Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы віток канфлікту паміж прадпрымальнікамі і ўладамі?


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску праходзіць нарада лідэраў прадпрымальніцкага руху, на якой дробныя бізнэсоўцы абмяркоўваюць сытуацыю, што склалася апошнім часам у прадпрымальніцкім бізнэсе. Як вядома, у сакавіку дзясяткі тысячаў дробных прадпрымальнікаў бралі ўдзел у шматдзённым агульнанацыянальным страйку супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць. Тады ж у сакавіку з прадпрымальнікамі сустракаўся Аляксандр Лукашэнка, пасьля чаго ён выдаў 24 сакавіка ўказ пра новыя правілы рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Чакаецца, што ўдзельнікі нарады абмяркуюць дачыненьні паміж ўладамі і прадпрымальнікамі. Паводле зьвестак грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, назваць гэтыя ўзаемадачыненьні партнэрскімі не выпадае. Так, апошнімі днямі канфліктная сытуацыя паміж уладамі й прадпрымальнікамі складваецца ў Барысаве. На рынках гэтага гораду праходзіць кампанія перавыбараў прадпрымальніцкіх саветаў. Гэтыя структуры былі створаны ў адпаведнасьці з сакавіцкім указам Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле назіральнікаў, Лукашэнка разьлічваў, што саветы будуць весьці палітыку ўладаў, і іхныя канфлікты з прадпрымальнікамі зьнікнуць. Насамрэч, аднак, у многіх рэгіёнах, у прыватнасьці, у тым жа Барысаве, гэтыя пляны не спраўдзіліся. У сакавіку-красавіку адбыліся выбары ў гэтыя саветы, але цяпер іх пераабіраюць.

Вось што паведаміў на гэты конт лідэр мясцовых бізнэсоўцаў Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Яны паглядзелі, што ва ўсіх гарадах прайшлі людзі “Пэрспэктывы” альбо людзі, якія насамрэч маюць аўтарытэт і ня падпарадкоўваюцца чыноўнікам. А ўлада імкнецца сваіх людзей праводзіць у склад радаў і прыдумляе "падкопы" для астатніх. У нас у Барысаве нацкоўвае на іх супрацоўнікаў аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, складаюць акты”.

У Барысаве мясцовыя гандляры адмаўляюцца працаваць паводле сцэнару чыноўнікаў. У горадзе некалькі рынкаў, кампанія яшчэ ня скончылася. Аднак, там, дзе ўжо адбыліся новыя выбары ў прадпрымальніцкія саветы, можна казаць, што ўлады пацярпелі паразу. Вельмі адметным быў сход на барысаўскім рынку “Стадыён”. Сабралася недзе каля 350 гандляроў. І яны тайным галасаваньнем абралі ня тых, каго прапанаваў гарвыканкам, а актывістаў прадпрымальніцкага руху.

Між тым, пасьля агульнанацыянальнага страйку і зьяўленьня ўказу Лукашэнкі пра новыя правілы рэгуляваньня дробнага бізнэсу мінула ўжо больш як два месяцы. Ці вырашыў згаданы дакумэнт праблемы бізнэсоўцаў?

Паводле гандляроў, пасьля 1 ліпеня іх чакаюць вялікія складанасьці. Як вядома, прэзыдэнцкім указам да гэтай даты вызначаны гэтак званы пераходны пэрыяд. Напрыклад, да пачатку наступнага месяца дробным бізнэсоўцам былі адтэрмінаваныя выплаты запазычанасьцяў па страхавых унёсках, розных эканамічных санкцыях ды штрафах. Але ці ня самыя вялікія праблемы чакаюць зь 1 ліпеня гандляроў у пытаньні падаткаабкладаньня.

Вось што паведаміў на гэты конт лідэр салігорскіх гандляроў Аляксандр Цэцура:

(Цэцура: ) “Людзі ў шоку. Ня ведаюць, што рабіць. Для тых хто ня будзе сплачваць ПДВ (падатак на даданую вартасьць), ім усталёўваецца падвоенае падаткаабкладаньне. 50 працэнтаў, а то і больш прадпрымальнікаў ня вытрымаюць гэтай нагрузкі. Ня змогуць проста працаваць”.
XS
SM
MD
LG