Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі галадоўкі сталі распаўсюджанай формай пратэсту?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнім часам шмат выкарыстоўваецца такая форма пратэсту, як галадоўка. У Жодзіна і іншых гарадах закончылася галадоўка дзесяцёх маладых людзей, якіх выключаюць з навучальных установаў. Нядаўна скончыў галадаць Мікола Статкевіч. Працягвае галадоўку яшчэ адзін палітычны зьняволены — Леванеўскі. Летась галадала група палітыкаў на чале з трыма дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, якія патрабавалі зьменаў выбарчага заканадаўства. Зусім нядаўна прайшлі галадоўкі з эканамічнымі патрабаваньнямі. Найбольш вядомыя дзьве галадоўкі ў Ваўкавыску кіраўніка фірмы таксовак Аўтуховіча і ягоных супрацоўнікаў.

Галадоўка як акцыя палітычнага, грамадзкага альбо асабістага пратэсту даўно вядомая і шмат выкарыстоўваецца ў розных краінах. Безумоўна, гэта скрайняя форма барацьбы. І людзі зьвяртаюцца да яе ў надзвычайнай сытуацыі. Але ў Беларусі яна ўжо становіцца паўсядзённай справай. Гэта прыкмета чаго: сілы, бясьсільля, зацятасьці, адсутнасьці іншых сродкаў абароны ці чаго іншага? Спадар Статкевіч, вы ўжо тры разы праводзілі галадоўку пратэсту. Як вы адкажаце на гэтае пытаньне?”

(Мікола Статкевіч: ) “Мэты і абставіны галадовак бываюць абсалютна розныя. Я б падзяліў усе галадоўкі на дзьве катэгорыі. Па-першае, гэта бестэрміновыя галадоўкі, якія ставяць пытаньне такім чынам: альбо вы выконваеце маё патрабаваньне, альбо я іду да канца, то бок да сьмерці. Гэта звычайна галадоўка за кратамі і, зразумела, не падчас адміністрацыйнага пакараньня. Такія галадоўкі праводзілі ў свой час на Валадарцы Хадыка, Сіўчык. А ў 1999 годзе мне давялося вытрымаць такую галадоўку. Такія галадоўкі завяршаліся посьпехам. Бо калі чалавек дэманструе (а пасьля таго, як галадоўка перайшла ў другі дзясятак дзён, то там ужо ня схібіш) рашучасьць ісьці да сьмерці, то ў такім выпадку ўлада ня хоча несьці адказнасьці за жыцьцё зьняволенага. Таму што чалавек у яе руках. І тады ўлада адступае.

Галадоўкі другой катэгорыі маюць мэту прыцягнуць увагу да праблемы. Па сутнасьці, яны выконваюць тую ж функцыю, што і вулічныя акцыі. Але правядзеньне вулічных акцыяў у Беларусі цяпер вельмі рызыкоўна. Яны могуць мець наступствы ў выглядзе адміністрацыйнага, а можа нават і крымінальнага пакараньня. І таму людзі, якія імкнуцца пратэставаць, выбіраюць такі радыкальны сродак, як галадоўка, за якую, зь іншага боку, пакуль не караюць”.

(Кірыла Пазьняк: ) “Сапраўды, апошнім часам апазыцыянэры і тыя, хто ім спачувае, галадаюць багата і часта, у адзіночку і гуртам. Можна нават сказаць, занадта часта. І гэтым акцыя трохі нівэлюецца. Але, зь іншага боку, частата галадовак стварае пэўную крытычную масу, якая нэгатыўна адбіваецца на іміджы ўлады, прынамсі, з гледзішча апазыцыйнага электарату і заходніх дэмакратыяў. Галадоўкі — гэта дэманстрацыйная форма пратэсту і ціску на ўладу. І людзі ідуць на іх з своеасаблівага сацыяльна-эканамічнага ці палітычнага адчаю. Ім нічога не застаецца іншага. Зь іншага боку, улады пакуль ня могуць ім замінаць. А іх эфэктыўнасьць — гэта ўжо іншая справа”.

(Карбалевіч: ) “Распаўсюджаньне галадовак — гэта прыкмета таго, што ў краіне адсутнічаюць нармальныя, звычайныя сродкі і мэханізмы адстойваньня сваіх інтарэсаў: прадстаўнічыя органы ўлады, выбары і іншае. Гэта таксама прыкмета адсутнасьці зваротнай сувязі паміж грамадзтвам і ўладаю. Які практычны плён дае галадоўка? Пра што сьведчыць досьвед і папярэдніх, і цяперашніх галадовак? Ці можна прымусіць улады ісьці на саступкі такім чынам?”

(Статкевіч: ) “Як я ўжо казаў, калі чалавек настроены рашуча, здольны вытрымаць працяглую галадоўку, дэманструе рашучасьць ісьці да канца — а ня кажа, што я вось яшчэ пагаладаю, а калі кепска будзе, то спынюся — то ўлада саступае. Я ўжо назваў такія выпадкі. Калі ж галадоўка носіць, так бы мовіць, пратэстна-інфармацыйны характар, яна не заўсёды робіць неабходнае ўражаньне. Іншы раз галадоўка гэтага тыпу нівэлюе вастрыню гэтай зброі, яе эфэктыўнасьць, робіць менш эфэктыўным галадоўкі першага тыпу. Але іх таксама даводзіцца выкарыстоўваць. Сваёй апошняй галадоўкай я ставіў мэту прыцягнуць увагу да судовага працэсу нада мною і Севярынцам”.

(Карбалевіч: ) “Але адна з умоваў эфэктыўнасьці галадоўкі, — яе шырокае інфармацыйнае асьвятленьне. У гэтым сэнсе галадоўка за кратамі не адпавядае гэтым неабходным умовам. Бо інфармацыю пра яе цяжка распаўсюдзіць”.

(Стакевіч: ) “Інфармацыю пра галадоўку за кратамі распаўсюджваецца дакладна так, як і на волі. Але ў любым выпадку, гэта апошняя зброя, зброя адчаю”.

(Пазьняк: ) “Было некалькі прыкладаў лякальных посьпехаў галадоўнікаў. Але яны тычыліся галадовак з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваньнямі. Сьвежы прыклад — гэта галадоўка моладзі ў Жодзіне. Яны часткова дамагліся сваіх мэтаў. Прынамсі, дзьвюм дзяўчынам далі гарантыю, што яны будуць вучыцца ў гімназіі пры ўмове пасьпяховай вучобы. Наконт іншых, прынамсі, палітычных патрабаваньняў улады на саступкі не пайшлі. Напрыклад, моладзь патрабавала, каб улады спынілі практыку палітычна матываваных адлічэньняў з навучальных установаў. Зразумела, улады не маглі выканаць гэтага патрабаваньня. Бо калі б яны далі згоду на гэта, то, значыць, прызналі б, што такія адлічэньні былі.

Улады ігнаруюць галадоўкі, каб не ствараць уражаньня лякальных перамогаў апазыцыі ці іншых пратэстоўцаў. Па-другое, ва ўяўленьнях уладаў, калі пайсьці на саступкі апазыцыі, то гэта ёсьць нават не кампрамісам, а праявай слабасьці. Эфэктыўнасьць галадовак зьніжае інфармацыйны вакуўм, у якіх яны адбываюцца. Згадваецца галадоўка мінулага году групы палітыкаў на чале з трыма дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Беларускае тэлебачаньне дало адзін сюжэт пра яе, а потым спынілася. Бо ўлады зразумелі, што антырэкляма — гэта таксама рэкляма”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, ненармальная грамадзкая сыстэма вымагае і не зусім звычайных сродкаў адстойваньня сваіх інтарэсаў. Любая сыстэма стварае свае правілы гульні, якія бываюць вельмі далёкія ад нормаў дэмакратычных краінаў. Гэта вялікая драма беларускага грамадзтва, асабліва дэмакратычнай яго часткі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG