Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 чэрвеня ў Варшаве навучэнец віленскай беларускай гімназіі застрэліў савецкага пасла


RFE/RL Каляндар Свабоды – 7 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 7 чэрвеня.

7 чэрвеня – прыкметная дата ў гісторыі беларускага тэрарызму. Акурат у такі дзень у 1927 годзе на вакзале ў Варшаве навучэнец віленскай беларускай гімназіі Барыс Кавэрда застрэліў савецкага пасла ў Польшчы Пятра Войкава, аднаго з арганізатараў забойства царскай сям’і ў 1918 годзе. Кавэрду далі 15 гадоў турмы. Захопленая беларуская моладзь дасылала яму ў вязьніцу кветкі й падарункі. Падчас вайны Кавэрда апынуўся ў ЗША, дзе й памёр у 1980-я гады.

7 чэрвеня 1995 году Аляксандар Лукашэнка зацьвярджае “Палажэньне аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусі” і “Палажэньне аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусі”. Такім чынам на зьмену нацыянальным сымбалям афіцыйна вяртаюцца амаль ня зьмененыя сьцяг і герб БССР.

7 чэрвеня 1880 году нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі. Яшчэ ў часе вучобы ў Пецярбурскім тэхналягічным інстытуце ў 1902 годзе Іваноўскі спрабаваў наладзіць выданьне на гектографе падпольнай газэты «Свабода» як пэрыядычнага органу Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі. У 1906 годзе ўзначаліў славутую выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбургу. У ліпені 1913 году Іваноўскі пераехаў у Вільню, дзе стаўся старшынёю Беларускага выдавецкага таварыства. Адначасова з актыўным удзелам у нацыянальна-вызвольным руху Іваноўскі займаўся навуковай дзейнасьцю. У 1909 годзе ў Мюнхене абараніў доктарскую дысэртацыю і да 1913 году быў дацэнтам Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту. Вацлаў Іваноўскі стварыў першы падручнік неарганічнай хіміі для ВНУ на беларускай мове, шмат зрабіў у распрацоўцы нацыянальнай навуковай тэрміналёгіі. У 1918 годзе ён – міністар асьветы Беларускай Народнай Рэспублікі, рэктар Менскага пэдагагічнага інстытуту. Да актыўнай палітычнай дзейнасьці вярнуўся ў часе другой сусьветнай вайны. Акупацыю Беларусі разглядаў як часовую зьяву. Арыентаваўся на заходніх праціўнікаў Гітлера, а ў сувязі з гэтым – на польскі эміграцыйны ўрад у Лёндане, разьлічваючы на фэдэрацыю Беларусі і Польшчы ў паваеннай Эўропе. 6 сьнежня 1943 году Іваноўскі быў паранены на адной з вуліц Менску. Пакінуты ў шпіталі бязь лекарскай дапамогі, ён назаўтра памёр.

7 чэрвеня 1976 году памёр Мiхась Машара – адзін з самых таленавітых паэтаў Заходняе Беларусі, які ў пасьляваенны час жыў у Менску і пісаў сумнеўнае вартасьці раманы пра змаганьне заходнебеларускіх камуністаў супраць польскіх паноў.
XS
SM
MD
LG