Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савічы на мяжы Чарнобыльскай зоны (з аўдыё і фотагалерэяй)


Ягор Маёрчык, Савічы, Брагінскі раён, Гомельшчына (эфір 6 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Адразу і ня сьцяміш, дзе тут зона, а дзе не. На скрыжаваньні ўказальнікаў няма. Гэта толькі пазьней я даведаўся, што праваруч збочыш — на мёртвыя тэрыторыі патрапіш, наўпрост — да Савічаў дабярэсься. Але ўрэшце ўсё адно ўткнесься ў КПП Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку, бо вёска гэтая стаіць на самай мяжы.

Вялікі дзякуй тутэйшаму чалавеку, кіроўцу будаўнічага крана Міхалу Салаўю. Я яго падкінуў да родных Савічаў, а ён дапамог ня зьбіцца з дарогі і не парушыць закон. У машыне атрымалася такая размова:

(Салавей: ) “Высяляцца нас надта не прымушалі. Адзін сарваўся, і, гледзячы на яго, астатнія пачалі выселяцца. Хто куды: у Берасьцейскую вобласьць, у Менскую, у Лоеўскі раён і ў Рагачоўскі. Такія добрыя дамы ў Савічах пакідалі, а атрымалі там развалюхі”.

(Карэспандэнт: ) “Штам людзей павярталася?”

(Салавей: ) “Вельмі шмат. Тыя, хто вярнуўся адразу, жывыя і па сёньня. А тыя, хто выехалі назаўсёды, пакутавалі. Ад тых перасяленцаў шарахаліся, як ад нейкай напасьці, як ад чарцей, бо людзі вельмі моцна баяліся радыяцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі пакінулі тут сваю маёмасьць. Яе нехта ахоўваў? Ніхто не рабаваў? Усё засталося на месцы?”

(Салавей: ) “Першы час асабліва жаўнеры цэлымі машынамі пасылкі адпраўлялі”.

(Карэспандэнт: ) “Ля Савічаў і запаведнік пачынаецца...”

(Салавей: ) “Запаведнік дротам агароджаны. Адразу і была і сыгналізацыя. Усё пападала. Людзі туды езьдзяць. Але там ужо няма чаго браць. Туды асабліва з Украіны вельмі шмат людзей езьдзіць. Людзі там лазьні і дамы пакідалі, а яны іх на домікі разьбіраюць”.

(Карэспандэнт: ) “Пабочная асоба ў зону можна патрапіць? Ці яго спыняць?”

(Салавей: ) “Калі ён ведае дарогу, праедзе без праблемаў. Хто б тут ні стаяў, але калі я тут пяцьдзясят год пражыў, я сьцежкамі яго абыду. Калі нават машынаю не праеду, на коніку змагу”.



Ад Савічаў да Чарнобылю — нейкіх 17 кілямэтраў. Вёску адсялілі за першыя дні пасьля выбуху на атамнай станцыі. Дэпартацыя адбывалася паводле лёгікі, якой насельніцтва не разумела. Вялікія Савічы выселілі, а суседнія вёсачкі пакінулі. Затым мясцовыя ўлады абвясьцілі засяленьне. Колішніх жыхароў паставілі перад фактам: “Калі вы ня вернецеся, вашыя хаты аддадуць іншым”. На частку людзей ультыматум падзейнічаў.

Пэнсіянэр Аўген Нікіцін тутэйшы — і адначасна нетутэйшы. Сам ён з гэтых краёў, але ў Савічах жыве адносна нядаўна.

(Нікіцін: ) “Я сам са Сьцепанова. Я і ў Ігрушным жыў, і ў Полацку жыў, ва Ўкраіне нават жыў”.

(Карэспандэнт: ) “Вас туды перасялялі?”

(Нікіцін: ) “Нас выселялі ў Ігрушнае. А пасьля я быў у Дуравічах Буда-Кашалёўскага раёну”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму адтуль зьехалі?”

(Нікіцін: ) “Там мне патрапілася такая хата, што было немагчыма. Торфу набярэш, а ён гарэць ня хоча. Сюды вярнуліся і жывом. Калі я сюды вярнуўся, было 170 сем’яў, а цяпер толькі дваццаць засталося”.

(Карэспандэнт: ) “У зону ходзіце?”

(Нікіцін: ) “Цяпер не, а раней хадзіў. Хадзіў глядзець на сваю хату. У мяне такая хата была, што можна пятнаццаць чалавек спаць пакласьці. Шкада, што адтуль выехалі. Каб мне дазволілі цяпер вярнуцца ў сваю хату, я б пайшоў. Натуральна, што мяне туды цягне — гэта ж мая радзіма”.



(Карэспандэнт: ) “Але там радыяцыя...”

(Нікіцін: ) “Яе і тут хапае!”

(Карэспандэнт: ) “А вы ведаеце, якое тут забруджаньне?”

(Нікіцін: ) “А чорт яго ведае!”

Пра колішняе жыцьцё Савічаў можна меркаваць паводле мураваных будынкаў крамаў, канторы калгасу, клюбу. Усё закінутае. Вокнаў і дзьвярэй няма. Часам шчылінамі зеўраюць і дахі. А на ўскрайку вёскі я пабачыў іржавы камбайн. Некалі яго кінулі ў чыстым полі. Цяпер антураж зусім іншы: быльнёг і дрэвы.



Захоча жыхар Савічаў уладкавацца на працу, і яму асабліва няма з чаго выбіраць. Ёсьць КПП запаведніку, і ёсьць лясьніцтва, якое маюць перанесьці ў іншую вёску. Але каго гэта турбуе? Мала каго. Працуюць тут лічаныя адзінкі. Астатнія даўно на пэнсіі.

Фармальна Сьцепаніда Жураўская жыве ня ў Брагінскім раёне Гомельшчыны, а за некалькі сотняў кілямэтраў — у Менску. Мы сядзім у вясковай хаце мянчучкі. Яна трымаецца за калена. Расьцірае яго і такім чынам ратуецца ад болю.

(Жураўская: ) “Мая дачка Сьвета прыехала, выпісала зь сельсавету ды прыпісала ў Менску. Я кажу: “Донька, хоць пашпарт пакінь!” І пашпарта мне не дала. Яна там “чарнобыльскі” тэлефон праводзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Да дочкі ў Менск ня хочаце?”

(Жураўская: ) “Не паеду, бо там культура вялікая! Пакуль не памру, буду жыць тут. Хай пасьля прыедуць і хаваюць. Хочацца пажыць, а здароўя ўжо няма. У мяне ногі баляць”.

(Карэспандэнт: ) “А што лекары пра ногі кажуць?”

(Жураўская: ) “Кажуць, што нічога зрабіць немагчыма. Калі яны ў мяне не згіналіся, лекар агледзеў і сказаў, што я цалкам здаровая, а ногі не ідуць ад радыяцыі”.



(Карэспандэнт: ) “У вёсцы шмат людзей паўмірала?”

(Жураўская: ) “Багата. Асабліва шмат маладых памірае. Тут творацца розныя безабразіі. Людзі п’юць, нідзе не працуюць, а ходзяць красьці. Я некалі была перадавой працоўнай, дэпутатам была, а цяпер бачыце, як пра мяне начальства клапоціцца!”

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што да вас Лукашэнка прыяжджаў”.

(Жураўская: ) “Так, быў ён тут. Я сама яму руку падавала. Ён нават паціснуў. Да ягонага візыту добра рыхтаваліся: усяго тут панавозілі, у краме багата чаго было. Лукашэнка паехаў, і яны ўсё сабе пазабіралі”.

Тое, што ў Беларусі ганаровымі шыльдамі азначаюць месцы візытаў Аляксандра Лукашэнкі — не навіна. Але ў Савічаў з гэтым недарэчнасьць атрымалася. Кіраўнік Беларусі сюды заяжджаў, у вясковую краму нават заходзіў, і будынак той яшчэ стаіць на месцы. Ды толькі ніякага гандлю тут даўно не вядзецца. Атрымліваецца, што шыльду павесіць ёсьць куды, ды толькі глядзець на яе ня будзе каму.



Дайце Ганьне Яцкевіч кнігу скаргаў сельсавету ці нават райвыканкаму, і яна там напіша толькі два словы: “Вярніце краму!”

(Яцкевіч: ) “Трэба, каб у Савічах адчынілі краму. Няма каму трымаць краму. Мая дачка ў ёй працавала. Пайшла ў шлюб і зьехала адсюль”.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо ў Савічах не знайшлося ніводнага хлопца, што вы апошнюю дзеўку аддалі ў іншую вёску!?”

(Яцкевіч: ) “Яна ўжо была ў шлюбе. З тым яна не зжылася. А гэта ўжо іншы адшукаўся”.

(Карэспандэнт: ) “А цяпер да вас аўталаўка езьдзіць?”

(Яцкевіч: ) “Ніхто ня езьдзіць! У краму ходзім у суседнюю вёску. А старыя людзі з кіёчкамі ледзь туды дапаўзаюць. Людзі падаюць і гінуць. Усё ад радыяцыі. Калі б мы тут не выпівалі, ужо бы даўно і Савічаў не было”.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо ад ста грамаў лягчэй становіцца?”

(Яцкевіч: ) “Каб вы ведалі, наколькі падымаецца тонус!”

(Карэспандэнт: ) “А людзі адчуваюць, што дзяржава пра іх клапоціцца?”

(Яцкевіч: ) “У нас у суботу быў канцэрт з танцамі”.

(Карэспандэнт: ) “І вы танчылі?”

(Яцкевіч: ) “А як жа! Усё танчылі, і ўсё песьні сьпявалі. Тут была... Як гэта называецца, калі грыміць на вуліцу?”

(Карэспандэнт: ) “Дыскатэка”.

(Яцкевіч: ) “Дыскатэка. І на ёй мы частушкі сьпявалі, хто як мог”.

На вясковай дыскатэцы “для тых, каму за 60” 16-гадоваму Вадзіму было сумна. З хлопцам я пазнаёміўся на ганку колішняга вясковага клюбу (пазьней там была сталоўка для вайскоўцаў, якія ахоўвалі зону). Да гэтага падзеі разьвіваліся так. Сутоньне. Іду я па спусьцелай вуліцы, вакол закінутыя хаты. Чую недзе побач гукі пілы.



Праз кустоўе прабіраюся да будынку і бачу трох падлеткаў. Яны пілуюць на дровы аконныя рамы. Ад пытаньня “што робіце?” спачатку зьбянтэжыліся, а пасьля разам затараторылі, маўляў, “майструем, клюб хочам аднавіць”.

(Карэспандэнт: ) “Школа вашая далёка?”

(Вадзім: ) “Дваццаць пяць кілямэтраў”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі вучняў з Савічаў?”

(Вадзім: ) “Восем чалавек. Я ўжо школу скончыў”.

(Карэспандэнт: ) “І чым цяпер займацца будзеш?”

(Вадзім: ) “Буду вучыцца”.

(Карэспандэнт: ) “А кім ты хочаш стаць?”

(Вадзім: ) “Я ўжо троху адвучыўся на трактарыста. Трэба яшчэ падвучыцца”.



(Карэспандэнт: ) “Калі вывучысься, сюды вернесься, альбо зьедзеш?”

(Вадзім: ) “Для мяне няма розьніцы”.

(Карэспандэнт: ) “Але некаторыя выбіраюць чыстую зону...”

(Вадзім: ) “А я прызвычаіўся, таму мне бяз розьніцы”.



Людзі, якія жывуць у забруджаных Савічах, радыяцыі не баяцца. Хоць менавіта іхнаму здароўю яна пагражае штохвіліны. Радыянукліды болей турбуюць тых, хто знаходзіцца на чыстай тэрыторыі, далёка да Чарнобылю.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG