Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі іх выклікалі да дырэктара трэці раз, дзеці пачалі адмаўляцца ад сваіх подпісаў"


Ганна Соусь, Менск У Менскім гаспадарчым судзе адбыліся перадсудовыя гутаркі рэдактара “Народнай Волі” з прадстаўнікамі салігорскага прадпрыемства “Беларуськалій” і горна-хімічнага тэхнікуму Салігорску. Гэтыя ўстановы праз суд абараняюць сваю дзелавую рэпутацыю ў сувязі з тым, што ў “Народнай Волі” пад зваротам руху “Воля народу” былі надрукаваныя подпісы іх работнікаў і навучэнцаў.

З Салігорску ў Менскі гаспадарчы суд прыбылі прадстаўніца “Беларуськалію” і дырэктар горна-хімічнага тэхнікуму Салігорску разам з адвакатам. Усе яны адмовіліся патлумачыць для Радыё Свабода сутнасьць сваіх прэтэнзіяў да “Народнай Волі”. У салігорскім тэхнікуме пад зваротам руху “Воля народу” падпісаліся 37 студэнтаў, і большасьць зь іх потым адмовіліся ад сваіх подпісаў альбо сказалі, што ня ставілі іх. Вось што распавёў Радыё Свабода студэнт тэхнікуму Ўладзімер Лемяш, які зьбіраў подпісы:

(Лемеш: ) “Калі я зьбіраў подпісы, мне гаварылі, што яны нідзе друкавацца ня будуць, што гэта будзе піяр-акцыя. Пры мне падпісаліся чалавек дзевятнаццаць. Ліст з подпісамі быў у іншых групах. Калі пачалося разьбіральніцтва, дзеці спачатку трымаліся. Пасьля трэцяга разу, калі іх выклікалі да дырэктара, яны пачалі адмаўляцца. Іх сабралі ў адну групу, далі лісты, дзе ўсё загадзя было напісана, і яны пад гэтым падпісаліся”.

Як паведаміў Радыё Свабода галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, у часе перадсудовай гутаркі бакі імкнуліся знайсьці кампраміс. Днямі ў ”Народнай Волі” будзе надрукаваны артыкул, у якім будуць выкладзеныя пазыцыі кіраўніцтва тэхнікуму і самой рэдакцыі, і на гэтым канфлікт можа быць вычарпаны. Што да судовых прэтэнзіяў прадпрыемства “Беларуськалій”, то, паводе Сярэдзіча, канфлікт, верагодна, можа быць вырашаны аналягічным чынам, і справа ня дойдзе да суду.

Калі пазовы “Беларуськалію” і салігорскага тэхнікуму былі без матэрыяльных патрабаваньняў, то чацьвёра супрацоўнікаў “Беларуськалію” патрабуюць ад “Народнай Волі” кожны 50 мільёнаў рублёў. І заўтра ў Ленінскім судзе пачнецца судовае разьбіральніцтва гэтых пазоваў. А 9 чэрвеня суд пачне разглядаць аналягічныя пазовы чатырох жыхароў Клецку, кожны зь якіх хоча атрымаць ад “Народнай Волі” 5 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG