Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскі порт ня можа наладзіць экспарту калійных угнаеньняў


Казімер Яноўскі, Гомель З пачатку навігацыі Мазырскі рачны порт не перавёз ніводнай тоны калійных угнаеньняў. Для Беларускага рачнога параходзтва гэта абарочваецца адчувальнымі стратамі. Перадае наш гомельскі карэспандэнт.

Шлях з Мазыра па рэках Прыпяць і Дняпро да ўкраінскага марскога порту ў Нікалаеве рачнікі выкарыстоўвалі дзеля перавозкі калійных ўгнаеньняў з Салігорску. У Мазыр яны трапляюць чыгункай. Гэткім шляхам беларускія мінэральныя ўгнаеньні экспартаваліся ў краіны паўдзённа-ўсходняй Азіі.

Аднак за два зь лішкам месяцы сёлетняй навігацыі мазырскія рачнікі не перавезьлі ніводнай тоны калійных угнаеньняў.

Распавядае начальнік Мазырскага рачнога порту Уладзімер Зайцаў:

(Зайцаў: ) “Чыста арганізацыйныя пытаньні па ўсёй лініі ня вырашаныя. Таму мы пакуль ня возім калійныя ўгнаеньні. Ва Ўкраіне з прыходам новага ўраду адбыліся зьмены ў тарыфнай палітыцы. У сувязі з падаражаньнем нафтапрадуктаў украінцы запрасілі вышэйшую на 20 працэнтаў плату за буксіроўку нашых баржаў з калійнай сольлю ад Кіеву да Нікалаеву. Гэта робіць Днепрапятроўскі рачны порт. У нас няма буксіраў, якія маглі б хадзіць да канца”, – кажа начальнік рачнога порту ў Мазыры спадар Зайцаў.

Паводле яго, сёлета рачнікі плянавалі перавезьці з Мазыра ў Нікалаеўскі марскі порт ва Ўкраіне 80 тысячаў тон калійнай солі – на 5 тысячаў болей, чымсьці летась. Нават калі рачнікі адправяць баржы з грузам у бліжэйшыя дні, ужо відавочна, што яны ня змогуць перавесьці каля 10 тысячаў тон калійных угнаеньняў. Згублена багата часу. Адна перавезеная тона ўгнаеньняў дае беларускаму боку каля 4 даляраў прыбытку.

Беларускае рачное параходзтва за апошнія 10-12 гадоў перажывае ня лепшыя часы. Флёт значна скараціўся. Упалі грузавыя ды пасажырскія перавозкі. Крызіс перажываюць суднарамонтныя-суднабудаўнічыя заводы. У порце Мазыра ля прычалу стаіць пакуль бяз справы судна клясы рака-мора з сымбалічным назовам “Надзея”.

Тым часам міністэрства транспарту ўсур`ёз заклапочана стварэньнем у летувіскім горадзе Клайпеда беларускага марскога параходзтва.
XS
SM
MD
LG