Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкя газэта Handelsblatt: “У часе сустрэчы ў Вашынгтоне ў сераду Райс і Фішэр закрануць у тым ліку і беларускае пытаньне”.


Алена Струвэ, Менск Галоўны акцэнт у часе заўтрашняй сустрэчы ў Вашынгтоне паміж дзяржсакратаром Кандалізай Райс і міністрам замежных справаў Нямеччыны Ёшкам Фішэрам будзе рабіцца на палітыцы Ірана, аднак тэма Беларусі таксама будзе закранацца, – піша ўплывовае нямецкае выданьне Handelsblatt.

Спасылаючыся на аўтарытэтную крыніцу ва ўрадавых колах ЗША, вашынгтонскі карэспандэнт Handelsblatt піша, што галоўнай тэмай заўтрашняга дыялёгу стане іранская ядзерная праграма. І Вашынгтон, і Бэрлін заклапочаныя тым, што іранскія тэхналёгіі па ўзбагачэньні ўрану можна выкарыстоўваць як у мірных, так і у ваенных мэтах, напрыклад, пры вытворчасьці атамнай бомбы.

Таксама, піша Handelsblatt, дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс і міністар замежных справаў Нямеччыны ў часе заўтрашняй сустрэчы закрануць і тэмы палітычнага разьвіцьця ў Расеі, ва Ўзбэкістане і Беларусі. Напярэдадні ў часе ўручэньня міжнародных журналісцкіх прэміяў у Гамбургу(сярод ляўрэатаў была і беларуская журналістка Ірына Халіп) кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны дазволіў сабе надзвычай рэзкую публічную крытыку на адрас афіцыйнага Менску. Паводле ягоных словаў, сытуацыя ў Беларусі ня можа не выклікаць трывогі. “Дачыненьні Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам становяцца ўсё больш напружанымі... Знаходзячыся пад аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі, Беларусь перажывае ўнутрыпалітычныя рэпрэсіі… Адначасна на зьнешнепалітычным узроўні беларускі ўрад прытрымліваецца курсу ізаляцыі”.

“Аднак нам патрэбныя абмены, але не ізаляцыя”, - перакананы кіраўнік нямецкага МЗС Ёшка Фішэр, які, паводле нямецкай газэты Handelsblatt ў часе заўтрашняй сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс будзе сярод іншага “абмяркоўваць і беларускае разьвіцьцё”.
XS
SM
MD
LG