Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля ст.мэтро "Усход" прайшла акцыя супраць перайменаваньняў (фота)


Галіна Абакунчык, Менск У Менску адбыўся “Ланцуг неабыякавых людзей” супраць перайменаваньня праспэктаў і вуліцаў сталіцы. Чарговая акцыя пратэсту сталася працягам шэрагу імпрэзаў, арганізаваных Сталай нарадай дэмакратычных сілаў. Гэтым разам акрамя актывістаў і лідэраў палітычных партыяў, удзел у імпрэзе прынялі прадстаўнікі грамадзкасьці з рэгіёнаў краіны, а таксама шараговыя менчукі.

Удзельнікі ланцугу сабраліся на ўскраіне праспэкту Францішка Скарыны, што каля станцыі мэтро “Усход”. Гэтым разам удзел у акцыі прынялі таксама прадстаўнікі з рэгіёнаў. Вось што сказаў у інтэрвію Свабодзе адзін зь іх:

(Скулавец: ) “Сяргей Скулавец, горад Івацэвічы, Берасьцейская вобласьць. Я з задавальненьнем далучаюся, бо нават ня ведаю, як выказаць сваё абурэньне ўсім, што адбываецца ў краіне. Хаця бы вось так пастаяць з гэтым плякатам, каб выказаць і сваю грамадзянскую пазыцыю й усё, што ў душы накапілася”.



Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты Францішка Скарыны, а таксама раздавалі іх мінакам. Вельмі многія людзі падыходзілі да пратэстоўцаў, гутарылі й нават далучаліся да ланцугу. Вось што сказаў зь іх:

(Спадар: ) “Я ішоў міма, але пабачыў што адбываецца і вырашыў далучыцца, пастаяць з партрэтам хоць пяць хвілінаў. Я лічу, што праспэкт названы імем вялікага беларуса Францішка Скарыны й ня трэба было яго пераймяноўваць”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы ўдзельнік акцыі?”

(Спадар: ) “Не, я звычайны прахожы, але падтрымліваю тое, што адбываецца. Калі ў народа няма мінулага, то ў яго ня будзе й будучыні. А ў нас забралі нашае мінулае, нашага першадрукара, нашага Скарыну. Я ўдзячны людзям якія не баяцца й выказваюць сваю пазыцыю”.

Паводле лідэраў палітычных партыяў, акцыі пратэсту ў аддаленых раёнах сталіцы маюць асаблівы сэнс і будуць прадоўжаныя й надалей. Гаворыць старшыня Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Многія жывуць на праспэкце Францішка Скарыны й многіх гэта зачапіла нават на пабытовым узроўні. І нашая задача паказаць гэтым людзям, што гэта ня толькі іхная а агульнанацыянальная крыўда й агульнанацыянальная абраза. І людзі, якія нас бачаць, у адзін цудоўны момант пераадолеюць свой страх і выйдуць на абарону сваёй годнасьці”.

На завяршэньне да “Ланцугу неабыякавых людзей пад''ехалі некалькі аўтобусаў з АМАПам. Яны запатрабавалі ад ўдзельнікаў акцыі згарнуць партрэты й разысьціся.

Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

Нагадаем, што шэраг палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў рыхтуюцца да гарадзкога рэфэрэндуму ў справе перайменаваньня гарадзкіх праспэктаў і вуліцаў. Акрамя таго, партыя БНФ зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з запытам аб правамоцнасьці распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, але сёньня суд адмовіў у разглядзе гэтага запыту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG