Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буйныя кампаніі і беларуская мова: МТС зрабіла новы крок да беларусізацыі


Севярын Квяткоўскі, Менск На просьбу грамадзянаў MTС стварыла беларускамоўную вэрсію сваёй інтэрнэт-старонкі. У Беларусі павялічваецца колькасьць фірмаў, якія рэклямуюць сваю прадукцыю па-беларуску, — збольшага гэта прадстаўніцтвы замежных карпарацыяў.

Кампанію за беларусізацыю апэратараў мабільнай сувязі ладзяць сябры моладзевай ініцыятывы “Вока” і Таварыства беларускай мовы (ТБМ). Дырэктар па маркетынгу МТС Дзьмітры Ліхута ў часе адной з прэс-канфэрэнцыяў наступным чынам ахаракатаразаваў сытуацыю зь беларускай мовай у кампаніі:

(Ліхута: ) “Сапраўды, мы атрымалі цэлы шэраг зваротаў, і нашых абанэнтаў, і проста грамадзянаў (якія пэўна разважаюць, ці далучыцца да сеткі МТС) з просьбай зрабіць нашыя паслугі, інфармацыю кампаніі даступнымі на беларускай мове. Вядома, яны гэта атрымаюць”.

Ані MTС, ані іншы буйны апэратар мабільнай сувязі ў Беларусі — кампанія “Velcom” — дагэтуль ня маюць беларускамоўных вэрсіяў сыстэмы АССА: аўтаматычнай службы сэрвісу абанэнтаў. У МТС спасылаюцца на дарагоўлю сыстэмы і невялікі зварот з боку грамадзянаў.

На думку намесьніка старшыні ТБМ Сяргея Кручкова, “Velcom” пакуль больш адкрыты:

(Кручкоў:) “У нас ліст ад “Velcom’а” ёсьць. Яны напісалі так, што калі будуць масавыя звароты, яны гэта зробяць, яны зробяць сваім коштам гэта ўсё”.

Цяпер ТБМ рыхтуецца да збору подпісаў да “Velcom”.

Тым часам многія кампаніі ўжо зразумелі, што беларуская мова можа даць прыбытак. Так карэйская кампанія “Samsung” прынцыпова дае рэкляму па-беларуску:

(Кручкоў: ) “Прыкладам, “Samsung” не хаваў таго, што пераход на беларускую мову прынёс пэўнае павелічэньне продажу на беларускім рынку сотавых тэлефонаў. Амаль на пяць працэнтаў узрос іх сэгмэнт рынку”.

Сярод фірмаў, што пачалі з той ці іншай актыўнасьцю прапаноўваць свае тавары і паслугі па-беларуску, можна таксама назваць “Nescafe”, “Indesit”, “Velcom”, “Sniezka”, “Renault”, “Adidas” ды іншыя.

Музыкант і ды-джэй Аляксандар Памідораў — той артыст, чый голас часьцяком гучыць у рэклямных роліках ад пачатку 1990-х. На думку Аляксандра Памідорава, пік актыўнасьці беларускамоўнай рэклямы прыпадае на 1995—1997 гады. Час ад 1998 да пачатку 2000-х Аляксандар Памідораў лічыць неспрыяльным:

(Памідораў: ) “Пачаўся ўціск капіталу, праблемы палітычныя, эканамічныя. Шмат каму стала нявыгадна рабіць сабе рэкляму, адпаведна сышлі заказчыкі”.

Пэрспэктыву Сяргей Кручкоў ацэньвае вельмі пазытыўна:

(Кручкоў: ) “Тут два фактары. Па-першае, у рэклямным бізнэсе зьявіліся сьвядомыя людзі. А другое, гэта зьмена стаўленьня фірмаў, якія выходзяць на наш рынак”.

Сяргей Кручкоў зазначае, што і беларускія вытворцы зьвяртаюцца ў ТБМ. Але ня ў зьвязку з рэклямай, а па дапамогу ў правільным напісаньні беларускіх тэкстаў на прадукцыі.
XS
SM
MD
LG