Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адбылася прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Фядуты “Лукашэнка. Палітычная біяграфія”


Ганна Соусь, Менск Як заявіў сам аўтар, “гэта першая ў сьвеце палітычная біяграфія Аляксандра Лукашэнкі, якую напісаў чалец яго першага перадвыбарчага штабу, які пазьней адмовіўся ўдзельнічаць у станаўленьні дыктатуры ў Беларусі”. Дзесяцітысячны наклад кнігі будзе бясплатна распаўсюджвацца ў Беларусі.

Прадстаўляючы “Палітычную біяграфію” Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнік праекту пісьменьнік Яўген Будзінас сказаў, што ў падрыхтоўцы кнігі бралі ўдзел такія вядомыя асобы як Юры Хашчавацкі, Васіль Лявонаў, Генадзь Грушавы, расейцы Леў Цімафеяў, Анатоль Стрэляны ды іншыя.

(Будзінас: ) “Уся гэтая каманда на чале з Фядутам паспрабавала паказаць, што гутарка ідзе, безумоўна, не пра выпадковага прэзыдэнта. Ёсьць глыбінныя прычыны, ёсьць эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, чалавечыя, бытавыя прычыны, чаму гэты чалавек аказаўся ва ўладзе, чаму ён так упэўнена дагэтуль трымаецца…”. Аляксандар Фядута зьбіраецца найбліжэйшымі днямі даслаць кнігу яе галоўнаму пэрсанажу – Аляксандру Лукашэнку. Але аўтар не выключае, што Лукашэнка ўжо прачытаў сваю палітычную біяграфію.

(Фядута: ) “Паколькі я ведаю, што 100 асобнікаў кніжкі было канфіскавана, то спадзяюся, што адзін з асобнікаў ужо дайшоў да галоўнага героя. Магчыма, не. Я ня ведаю, якой будзе ягоная рэакцыя на гэтую кнігу. Магу сказаць адно: я ня ўтойваў нічога, што можна паставіць яму ў якасьці заслугі, і нічога, што можна паставіць яму ў якасьці абвінавачваньня. Я вельмі хацеў быць аб’ектыўным. З тых, хто прачытаў гэтую кнігу ўжо, былі некалькі выказваньняў, якія для мяне вельмі дарагія і вельмі сумныя, таму што мой пэсымізм, а я сапраўды пэсыміст, ужо адчулі людзі, якія чыталі”. Адзін з фундатараў кнігі старшыня фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы лічыць, што “Палітычная біяграфія” Лукашэнкі – гэта не літаратурны твор і не палітычныя мэмуары, а найбольш важкі і сур’ёзны палітычны праект для Беларусі. (Грушавы: ) “Калі гэтая кніга знойдзе шлях да беларусаў, а яна знойдзе гэты шлях, прычым незалежна ад таго, як яны ставяцца да сёньняшняга прэзыдэнта – ухваляюць ці лаяцца на яго. Кожны з гэтых чытачоў адкрые тую таямніцу, якую сам для сабе адкрыць ня мог, калі ўхваляў ці лаяў. І ў гэтым сэнсе ніякія кангрэсы, ніякія зьезды і рухі ня могуць пераважыць тое, што можа зрабіць гэтая кніга”.

Распаўсюджвацца “Палітычная біяграфія” Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі будзе бясплатна. Як паведаміў лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Воля народу” Аляксандар Казулін, які быў асноўным фундатарам выданьня, кнігі ўжо пачалі развазіць па рэгіёнах Беларусі. А вось у Расеі, дзе кніга была выдадзеная, “Палітычная біяграфія” Лукашэнкі ўжо прадаецца, і, як засьведчыў пісьменьнік Яўген Будзінас, карыстаецца вялікім попытам у маскоўскіх крамах і на кніжных кірмашах.
XS
SM
MD
LG