Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца трэцяя канфэрэнцыя АБСЭ па праблемах антысэмітызму


Валер Каліноўскі, Менск 8 чэрвеня ў гішпанскім горадзе Кардоба пачынаецца міжнародная канфэрэнцыя па праблемах антысэмітызму і іншых формаў нецярпімасьці. Канфэрэнцыя, арганізаваная АБСЭ, а таксама ўрадамі Гішпаніі і Славеніі, якая старшынюе ў АБСЭ. На канфэрэнцыі будзе прадстаўленая і Беларусь

Афіцыйную Беларусь на канфэрэнцыі ў справе антысэмітызму ў Кардобе прадстаўляе кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Станіслаў Буко. Чакаецца, што ён выступіць з паведамленьнем аб тым, як беларуская дзяржава змагаецца з антысэмітызмам і іншымі формамі нацыянальнай варожасьці, закране тэму этнаканфэсійнай сытуацыі ў краіне. Паводле рэглямэнту, на выступ яму адведзена 3–4 хвіліны. Ад беларускіх няўрадавых арганізацыяў на канфэрэнцыю запрошаны намесьнік кіраўніка Саюза габрэйскіх арганізацыяў і грамадаў Беларусі Якаў Басін. Ягоная справаздача наконт антысэмітызму ў Беларусі будзе распаўсюджаная сярод дэлегатаў у друкаваным выглядзе.

Увогуле гэта трэцяя канфэрэнцыя ў справе антысэмітызму і іншых формаў ксэнафобіі, якая праводзіцца АБСЭ, летась падобная канфэрэнцыя прайшла ў Бэрліне, пазалетась – у Вене. Гэта сьведчыць пра ўвагу, якая надаецца названай праблеме ў АБСЭ. На леташняй канфэрэнцыі ў Бэрліне было ўхваленае рашэньне пра маніторынг праяваў антысэмітызму ў краінах-сябрах АБСЭ. Магчыма, цяпер будуць паведамленыя нейкія першыя вынікі гэтага маніторынгу. А ў цэлым, канешне, нельга чакаць, што такі форум можа нешта адразу кардынальна вырашыць. Такія сустрэчы дапамагаюць узьняць цікаваць да праблемы на высокім узроўні ва ўсіх дзяржавах, зьвяртаюць увагу да праяваў антысэмітызму ў мас-мэдыях і інтэрнэце, да патрэбы адукацыйных праграмаў наконт Халакосту, акрэсьліваюць ролю ўрадаў, парлямэнтаў, праваахоўчыў органаў і няўрадавых арганізацыяў у барацьбе з антысэмітызмам ды і іншымі формамі распальваньня нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці.

Наколькі вострая для Беларусі праблема антысэмітызму?

Невядома, што скажа на гэты конт сёньня спадар Буко. Але раней пазыцыя беларускіх уладаў часта палягала ў тым, каб не прызнаваць маштабаў антысэмітызму ў Беларусі, і ў першую чаргу – ідэалягічнага. Дзяржкамітэт ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, а таксама суды нязьменна прызнавалі кнігі і публікацыі антысэміцкага характару “дыскусіяй навуковага характару”, праваахоўныя органы нікога не пакаралі за антысэміцкія выказваньні ці дзеяньні. Праўда, летась на канфэрэнцыі ў Бэрліне кіраўнік беларускай дэлегацыі Віктар Гайсёнак прызнаў, што і ў Беларусі існуе антысэмітызм, але ўрад з ім змагаецца. Праўда, габрэйскія актывісты лічаць, што недастаткова актыўна. Нядаўна з’явілася новая антысэміцкая кніжка “Ворагі Расеі і славянскага сьвету супраць Беларусі і прэзыдэнта Лукашэнкі”. У Камітэце па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў у адказ на запыт Якава Басіна прызналі, што ў ёй няма ніякіх антысэміцкіх заклікаў. Не адрэагавалі беларускія ўлады і на нядаўнюю публікацыю ў газэце “Рэспубліка”, якая выклікала пратэст ізраільскай амбасады. Габрэйскія лідэры Беларусі па-ранейшаму незадаволеныя кнігамі менскага выдавецтва “Праваслаўная ініцыятыва”, кепскай раскрывальнасьцю актаў вандалізму на могілках і мэмарыялах ахвярам Халакосту. Тым не меней, яны прызнаюць, што вастрыня праблемы антысэмітызму ў Беларусі пакуль меншая, чым у некаторых суседзяў, у Расеі, у прыватнасьці. Гаворыць Якаў Басін, намесьнік кіраўніка Саюза габрэйскіх арганізацыяў і грамадаў Беларусі:

(Басін: ) “Не, я не магу сказаць, што існуе нейкая сацыяльная праграма, скіраваная на дыскрымінацыю габрэйскага насельніцтва, гэтага я не адчуваю, але іншая справа, што дзяржава, жадаючы захаваць свой імідж, робіць выгляд, што ў яе няма праблемаў, якія ёсьць усюды, і ў нас таксама. Я лічу, што гэта неразумная палітыка і што рана ці позна яна можа прывесьці да сацыяльнага выбуху”.

Спадар Басін прызнаў, што цяпер антысэмітызм не з’яўляецца адной з самых вострых праблемаў беларускага грамадзтва, але нельга гарантаваць, што так будзе заўсёды. Гаворачы пра антысэмітызм у Беларусі, прынамсі ў яго ідэалягічнай частцы, праваабаронцы прызнаюць, што ён у вялікай ступені “імпартны”, прывезены з Расеі, адкуль сапраўды паходзіць большая частка антысэміцкай літаратуры, якая распаўсюджваецца ў Беларусі. Вось як параўнаў сытуацыю ў Беларусі і Украіне кіраўнік саюза габрэйскіх арганізацыяў Украіны Іосіф Вісіс:

(Вісіс :) “У Беларусі вялікі ўплыў робіць Расея, у прыватнасьці што да літаратуры, ідэяў, якія ўспрымаюцца антысэмітамі. Ва Ўкраіне ёсьць свае асаблівасьці, больш мясцовыя, чым прарасейскія”.
XS
SM
MD
LG