Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі па-ранейшаму супраць падатку на даданую вартасьць (фота)


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія бізнэсоўцыі лічаць непрымальнымі новыя ўмовы іх дзейнасьці, якія ўступяць у сілу з 1 ліпеня. Такая выснова была зроблена актывістамі прадпрымальніцкага руху на нарадзе, якая адбылася 8 чэрвеня ў Менску.

У нарадзе бралі ўдзел лідэры бізнэсоўцаў Менску, Віцебску, Берасьця, Баранавічаў, Рэчыцы і іншых рэгіёнаў. 1 ліпеня для дробнага бізнэсу завяршаецца пераходны пэрыяд, вызначаны сакавіцкім указам Аляксандра Лукашэнкі. Згаданы ўказ быў выдадзены ў сакавіку ў сувязі з масавымі пратэстамі прадпрымальнікаў супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць. Лукашэнка адтэрмінаваў уплату гэтага падатку да пачатку наступнага месяца. Было паабяцана, што яго захаваньне будзе кампэнсавана гандлярам іншымі выгодамі, у прыватнасьці зьніжэньнем арэнднай платы.

Насамрэч, прадпрымальнікі, як прагучала на нарадзе, не адчулі палёгкі. Вось, у прыватнасьці, што паведаміла лідэрка прадпрымальнікаў Слуцку Сафія Міцяшова:

(Міцяшова: ) “Яны нам нібыта пайшлі насустрач. Але за гэтым крокам адчуваецца капкан. Мы зь імі сядзем. Перамовімся, але наперадзе 1 ліпеня. Мы ня мусім ісьці ні на якія ўплаты ПДВ”.

Як паведаміў на нарадзе лідэр прадпрымальнікаў Барысава Віктар Гарбачоў, на тутэйшых гандляроў тут таксама моцна ціснуць:

(Гарбачоў: ) “Начальнік падатковай інспэкцыі пытаецца ў нас: “Які падатак вы ў стане плаціць? Дайце нам зьвесткі”. І яны ходзяць і кажуць: “Заплаціце хаця б 20 тысяч ці 80 тысяч рублёў ПДВ”.

Аднак, паводле спадара Гарбачова, у барысаўскіх гандляроў няма дадатковых даходаў, зь якіх можна было б плаціць падатак на даданую вартасьць. Як прагучала на нарадзе, калі ўплата гэтага падатку будзе з 1 ліпеня захаваная, то больш як палова гандляроў мусяць спыніць прадпрымальніцкую справу. Таму ўдзельнікі нарады вырашылі яшчэ раз зьвярнуцца да Лукашэнкі і яго падначаленых з ініцыятывай адмены падатку. У гэтым звароце канстатуецца, што з моманту сакавіцкай сустрэчы Лукашэнкі і прадпрымальнікаў ніякага паляпшэньня ў дзейнасьці прадпрымальнікаў не адбылося. Апроч гэтага, паводле лідэра прадпрымальнікаў Рэчыцы Леаніда Невара, у дакумэнце гаворыцца:

(Невар: ) “Пададзеныя намі прапановы не былі ўлічаны органамі ўлады. Незадавальненьне людзей расьце. І ў сувязі з гэтым з 1 ліпеня могуць пачацца акцыі пратэсту”.



З удзельнікамі нарады сустрэўся лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён заклікаў бізнэсоўцаў да актыўнага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі, паколькі, паводле ягоных словаў, палітычныя зьмены ў краіне магчымыя толькі ў выніку супольных дзеяньняў.

(Лябедзька: ) “Усё залежыць ад нас. Бо гэта тая сытуацыя, калі адна асоба ці адна структура нічога не вырашае. Мы на выбары не арыентуемся. Сёньня мы гаворым, што наша галоўная задача — мабілізацыя. Першае — актывістаў. Людзей актыўных, з палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, проста неабыякавых людзей. Другі ўзровень мабілізацыі — гэта тыя прыхільнікі пераменаў, якіх некалькі мільёнаў па Беларусі. І нам вельмі важна правесьці зь імі мабілізацыйную працу, у тым ліку праз працу “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, каб яны прыйшлі і прагаласавалі за адзінага кандыдата”.
XS
SM
MD
LG