Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд ня хоча разглядаць указ Лукашэнкі аб перайменаваньні вуліц


Валер Каліноўскі, Менск Кіраўніцтва партыі БНФ сёньня атрымала адмоўны адказ з сакратарыяту Канстытуцыйнага суду на зварот аб прызнаньні не адпаведным Канстытуцыі указа А. Лукашэнкі аб перайменаваньні цэнтральных вуліц і праспэктаў Менску. БНФ спасылаўся на тое, што А. Лукашэнка незаконна ўмяшаўся ў кампэтэнцыю мясцовага савету, які мае права мяняць назвы вуліц.

У Канстытуцыйным судзе адмовіліся разглядаць пытаньне наконт законнасьці ўказу А. Лукашэнкі, спаслаўшыся на тое, што партыя ня мае права ініцыятывы судовага разьбіральніцтва ў Канстытуцыйным судзе. Такім правам надзеленыя прэзыдэнт, парлямэнт, урад. Паводле ўласнай ініцыятывы Канстытуцыйны суд таксама адмаўляецца правяраць законнасьць указу А. Лукашэнкі. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Фактычна нас гэтым пераадрасоўваюць да самога спадара Лукашэнкі, які павінны быў у Канстытуцыйным судзе ініцыяваць праверку свайго ўласнага ўказу пра вуліцы. Адказ цалкам прадказальны. Мы не сумняваліся, што Канстытуцыйны суд у нас выконвае дэкарацыйную функцыю”.

Спадар Вячорка падкрэсьліў, што адмова не перашкодзіць рэалізацыі ініцыятывы наконт правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму ў сталіцы.
XS
SM
MD
LG