Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго баяцца людзі? Спэцыяльны рэпартаж


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Няма ў сьвеце такога чалавека, які б ні разу ў жыцьці ня меў пачуцьця страху. Хоць нечага, але баіцца абсалютная большасьць людзей. Чаго баяцца дзеці і дарослыя? Ці існуюць страхі, уласьцівыя жыхарам канктрэтнай краіны? І як, урэшце, пераадолець свае страхі?

Страх – натуральныя эмоцыі здаровага нармальнага чалавека, - сьцвярджаюць псыхолягі ды мэдыкі. Страхі пачынаюцца з дзяцінства. Вось што распавялі 5-гадовыя выхаванцы аднога з садкоў Магілёву.

(Дзяўчына: ) «Я баюся тарнада, мядзьведзя й зубра. Таму што мядзьведзя ўсе баяцца ў лесе і паважаюць, а зубар – цар звярэй. А тарнада можа зьнесьці ўвесь дом, нават калі ён вельмі вялікі».

(Іншая дзяўчына: ) «Мне сьнілася Баба-Яга».

(Хлопчык: ) «Таму што цемра – яна вельмі злая. Яна можа напужаць» . (Іншы хлопчык: ) «Я баюся троля, прывіда і адзін на вуліцы хадзіць ноччу».

(Хлопчык: ) «А я баюся прывідаў!»

(Іншы хлопчык: ) «А я яшчэ баюся монстра – правіцеля ўсіх монстраў!»

Спрэчкі пра тое, ці ня шкодна дзецям глядзець “страшылкі” і мульцікі пра монстраў, не сьціхаюць, і адзінага меркаваньня на гэты конт няма. Адныя лічаць, што трэба іх забараніць, бо яны пужаюць дзяцей, выклікаюць неспакой і паніку, а іншыя гавораць – няхай глядзяць, гэта трэніроўка храбрасьці і пераадоленьня страхаў. Выхавацелька дзяцей, якія вясёла распавядалі пра свае страхі, сьцвярджае, што няма розьніцы - глядзяць яны пра муху-цакатуху альбо пра чалавека-павука! Спадарыня Яніна лічыць: дзеці ва ўсе часы баяцца аднаго і таго ж - цемры, болю... Ну а найбольш сур''ёзны страх – страта бацькоў.

(Яніна: ) "Гэта трэба глядзець, што адбываецца ў сям''і. Калі скандалы, то дзеці таксама на іх рэагуюць, і потым ім сьняцца страшныя сны, і яны нібыта баяцца страціціь і бацьку, і маці, яны хочуць быць разам з абодвума, каб усё было ціха і мірна ў доме".

Дарослыя таксама, як і дзеці, баяцца, але трохі саромяцца прызнавацца ў гэтым. Хаця распавесьці пра страх – значыць зрабіць першы крок да яго пераадоленьня, сьцвярджаюць псыхолягі.

(Спадарыня: ) "Я баюся цемры ў абмежаванай прасторы. Напрыклад, калі ліфт спыніўся, то гэта для мяне самае страшнае. Мне не хапае паветра, мне няма чым дыхаць, і мне падаецца, што я зараз памру і ўсё!".

(Іншая спадарыня: ) "Хуткасьці. У мяне сэрца заходзіцца ад вялікай хуткасьці, калі еду ў машыне".

(Спадарыня: ) "Вельмі баюся вышыні. Я пражыла 25 гадоў на 8-м паверсе, і ў мяне страх, калі выходзяць дзеці на гаўбец, і цяпер застаўся. У мяне пачынаюцца дрыжыкі".

(Іншая спадарыня: ) "Нейкія бываюць страхі і сны, калі дзеці маленькія былі і цяпер, калі маленькія ўнукі. Канечне, баюся менавіта за дзяцей заўсёды".

(Спадарыня: ) "А я баюся часу. Што прыйдзе такі час, што прыеду на лецішча (я вельмі люблю кветкі), усё хачу зрабіць, а не магу. Таму што ўжо старасьць".

(Спадар: ) “Страх страціць празь нейкую хваробу ці жыцьцёвую сытуацыю сваё асяродзьдзе, падтрымку іншых людзей, застацца не пры справе ў гэтым грамадзтве – напэўна, гэты страх будзе галоўным. Але я аптыміст, і гэтым страхам не даю ходу”.

Рэйтынг страхаў вывеў Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі. Найбольш расейцы баяцца рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця – аж да голаду, на другім месцы – страх тэрарыстычных актаў і трэцюю пазыцыю займае пагроза экалягічнай катастрофы.

Увогуле ж усе страхі людзей можна падзяліць на дзьве вялікія катэгорыі: страх сьмерці і страх страты свайго сацыяльнага «я». Астатняе – толькі нюансы. Насамрэч людзі баяцца, напрыклад, не цемры і не тэрарыстаў, а сьмяротнай небясьпекі.

Але ёсьць людзі, якія мала баяцца. Звычайна яны зь ліку маладых, якія ня маюць жыцьцёвага досьведу, і вернікі.

(Спадарыня: ) "Я – хрысьціянка, я не баюся нічога, я да ўсяго гатовая. У Бібліі напісана, што трэба спадзявацца на Госпада, і тады нават сьмерць не страшная, а тым больш гэтыя ўсялякія чалавечыя напасьці".

Апрача звычайных, ёсьць і сацыяльныя страхі. І нават простыя людзі распавядаюць, што баяцца глябальных непрыемнасьцяў.

(Спадарыня: ) “За будучыню беларускага народу. Бо задумваесься, што такое Беларусь. Думаеш, самі сябе ня цэнім, ня любім, і мы страчваемся, раствараемся ў гэтым вялізным сьвеце. Таму страшна, як дзеці, унукі будуць жыць”.

Ці існуюць страхі, уласьцівыя для жыхароў канкрэтнай краіны? Некаторыя асаблівасьці ёсьць: напрыклад, у Савецкім Саюзе калісьці баяліся распавесьці ня той анэкдот, ды і ў Беларусі цяпер многія баяцца сказаць лішняе, што не спадабаецца ўладам. Але ў большасьці ва ўсім сьвеце баяцца аднаго і таго ж: страціціь працу, стаць бедным. Гэта найбольш распаўсюджаныя сацыяльныя страхі.

Бадай самым распаўсюджаным страхам беларусаў, асабліва сталага ўзросту, называюць страх страціціь бацькоў ці апекуноў і застацца адным.

(Спадарыня: ) "У мяне засталася адна маці, і вось прыйдзе такі дзень, калі яе ня будзе. Гэта мне страшна. Я ад гэтага штодня пакутую".

Гаворыць магілёўскі доктар Васіль Аўраменка.

(Аўраменка: ) “Сур''ёзны страх, і ў беларусаў больш, чым у іншых, -гэта застацца адным. Раней кожны быў упэунены, што ў любой сытуацыі будзе абаронены, адзін не застанецца. Калі не сваякі, то грамадзтва паможа. Зараз такой упэўненасьці няма, таму гэты страх нават і галоўны”.

Таксама лічыцца, што беларусам уласьцівы страх вайны, бо ад яе шмат пацярпелі. Старыя гавораць: усё можам перажыць, абы толькі вайны не было... Аднак мае суразмоўцы гаварылі: ім непрыемна, калі страх вайны нагнятаецца, як гэта было апошнім часам.

(Спадарыня: ) "Не люблю, калі нагнятаюць страх звонку. Як бы я з павагай ня ставілася да памяці пра вайну, да мінулага, колькі гэта нагняталася – гэтыя фільмы, гэты гвалт… Абараняюся ад гэтага».

Заўсёды ёсьць небясьпека, што страх чалавека прыме больш хваравітую форму і стане фобіяй. Вядомая вялікая колькасьць самых розных фобіяў: існуе, напрыклад, боязь папы рымскага – папафобія, ці боязь выказаць сваё меркаваньне – доксафобія. Калі страх пачынае перашкаджаць чалавеку жыць, і ён сам ня можа справіцца зь ім, трэба ісьці да псыхатэрапэўтаў. А са звычайнымі страхамі чалавек мусіць змагацца сам, упэўнены лекар Васіль Аўраменка.

(Аўраменка: ) “Пераадольваючы страх, іншыя адмоўныя эмоцыі свайго жыцьця, чалавек самасьцьвярджаецца, заваёўвае нейкую плошчу ўласнай самапавагі і павагі іншых. Так што са страхамі трэба змагацца. Гэта як раз тая эмоцыя, з якой трэба змагацца і перамагаць”.
XS
SM
MD
LG