Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль палова беларусаў выступае за ўступленьне Беларусі ў Эўрапейскі зьвяз


Алесь Дашчынскі, Менск Пра гэта сьведчаць вынікі чарговага нацыянальнага апытаньня грамадзкай думкі, якія сёньня прэзэнтаваў у новым статусе Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Закрыты беларускімі ўладамі ў красавіку гэтага году Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў сёньня прэзэнтаваў сябе ў амбасадзе Літвы ў Менску ў якасьці літоўскай грамадзкай установы. Прычым захаваная ня толькі назва гэтай арганізацыі, але і яе статут ды мэты дзейнасьці. Паводле дырэктара інстытуту прафэсара Алега Манаева, адсутнасьць унутранага легальнага статусу пакуль не зьяўляецца прамой перашкодай для дзейнасьці.

(Манаеў: ) “Калі пачаліся новыя хвалі ціску на наш інстытут у сувязі з рэфэрэндумам, было ясна, што беларускія ўлады яго ліквідуюць. Мы пачалі шукаць магчымасьці працаваць тут у легальным статусе, паколькі мы прадстаўляем навуку. Аднак было ясна, што атрымаць легальны статус у Беларусі будзе немагчыма. Тады мы пачалі глядзець на нашых суседзяў, і асабліва эфэктыўныя і прафэсійныя адносіны ў нас склаліся зь літоўскімі калегамі. Да таго ж быў ужо прэцэдэнт — зачынены ўладамі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт зарэгістраваўся такім жа чынам у Літве. Мы апынуліся другімі. На жаль, вельмі важныя для беларускага грамадзтва арганізацыі дзеля працягу сваёй важнай місіі вымушаныя цяпер рэгістравацца ў Літве”.

Прафэсар Манаеў спадзяецца, што інстытут зможа працаваць далей у сваім новым статусе, хаця ў Беларусі гэтага ніхто ня можа гарантаваць.

Сёньня спадар Манаеў з калегамі прэзэнтаваў вынікі новага травеньскага сацапытаньня, праведзенага ў Беларусі пры судзеяньні НІСЭПД і фонду “Понціс”. Паводле апытаньня, рэйтынг кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі склаў 41,7%. Тлумачыць Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “У прынцыпе, рэйтынг кіраўніка краіны працягвае заставацца на адносна высокім роўні, але калі параўноўваць яго з рэйтынгам адразу пасьля рэфэрэндуму, то ён зьніжаецца. Такая натуральная дынаміка адбываецца і цяпер, бо тая накачка рознымі рэсурсамі — фінансавымі, эканамічнымі, палітычнымі, інфармацыйнымі і гэтак далей, яна працягвае ўтрымліваць гэты рэйтынг, але яна не ўсемагутная”.

Фактычна рэйтынг Лукашэнкі ўпаў за мінулыя паўгоду на 6%. Больш за 40% апытаных ня вераць, што прэзыдэнцкія выбары будуць свабоднымі і справядлівымі. Дарэчы, павялічваецца колькасьць выбарнікаў, якія лічаць, што афіцыйныя вынікі апошніх рэфэрэндуму і выбараў не адпавядаюць рэальным вынікам. Каля 40% не пагаджаюцца, што цяперашні курс у Беларусі правільны, і мяркуюць, што ён мусіць мяняцца.

Яшчэ адна выснова незалежных сацыёлягаў закранае пытаньне таго, да якіх пераменаў можа прывесьці перамога на выбарах не Лукашэнкі, а іншага кандыдата. У выпадку паразы Лукашэнкі амаль чвэрць апытаных чакаюць паляпшэньня ў адносінах з Эўрапейскім Зьвязам, падвышэньня ўзроўню дэмакратыі, паляпшэньня пэрспэктываў моладзі і гэтак далей. Паводле прафэсара Манаева, гэта, бадай, адзін з самых важных вынікаў праведзенага апытаньня. Нарэшце, амаль палова беларусаў, больш за 47%, з рознай ступеньню ўпэўненасьці выступае за ўступленьне Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз.

15 красавіка Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкай арганізацыі “Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў” (НІСЭПД), утворанай яшчэ ў 1992 годзе. Кіраўнікі інстытуту назвалі гэтае рашэньне “неправавым і палітычна матываваным”.
XS
SM
MD
LG