Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс выступіла ў польскім Сэйме


RFERL Гэта выступленьне адбылося на пасяджэньні камісіі сувязяў з палякамі за мяжою. Спадарыня Борыс расказала аб сытуацыі з палякамі ў Беларусі і падзякавала польскаму ўраду за падтрымку. Яна падкрэсьліла, што Саюзу палякаў матэрыяльна дапамагае толькі польскі Сэнат: ад беларускіх ўладаў ён не атрымлівае ніякіх грошай.

Анжаліка Борыс паінфармавала сяброў камісіі, што з моманту яе абраньня беларускія ўлады ўмешваюцца ў справы арганізацыі, што Міністэрства юстыцыі прызнала апошні Зьезд і новае кіраўніцтва Саюзу – нелегітымнымі. “Палякі ў Беларусі будуць трымацца, наколькі хопіць сіл, каб пратрываць і захаваць маёмасьць, набытую дзякуючы польскім падаткаплатнікам,” - сказала яна. Анжаліка Борыс прызнала, што Саюз перажывае самы глыбокі крызыс за ўсе 16 гадоў свайго існаваньня.

Беларускія ўлады і мэдыі абвінавачваюць Саюз палякаў ў падрыўной дзейнасьці, запалохваюць дзеячаў, маюць месца правакацыі з удзелам былога старшыні Саюзу Тадэвуша Кручкоўскага. Паводле Борыс, беларускія ўлады і дзяржаўныя мэдыі зьневажаюць польскую дыпляматыю і дзяржаву, "Польшча стала для іх галоўным ворагам".

Анжаліка Борыс дадала, што Саюз палякаў Беларусі не займаецца і ня будзе займацца палітыкай. "Не дазволім, каб Саюз быў прадметам палітычных маніпуляцыяў,”- сказала яна. З гэтай праблемай Польшча павінна зьвярнуцца да міжнародных арганізацыяў: Эўракамісіі, АБСЭ і Рады Бясьпекі ААН.

Старшыня польскага Сэнату Лонгін Пастусяк заявіў, што непрызнаньне беларускімі ўладамі новага кіраўніцтва Саюзу палякаў зьяўляецца "парушэньнем фундамэнтальных правоў нацыянальных мяншыняў. Сэнат, які апякуецца палякамі за мяжою, ня ведае іншага выпадку такога глыбокага ўмяшаньня ў дзейнасьць польскай мяншыні ў ніводнай краіне на сьвеце”. Пасутсяк дадаў, што ў Беларусі знаходзяцца 16 польскіх дамоў і 2 школы пабудаваныя за грошы Сэнату, і што цяпер гэтая маёмасьць можа быць канфіскаваная.

Старшыня Камісіі Раман Гертых заклікаў Міністэрства Замежных Справаў да больш рашучых і радыкальных крокаў, каб сытуацыя Саюзу Палякаў вярнулася да нормы, і каб беларускія ўлады перасталі прыдзірацца да арганізацыі”. Віцэміністр замежных справаў Якуб Вольскі заявіў, што польскі МЗС адназначна нэгатыўна ацэньвае падзеі вакол Саюзу Палякаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG