Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ завяло крымінальную справу аб сабатажы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Супраць двух адказных супрацоўнікаў Беларускай чыгункі заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу аб кампутарным сабатажы. Рэдкае для сёньняшніх дзён абвінавачваньне сьледчыя КГБ падмацоўваюць развагамі пра інфармацыйную бясьпеку на чыгунцы, між тым, ва ўправе чыгункі адмаўляюць, што абвінавачаныя супрацоўнікі чыгункі нанесьлі ёй нейкія страты.

Прыкмета сумна вядомых 30-ых гадоў мінулага стагодзьдзя ў сучаснай крымінальнай зводцы: управа КГБ па Віцебскай вобласьці завяла крымінальную справу аб сабатажы на чыгуначным транспарце. Гаворка , праўда, не пра тое, што ворагі падкідвалі гнілыя дровы ў печку паравоза, ці насыпалі пяску ў храпавікі, аднак навіна не з шэраговых. У вагонным дэпо Віцебскага аддзяленьня чыгункі нібыта завяліся сабатажнікі, якія сьвядома зьнішчылі кампутэрную праграму па дыстанцыйным кіраваньні рухам. Супрацоўнік управы КГБ Натальля Макарава паведаміла Радыё Свабода некаторыя падрабязнасьці справы.

(Макарава: ) “Начальнік гэтага вагоннага дэпо даў загад свайму падначаленаму і ў парушэньне парадку, які ўсталяваў кіраўнік Беларускай чыгункі, яны вярнулі сабе кантроль над сэрвэрам лякальнай кампутэрнай сеткі. Хаця гэта было забаронена”.

Факт, пра які распавяла Натальля Макарава, адбыўся напачатку сакавіка. Амаль праз два месяцы была заведзеная крымінальнай справа. Сьледзтва яшчэ ідзе, хаця абвінавачваньне ўжо прад’яўленае. Ва ўправе КГБ Віцебскай вобласьці лічаць, што справа мае шанцы дайсьці да суду.

Тым часам, кіраўніцтва Беларускай чыгункі такой пэўнасьці ня мае. Намесьнік кіраўніка службы сыгналізацыі і сувязі Беларускай чыгункі Ўладзімір Логін паведаміў Радыё Свабода, што толькі на гэтым тыдні пачне працаваць адмысловая тэхнічная камісія, якая вызначыцца з інцыдэнтам. Спадар Логін сказаў, што стратаў ад дзеяньняў віцебскіх чыгуначнікаў не было, а ў размове імкнуўся пазьбягаюць слова сабатаж .

(Логін: ) “Машыніст цягніка таксама можа памыліцца – несвоечасова затармазіць гэтак, што паваляцца ў купэ пасажыры. Гэта для нас будзе парушэньнем інструкцыі, інцыдэнтам, мы будзем з ім разьбірацца. А ў дадзеным выпадку мы трапляем у межы нейкай крымінальнай нормы, з якой я не знаёмы. Ня проста ў нашай практыцы на чыгунцы, але ўвогуле я ніколі ня чуў пра ўжываньне артыкулу з такой гучнай назвай”.

У КГБ Беларусі мне пацьвердзілі, што сьледчыя КГБ упершыню ў сучаснай гісторыі краіны выкарысталі артыкул пра кампутэрны сабатаж, але запэўнілі, што ў гэтым факце няма ніякай палітыкі. Удакладню, што артыкул 351-ы Крымінальнага кодэксу пра кампутэрны сабатаж прадугледжвае адказнасьць за гэтае злачынства праз пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў. .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG