Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры супрацоўнікі “Беларуськалію” судзяцца з “Народнай Воляй” (абноўлены)


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску адбыліся судовыя слуханьні з пазоваў чатырох супрацоўнікаў салігорскага прадпрыемства “Беларуськалій”, якія патрабуюць ад газэты “Народная Воля” абвергнуць інфармацыю пра тое, што яны падпісаліся пад зваротам аб стварэньні руху “Воля народу” і патрабуюць кожны 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.

Амаль усе пазоўнікі пачыналі свае выступленьні ў судовай залі з заяваў пра падтрымку дзейнага прэзыдэнта. Гаворыць Павал Жышкевіч:

(Жышкевіч: ) “Мяне задавальняе усё. Мая работа. Мой заробак. Я падтрымліваю палітыку нашага прэзыдэнта. З той прычыны, што мяне апублікавалі ў гэтай газэце, у мяне пачаліся праблемы з калегамі па рабоце, у сям’і, зь сябрамі. Я лічу, што гэта заслужаная сума кампэнсацыі за тое, што я ужо два месяцы перажываю. Адны думкі толькі аб гэтым”.

(Судзьдзя: ) “Аб 50 мільёнах?”

(Жышкевіч: ) “Не. Не аб мільёнах, а аб судзе, аб разьбіральніцтве”.

Тым ня менш, пазьней у часе судовых слуханьняў Павал Жышкевіч прызнаў, што ён усё ж паставіў свой подпіс пад зваротам, але пад іншым прозьвішчам. 22-гадовы супрацоўнік “Беларуськалію” Сяргей Катовіч заявіў у судзе, што яго палітычныя погляды былі скампрамэтаваныя.

(Катовіч: ) “Я актыўна падтрымліваю прэзыдэнта. Я сябар БРСМ”.

Спадар Катовіч паведаміў, што ён стаіць у чарзе на кватэру, і непакоіцца, што ягоны подпіс можа нэгатыўным чынам паўплываць на атрыманьне кватэры. Дадам, што 16 траўня ў інтэрвію Радыё Свабода Сяргей Катовіч заявіў, што яго выклікалі да дырэктара, і ён ледзь не згубіў працу пасьля апублікаваньня ягонага подпіса. І Сяргей Катовіч, і Павал Жышкевіч прызналі ў судзе, што не чыталі самога звароту “Волі народу”, але лічаць, што публікацыя іхных подпісаў абражае іх гонар і годнасьць.

Апэратарка Ніна Грэчыц заявіла ў судзе, што публікацыя ў газэце нэгатыўным чынам адбілася на яе здароўі і эмацыйным стане.

(Грэчыц: ) “Я даведалася, што зьяўляюся нібыта прыхільніцай грамадзкага руху “Воля народу”. Публікацыя нанесла маральныя страты. Яна падарвала маё здароўе. У мяне увесь час “скоча” ціск. Бязь лекаў не выходжу з дому. Я не хацела хадзіць на працу, не магла выйсьці з дому. Сьпярша гэта быў нейкі шок”.

Загадчыца дзіцячага садку “Беларуськалію” Ніна Фралова гэтаксама казала пра глыбокія перажываньні і нэгатыўныя наступствы для здароўя.

(Фралова: ) “Я хачу заявіць з поўнай адказнасьцю, што ніякіх лістоў я не падпісвала, ніякіх рухаў я не падтрымліваю, ні ў якія групы не уступала, нікому не давала свайго прозьвішча для выкарыстаньня ў гэтых лістах”.

Ініцыятары руху “Воля народу” перадалі ў рэдакцыю 300 подпісаў супрацоўнікаў “Беларуськалію” і запэўнілі галоўнага рэдактара, што яны сапраўдныя. Памочнік каардынатара грамадзянскай ініцыятывы “Воля народу” Мікалай Карташоў патлумачыў у судзе зьяўленьне несапраўдных подпісаў нядобрасумленным стаўленьнем да справы некаторых зборшчыкаў подпісаў і правакацыямі. Галоўны рэдактар газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч зьвярнуўся да пазоўнікаў з прапановай надрукаваць абвяржэньне ў газэце з тым, каб яны зьнялі свае фінансавыя патрабаваньні, але пазоўнікі адмовіліся.

А вось меркаваньне прадстаўніка “Народнай Волі” ў судзе ад грамадзкасьці намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца.

(Бастунец: ) “У адпаведнасьці з заканадаўствам, для кампэнсацыі маральных стратаў неабходна, каб былі распаўсюджаныя ганебныя зьвесткі пра гэтых асобаў, чаго ў дадзеным выпадку не было. І другое. Мы упэўненыя ў тым, што гэтыя маральныя страты, якія, магчыма, і панесьлі некаторыя пазоўнікі, былі выкліканыя дзеяньнямі адміністрацыі прадпрыемства, а не публікацыяй у “Народнай Волі”.

Андрэй Бастунец зьвяртае увагу на тое, што усе пазовы былі напісаныя ў адзін дзень і паводле аднаго узору, нягледзячы на тое, што пазоўнікі працуюць у розных структурах “Беларуськалію”. Абвяшчэньне прысуду ў гэтых справах адбудзецца заўтра а 10 гадзіне раніцы.
XS
SM
MD
LG