Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зроблены пераклад інтэрфэйсу вэб-пошты GMail на беларускую мову


Юлія Шарова, Менск Электронная паштовая служба GMail, разьмешчанай на ўсясьветна вядомым пошукавым сайце google.com, неўзабаве набудзе беларускі інтэрфэйс. Пераклад сэрвісу завершаны, яго павінны зацьвердзіць цягам некалькіх тыдняў, паведамляе bybanner.com. Паводле водгукаў беларускіх інтэрнэтчыкаў, паштовая служба GMail у пэрспэктыве можа стаць сярод айчынных карыстальнікаў нават больш папулярнай, чым адпаведны сэрвіс партала TUT.by.

Google.com – адзін з самых папулярных і аўтарытэтных у сьвеце пошукавых сайтаў. Перакладам яго паштовага сэрвісу на беларускую мову займалася група асобаў, імёны якіх пакуль не раскрываюцца. Як і ў выпадку зь беларусізацыяй усяго Google’a, працу рабілі валянцёры. Ягор Шумскі, што тры гады таму перакладаў інтэрфэйс сайту пашукавіка, кажа, што нічога дзіўнага ў гэтым няма: амаль усе астатнія лінгвістычныя вэрсіі Google’а, у тым ліку расейская, рабіліся энтузіястамі.

Са словаў спадара Шумскага, у GMail сапраўды ёсьць шэраг тэхнічных перавагаў перад іншымі папулярнымі сярод айчынных карыстальнікаў паштовымі службамі.

(Шумскі: ) "GMail – гэта ўсясьветная служба, якая падтрымліваецца вядомым ужо апэратарам Google’ам, які адказвае за сваю якасьць. Сэрвіс значна лепшы, бо замест дваццаці мэгабайт, якія дае TUT.by, тут два гігабайты. Гэта значна болей. І гэта дае магчымасьць тыя ж песьні, напрыклад, перакідваць поштай. А з пункту гледжаньня беларускасьці, адна рэч, калі чалавек заходзіць зь Беларусі й бачыць беларускамоўны інтэрфэйс на беларускім нейкім сэрвісе, напрыклад на TUT.by – гэта адно стаўленьне. А калі ён заходзіць на ўсясьветна вядомы сэрвіс і бачыць, што яму прапаноўваюць беларускую мову, то ён адразу пачынае інакш ставіцца да беларускай мовы. То бок, я мяркую, гэта добра адаб’ецца на ягоным ўспрыманьні мовы".

Наш калега, рэдактар інтэрнэт-старонкі беларускай службы Свабоды Ўладзімер Каткоўскі, які таксама перакладаў інтэрвэйс Google’а, мяркуе, што Gmail даволі надзейная служба ня толькі з тэхнічнага гледзішча.

(Каткоўскі: ) "Як мы памятаем, часта ўзьнікалі пытаньні, ці кантралюе TUT.by пошту, ці даваў ён калісьці нейкія логі КГБ... Таму для людзей, якія не карыстаюцца дадатковай абаронай інфармацыі, шыфраваньнем пошты, больш пэўным у інфармацыйным пляне паштовы кліент – гэта GMail. Бо канечне ж ніхто зь беларускага КГБ туды не дабярэцца".

Разам з тым спэцыялісты заўважаюць, што гэтая новая спроба беларусізаваць глябальнае сеціва можа застацца незаўважанай паспалітымі карыстальнікамі. Так, для таго каб на кампутары аўтаматычна загружалася беларуская вэрсія Google’a, як правіла трэба выставіць адпаведныя наладкі на браўзэры (дадаць беларускую ў сьпіс моваў). Калі беларускай мовы ў сьпісе браўзэра няма, то звычайны карыстальнік, адчыняючы гэты сайт, часьцей за ўсё адразу ж трапляе на ягоную расейскую старонку або на ангельскую вэрсію. Тое ж самае, пэўна, будзе адбывацца і з поштай Gmail.

Гл. таксама • http://gmail.google.com/
XS
SM
MD
LG