Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі дэпутат хоча ўключыць Абхазію ў склад Беларусі


Ул.інф. Абхаская праблема можа быць вырашана шляхам уваходжаньня гэтай рэспублікі ў склад Беларусі. Такую думку выказаў першы намесьнік старшыні камітэта у справах СНД і сувязях з суайчыньнікамі Дзяржаўнай думы Расеі Ахмед Білалаў у інтэрвію "Независимой газете".

Паводле Білалава "калі з грузінскага боку наагул будуць адсутнічаць любыя намеры пазытыўна вырашаць абхаскую праблему, можна знайсьці розныя варыянты "асімэтрычных" адказаў. Напрыклад, Абхазія можа ўвайсьці ў склад Беларусі".

Дэпутат Дзярждумы патлумачыў сваю прапанову тым, што "Беларусь аб''яднаная з Расеяй Саюзнай дзяржавай. Такім чынам, расійскія грамадзяне, якія пражываюць у Абхазіі, будуць адчуваць сябе абароненымі, а Масква пазьбегне чарговых абвінавачаньняў у імпэрскіх амбіцыях" – заявіў Ахмед Білалаў.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін назваў гэтыя выказваньні "асабістым меркаваньнем дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі”.

Варта нагадаць, што ў траўні група дэпутатаў палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі на чале са сьпікерам Ўладзімірам Канаплёвым наведала Абхазію з неафіцыйным візытам, прайшла сустрэча беларускіх гасьцей з кіраўніцтвам парлямэнту гэтай сэпаратысцкай аўтаноміі.

Візыт беларускіх прадстаўнікоў выклікаў тады рэзкую рэакцыю сьпікера грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзэ, а Ўладзімер Канаплёў апраўдваўся, заяўляючы, што гэта была выключна турыстычная паездка.
XS
SM
MD
LG