Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску вялікі футбол: Беларусь – Шатляндыя. Якія прагнозы?


Ігар Карней, Менск Зборная Беларусі ў рамках кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату сьвету 2006 году сустрэнецца на менскім стадыёне “Дынама” з камандай Шатляндыі

Якія прагнозы на сустрэчу робяць футбольныя спэцыялісты?

Самы пэсымістычны прагноз на сёньняшні матч даў былы тэлекамэнтатар Уладзімер Даўжэнка. Ён лічыць, што цяперашні стан беларускай зборнай вымушае жадаць большага, а таму найлепшы для беларусаў вынік — нічыя.

(Даўжэнка: ) “З улікам, што шмат хто атрымаў траўмы, што Глеб зусім “нулявы”, Кутузаў гуляць ня будзе, брамнік Жаўноў можа нарабіць “справаў”, нічыя — самы аптымальны варыянт. Хоць такі вынік для нас “сьмерці падобны”. Але што зробіш. Рост у каманды ёсьць, але не цяпер, гэта сэзон не беларусаў”.

Паводле рэглямэнту кваліфікацыйнага турніру, на чэмпіянат сьвету аўтаматычна трапяць пераможцы ўсіх эўрапейскіх групаў, а таксама дзьве каманды, якія занялі другія месцы з найлепшымі вынікамі. Астатнія зборныя з другіх месцаў разыграюць у стыкавых матчах яшчэ тры пуцёўкі на чэмпіянат.

У выпадку перамогі над шатляндцамі беларусы ўздымуцца на другое месца ў падгрупе і такім чынам захаваюць шанцы пазмагацца за выхад у фінальную частку спаборніцтваў. Наколькі рэльная такая схема? Я папрасіў пракамэнтаваць былога трэнэра нацыянальнай зборнай Эдуарда Малафеева:

(Малафееў: ) “Навошта я буду прагназаваць? Я ж не прагназіст, я практык. Я не празорца які там, я ня буду. Адзінае, што я жадаю, дык гэта ўдачы. А больш нічога не магу вам сказаць. І, калі шчыра, мне цяпер ня хочацца нікуды вылазіць. Я й так ужо крыху пагаварыў, што ж мне яшчэ казаць. Але ў любым выпадку — паглядзім”.

Напярэдадні на менскім стадыёне “Трактар” адбыўся матч моладзевых зборных Беларусі і Шатляндыі, які завяршыўся перамогай беларусаў зь лікам 3:2. З-за моцнага дажджу і адсутнасьці дрэнажу гульня праходзіла фактычна на балоце. Як удалося высьветліць, шатляндцы маюць прэтэнзіі да судзьдзі, які вырашыў праводзіць матч у такіх “нефутбольных” умовах. А вось былы футбольны брамнік, адзін з кіраўнікоў Беларускай фэдэрацыі футболу Юры Курбыка такім рашэньнем задаволены. Ён напамінае, што ў футбол гуляюць пры любым надвор’і.

(Курбыка: ) “Я лічу, што судзьдзі вырашылі разумна ў выпадку гэтага матчу. Вы ўявіце: адна каманда пасьля першага тайму выйграе 1:0. Як пасьля гэтага адкладаць гульню на наступны дзень і гуляць наноў? Каманда, якая забіла гол, страчвае пэўную фору ў матчы. Тым больш, што калі другі тайм пачаўся, было відаць: толькі ў некаторых месцах надвор’е перашкаджала, футбольная поле было крыху нядобрае. У цэнтры гульня атрымлівалася, і футбол быў відовішчны і цікавы, і галы прыгожыя забівалі — што ў нашую браму, што ў тую. Таму вельмі разумна судзьдзя зрабіў, прыняўшы такое рашэньне. Нутуральна, што, прайграўшы, каманда заўсёды будзе з прэтэнзіямі, але калі б шатляндцы выйгралі, думаю, прэтэнзіяў зь іх боку не было б. Але цяпер шатляндцы лічаць, што нельга было гуляць”.

Дарэчы, мэтэаралягічныя прагнозы на сёньняшні вечар таксама несуцяшальныя. Сыноптыкі не выключаюць, што будзе дождж і парывісты вецер. Футбольныя функцыянэры спадзяюцца, што, як і напярэдадні, надвор’е не перашкодзіць беларусам згуляць пасьпяхова.

Апрача сёньняшняга, зборнай Беларусі ў кваліфікацыйным турніры засталіся яшчэ чатыры матчы: на выезьдзе супраць камандаў Малдовы і Шатляндыі і дома са зборнымі Італіі і Нарвэгіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG