Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе апыталі ўсіх сьведкаў у справе Андрэя Клімава


Любоў Лунёва, Менск Апазыцыйнага палітыка абвінавачваюць у арганізацыі акцыі 25 сакавіка, у часе правядзеньня якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Суд падышоў да працэдуры спрэчак. Назіральнікі лічаць, што цягам двух дзён будзе зачытаны прысуд. Пасьля гэтага Андрэя будуць судзіць у Першамайскім судзе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

Судзьдзя Сьвятлана Ганчар апытала апошніх сьведкаў, якіх заяўлялі бакі абароны і абвінавачаньня. Паводле іх сьведчаньняў, Андрэй Клімаў ня быў арганізатарам акцыі, бо дэманстрацыю разагналі прэвэнтыўна. Судзьдзя неаднаразова зьвярталася да падсуднага, каб ён прызнаў сваю арганізацыйную ролю. Андрэй Клімаў запэўніў суд, што ён запрашаў людзей прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць сваю пазыцыю і заклікаць Аляксандра Лукашэнку сысьці ў адстаўку да прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году. Але ніякага мітынгу не адбылося, бо міліцыянты не далі людзям нават сабрацца разам.

Нагадаем, 25 сакавіка ў часе так званай “зачысткі” амонаўцы затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Яны адбылі арышты ад трох да пятнаццаці сутак. Абаронцай Андрэя Клімава ў судзе зьяўляецца ягоная жонка Тацяна Леановіч. Яна будзе выступаць у спрэчках. Тацяна ўпершыню выконвае ролю адваката, таму папрасіла суд даць ёй час азнаёміцца са справай, каб падрыхтаваць сваю прамову.

(Леановіч: ) “Я нават яшчэ не азнаёмілася з крымінальнай справай. Мушу падрыхтавацца да выступу ў якасьці праваабаронцы, каб пераканаць суд у тым, што мой муж ні ў чым не вінаваты. Справа цалкам палітычная, заангажаваная. Майго мужа трымаюць пад вартай як небясьпечнага злачынцу. Ён трымаецца мужна. Мяне гэта супакойвае і надае сілы трымацца таксама мужна”.

Паплечнік Андрэя Клімава Цімафей Дранчук мяркуе, што, нягледзячы на паказаньні сьведкаў і відэазапіс акцыі, суд не апраўдае апазыцыйнага палітыка.

(Дранчук: ) “Справа крымінальная ў іх не складаецца. Гэта больш відавочна, чым у справе Статкевіча і Севярынца, таму што ніякіх падставаў заводзіць крымінальную справу ў іх няма. Яны спрабуюць нешта даказаць, але гэта ў іх не атрымліваецца. Гэта відаць з паводзінаў абвінаваўцы, які блытаецца ў матэрыялах справы. Тым ня менш, у нас ужо ёсьць зусім нядаўні яскравы прыклад у справе Статкевіча і Севярынца. Там таксама не было ніякіх доказаў, але ім далі па тры гады “хіміі”. Спадзявацца, што Клімава апраўдаюць, таксама падставаў пакуль няма”.

У судзе прысутнічала шмат людзей розных палітычных поглядаў. Яны ўсе схіляюцца да думкі, што судовы працэс над Андрэем Клімавым ёсьць палітычным і паказальным. Гаворыць Галіна Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Ну, на скрайні выпадак гэта магла быць адміністрацыйная справа. Тое, што яго трымаюць у кайданках, гэта папросту зьдзек нават са здаровага сэнсу, а ня толькі з асобы, з правоў чалавека. Гэта вельмі небясьпечная тэндэнцыя. Ён хацеў, як ва ўсіх цывілізаваных краінах, зьмены ўлады, якая шмат каго не задавальняе. Але тыя, хто не задаволеныя, ня маюць ні трыбуны, ні іншай магчымасьці выказаць сваё стаўленьне. Дык цяпер у іх адабралі і вуліцу. Гэта суд ня проста над Клімавым. Гэта суд над рэшткамі беларускай дэмакратыі. Гэта паказальны суд над любым іншадумствам”.

Андрэя Клімава ахоўвае гарадзкі канвой. У судовай залі яго трымаюць у клетцы, як небясьпечнага злачынцу. У часе перапынку амонаўцы выдаляюць усіх прысутных з калідору, каб ніхто ня меў магчымасьці падтрымаць Андрэя словамі. Ён напрыканцы судовага паседжаньня запэўніў судзьдзю, што не баіцца нават самага жорсткага прысуду і што будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, бо да таго часу кардынальна зьменіцца палітычная сытуацыя ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG