Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дзяржава не падтрымала беларусістаў — ні сваіх, ні замежных


Валянціна Аксак, Менск IV Міжнародны кангрэс беларусістаў, які сёньня адкрыўся ў Менску, у параўнаньні з трыма папярэднімі стаўся самым сьціплым як прадстаўнічасьцю замежных удзельнікаў, так і зьместам заяўленай праграмы. На кангрэс не прыехалі сябры асацыяцыі беларусістаў са Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Вялікабрытаніі, Францыі ды многіх іншых краінаў. Галоўная прычына зьмяншэньня ўвагі да кангрэсу, на думку тых, хто прыехаў, — малая ўвага да беларусістыкі ў самой Беларусі.

Пачаўся кангрэс канцэртам Нацыянальнага хору імя Г.Цітовіча, які прадставіў прысутным сьпеўны абрад-дзею “Беларускае вясельле”. Паўгадзінная музычная фальклёрная праграма скіравала ўвагу публікі да традыцыйнае народнае культуры. Этнаграфізм, які ўкладвала ў панятак нацыянальнае культуры савецкая ўлада, пераняты цяперашняй беларускай дзяржавай. Яе прадстаўнікоў, якія займалі месцы ў прэзыдыюмах папярэдніх кангрэсаў, сёньня не было. Намесьнік старшыні Міжнароднай арганізацыі беларусістаў Аляксей Мікуліч, які адкрываў кангрэс, на пытаньне, чаму няма нікога зь міністэрстваў замежных справаў і адукацыі, якія былі сузаснавальнікамі асацыяцыі, сказаў:

(Мікуліч: ) “На жаль, яны так і не зьявіліся, але яны былі запрошаныя”.

Спадар Мікуліч сказаў, што дзяржаўныя структуры ня бралі ніякага ўдзелу ў падрыхтоўцы кангрэсу. Яго часткова фінансавала ЮНЭСКА, але праезд замежным удзельнікам было прапанавана зрабіць уласным коштам, што паўплывала на рашэньне многіх ня ехаць у Менск. Але на думку тых, хто ўсё ж прыехаў, галоўная прычына ў іншым. Гаворыць загадчыца славянскага аддзелу Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі Францішка Сокалава:

(Сокалава: ) “Гэты кангрэс, мне здаецца, не такі вялікі, мала людзей прыйшло. І здаецца, што малы інтарэс да беларусістыкі тут, у Беларусі. Я шкадую, што не прыехала шмат людзей з Захаду”.

А вось якія ўражаньні зрабіла беларуская рэчаіснасьць на ўкраінскага ўдзельніка кангрэсу пісьменьніка Міколу Чабана:

(Чабан: ) “Бачыў тэлевізію беларускую. Быў вельмі зьдзіўлены тым, што два каналы, тыя, што я бачыў, на іх толькі расейская мова, беларускай амаль не чуваць. Гэта не прыродна, я ўважаю. І вышэйшыя пасадоўцы мусілі б зьвяртацца да свайго народу роднаю моваю, гэта было б прыродна. А так, як гэта ёсьць, мне гэта цяжка зразумець. Нацыянальнае адраджэньне адбываецца ў розных краінах, і тут яно мусіць падтрымлівацца дзяржавай”.

Прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту былы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова зазначыла, што, нягледзячы на неспрыяньне дзяржавы, яе цешыць беларуская моладзь, якая размаўляе на роднай мове.

(Смулкова: ) “Я як мовазнаўца вельмі рада, калі бачу, што ўсё-такі людзі на гэтай мове размаўляюць, што яна жывая. І жадаю Беларусі, каб не пазбавілася гэтага, бо гэта яе спэцыфіка”.

Заўтра IV Міжнародны кангрэс беларусістаў працягне сваю працу.
XS
SM
MD
LG