Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восьмы дзень галадуе Леванеўскі ў Івацэвіцкай калёніі


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Івацэвіцкай калёніі восьмы дзень галадуе лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. За гэты час у сям’ю ад не прыйшло ніводнага ліста.

Перад пачаткам галадоўкі падчас спатканьня з сынам Валер Леванеўскі абяцаў падрабязна інфармаваць сям’ю пра тое, што зь ім будзе адбывацца. Але толькі 7 чэрвеня сям’я атрымала зьвесткі з калёніі пра Валера Леванеўскага — не зь ліста, а ад былога ягонага сукамэрніка, які выйшаў на волю. Пра размову з былым вязьнем Івацэвіцкай калёніі распавёў Радыё Свабода Ўладзімір Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Учора нам званіў чалавек, які па амністыі выйшаў з калёніі, дзе сядзіць мой бацька, і сказаў, што ягоная галадоўка працягваецца. Ён працягвае настойваць на сваіх патрабаваньнях. Амаль усе вязьні калёніі яго падтрымліваюць. Яны разумеюць, што ён змагаецца ня толькі за свае правы, але і за правы ўсіх вязьняў, і таму падтрымліваюць яго, як могуць”.

Нагадаю, Валер Леванеўскі патрабуе адстаўкі кіраўніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Уладзімера Коўчура, якога ён абвінавачвае ў невыкананьні інструкцыяў і законаў.

Чаму лісты Валера Леванеўскага пра галадоўку не даходзяць да сям’і, сын вязьня ня ведае. Аднак Уладзімер не выключае, што гэта адбываецца невыпадкова. “Магчыма, у адміністрацыі баяцца зьвестак пра галадоўку, бо яна дэманструе, што ня ўсё гэтак добра, як яны кажуць пра калёніі”, — сказаў Уладзімер Леванеўскі. Паводле яго, апошні ліст ад бацькі быў напісаны 26 траўня. У гэтым лісьце Валер Леванеўскі паведаміў, што размаўляў з пракурорам і атрымаў абяцаньне, што ягоныя скаргі ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў будуць дасылацца ў нераскрытых капэртах. Раней ён пратэставаў супраць таго, што ягоныя скаргі цэнзуруе адміністрацыя калёніі.

Прыходзяць супярэчлівыя зьвесткі пра тое, у якім памяшканьні калёніі цяпер знаходзіцца Валер Леванеўскі. 6 чэрвеня начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімер Коўчур сказаў, што Валер Леванеўскі знаходзіцца ў мэдычнай частцы калёніі. Між тым, калі сын Леванеўскага 8 чэрвеня патэлефанаваў у калёнію, яму сказалі, што ў мэдычнай частцы ягонага бацькі ўжо няма. Мае спробы высьветліць гэта наўпрост у калёніі выніку не далі. Супрацоўніца калёніі толькі запэўніла, што “зь Леванеўскім усё добра”.

(Супрацоўніца калёніі: ) “ Альбо яго там няма, альбо ён там, я ня ведаю. Я ведаю адно, што ў яго ўсё добра, я высьвятляла. Гэта сказаў начальнік мэдычнай часткі”.

Нагадаем, лідэр страйкаму гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі быў асуджаны на два гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Паклёп суд убачыў ва ўлётцы, якую распаўсюдзіў Леванеўскі напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў. У ёй было напісана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Валера Леванеўскага вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG