Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску прэзэнтаваная "Хроніка парушэньня правоў чалавека ў 2004 годзе"


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Менску прайшла прэзэнтацыя штогадовага агляду-хронікі “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе”, падрыхтаванага незарэгістраваным праваабарончым цэнтрам “Вясна”. У ім храналягічна зафіксаваныя ўсе факты ціску і рэпрэсіяў уладаў супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Аўтары агляду адзначаюць, што летась сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі няўхільна пагаршалася.

Гэта ўжо восьмы агляд парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, падрыхтаваны праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Зборнік складае каля 400 старонак, і ў ім у храналягічным парадку зьмешчаныя фаты парушэньня беларускімі ўладамі правоў чалавека. Такім чынам, формай падачы матэрыялу хроніка адрозьніваецца ад падобных выданьняў папярэдніх гадоў. Гаворыць адзін за аўтараў агляду, старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Сама структура агляду гэтым разам у нас зьмененая. Калі раней мы рабілі тэматычныя разьдзелы, то гэтым разам мы выбралі хранікальнае распалажэньне матэрыялаў. І трэба сказаць, што вось такое распалажэньне асабіста мяне ўражвае. Таму што ўбачыць, як за нейкую канкрэтную дату мы бачым, як нейкія падзеі фактычна адбываюцца па ўсёй краіне ў адзін і той жа дзень. Проста відаць гэты ток жыцьця і тое грамадзка-палітычнае напружаньне, няпростая сытуацыя, якая ёсьць у Беларусі, яна навідавоку”.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” таксама адзначыў, што за апошні год сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна пагоршылася. Алесь Бяляцкі працягвае:

(Бяляцкі: ) “Трэба сказаць, што гэта быў дастаткова напружаны год, бо праходзілі парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум. І дастаткова шмат нейкіх эпізодаў, парушэньняў і фактаў тычацца ў нас якраз восені 2004 году. Але, тым ня менш, можна заўважыць, як цягам гэтага году сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі няўхільна пагаршалася. Узьнікалі новыя крымінальныя справы, зьявіліся новыя людзі, якія сядзяць у турмах. Улады працягваюць проста брутальна парушаць правы чалавека ў Беларусі, не зважаючы на міжнародную рэакцыю, на рэакцыю сваіх грамадзянаў”.

Аўтары агляду дакладна занатоўвалі ўсе істотныя факты парушэньня правоў чалавека і прозьвішчы тых, хто ажыцьцяўляў рэпрэсіі, бо лічаць, што гэтыя сьведчаньні спатрэбяцца падчас будучых судовых разьбіральніцтваў. Агляд выдадзены па-беларуску, па-ангельску і па-расейску і будзе накіраваны ў многія міжнародныя й праваабарончыя арганізацыі.
XS
SM
MD
LG