не гатовыя” здаваць прадмет. Самі студэнткі перакананыя, што такім чынам ён адпомсьціў за ініцыяваную імі кампанію збору подпісаў у справе аднаўленьня на факультэце іхнай аднакурсьніцы і журналісткі “Народнай волі” Вольгі Класкоўскай. За супрацьстаяньнем сочыць наш карэспандэнт.

У заяве на імя рэктара БДУ Васіля Стражава і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова студэнткі пішуць, што дзеяньні дэкана факультэта журналістыкі Сяргея Дубовіка “неправамоцныя, парушаюць правы студэнтаў і пагражаюць стратаю магчымасьці атрымаць вышэйшую адукацыю”. Абедзьве падпісанткі лічаць, што іхная грамадзкая актыўнасьць не павінна стаць падставай да дыскрымінацыйных захадаў з боку кіраўніцтва факультэта.

У Алены Андрэевай раней ужо былі некалькі размоваў з дэканам і ягонымі намесьніцамі, і студэнтка перакананая: у кіраўніцтва журфаку ёсьць вялікае жаданьне ад такіх “актывістаў” у далейшым пазбаўляцца.

(Андрэева: ) “Яны сказалі, што я прыношу на факультэт толькі палітыку: учора была ў кашулі “Украіна”, сёньня з выявай Марыніча. Гэта, маўляў, палітызацыя, якой ва ўнівэрсытэце не павінна быць.

Я запярэчыла: палітыку на факультэт прыносяць самі выкладчыкі, якія на першай лекцыі першага курсу па асновах журналістыкі пачынаюць казаць, што ў краіне ёсьць дзяржаўныя і апазыцыйныя СМІ. І якраз гэта зьяўляецца першай прыкметай таго, на колькі палітызаваны факультэт. З гэтым яны не пагадзіліся, і мы разышліся кожны пры сваім.

Праўда, дадалі, што я навяла паклёп на факультэт, і за любую хлусьню магу быць адлічаная – хлусьню ва ўнівэрсытэце не вітаюць”.

Яшчэ 31 траўня студэнты 3-га курсу журфаку перадалі Сяргею Дубовіку заяву ў зьвязку з адлічэньнем журналісткі газэты “Народная воля” Вольгі Класкоўскай.

Падпісанты перакананыя, што сапраўднай прычынай сталася праца Класкоўскай у недзяржаўным выданьні. Аднак, паводле Дубовіка, Класкоўская зусім лягічна “разьлічылася” за свае “хвасты” і была адлічаная з фармулёўкай “акадэмічная непасьпяховасьць”.

Вось як камэнтуе канфліктную сытуацыю сам дэкан журфаку Сяргей Дубовік.

(Дубовік: ) “Што тычыцца Андрэевай, то мы зь ёй дзесьці гадзіну сядзелі, размаўлялі. Але гляджу, ёй хоць кол на галаве тачы, яна нічога не разумее. Толькі адно на языку: у гэтай краіне нельга вучыцца, тут нельга працаваць, у нас няма ніякіх СМІ, ёсьць толькі прапаганда і контарпрапаганда. Вось уся пазыцыя гэтай студэнткі. Я разумею, што ёй нічога і не застаецца рабіць, бо ўсе гэтыя падпісанты, якія падпісаліся пад заявай, зараз кажуць, што яна іх падманула. Яны ж ня ў курсе справаў, перш за ўсё, па Класкоўскай. А Класкоўская ў гэтай гісторыі толькі “нагода”.

Як апавяла Алена Андрэева, ініцыятарка збору подпісаў за аднаўленьне на журфаку Вольгі Класкоўскай, пасьля выклікаў у дэканат сапраўды шасцёра з 13 студэнтаў адклікалі свае подпісы. Якія мэтады “ушчуваньня” студэнтаў ужываў кіраўнік факультэту, як кажа Андрэева, можна толькі здагадвацца.

Між тым, у сёньняшняй заяве міністру адукацыі Аляксандру Радзькову і рэктару БДУ Васілю Стражаву студэнткі-трэцякурсьніцы Алена Андрэева і Ганна Кавалёва просяць дасканала праверыць усе спрэчныя факты і зрабіць адпаведныя захады на аднаўленьне правоў студэнтаў дзеля атрыманьня вышэйшай адукацыі.

Разам з тым, нагадаем, што сёньня стала вядома пра існаваньне загаду з пазнакай “для службовага карыстаньня” “Пра захады па недапушчэньні ўцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага кшталту”, падпісанага міністрам адукацыі Радзьковым. Дакумэнт, у прыватнасьці, вызначае асабістую адказнасьць кіраўнікоў органаў і ўстановаў адукацыі за ўдзел навучэнцаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах. У дадзенай сытуацыі атрымліваецца, што якраз дэкан журфаку Дубовік пэрсанальна адказвае за сваіх “палітызаваных студэнтаў”.

Гл. таксама • "Вясна" папярэджвае рэктараў і міністэрства адукацыі • За удзел у апазыцыйных акцыях цяпер будуць выключаць з ВНУ на законных падставах
XS
SM
MD
LG