Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ўпершыню бяруць удзел у акцыі легалізацыі эмігрантаў ў Гішпаніі


Ганна Сурмач, Прага У гэтым годзе гішпанскія ўлады вырашылі ажыцьцявіць найбуйнешую ў гісторыі краіны акцыю легалізацыі эмігрантаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гішпаніі і працуюць нелегальна. У гэтым працэсе сёлета бяруць удзел і працоўныя эмігранты зь Беларусі.

У адпаведнасьці зь дзяржаўнаю праграмаю права на легалізацыю маглі атрымаць каля мільёну эмігрантаў. Яны павінны былі падаць дакумэнты цягам трох месяцаў, зь 7 лютага да 7 траўня. Месяц таму гэты тэрмін скончыўся і зараз адпаведныя дзяржаўныя структуры разглядаюць заявы, так што сам працэс легалізацыі працягнецца яшчэ даволі доўга.

Сёлетняя акцыя – ня першая ў Гішпаніі, такая практыка існавала і раней, але гэтая адрозьніваецца ня толькі колькасьцю ўдзельнікаў, але і больш жорсткімі ўмовамі.

(Уладзіслаў: ) "Мінулая была каля 4 гадоў таму, яна была больш ляяльнаю, а зараз умовы дастаткова жорсткія. Трэба было знайсьці працадаўцу, які даў бы вам кантракт на паўгоду працы. Мінулая легалізацыя праходзіла для ўсіх, хто знаходзіўся да пэўнай даты ў Гішпаніі, без кантрактаў, без нічога”.

Гэта быў сп. Уладзіслаў, эмігрант зь Беларусі, які падаў свае дакумэнты на легалізацыю.

На маё пытаньне, што гэта дае для эмігранта, сп. Уладзіслаў сказаў, што даволі многае – найперш, права на жыхарства і працу, магчымасьць выезду ў іншыя краіны Эўразьвязу. У выпадку, калі чалавек мае добры кантракт, ён можна браць у крэдыт кватэру, машыну і ўсё іншае.

Уладзіслаў, як і другі ўдзельнік нашай перадачы Зьміцер, абодва яны папрасілі не называць іх прозьвішчаў, жывуць у Барсэлёне, адміністрацыйным цэнтры Каталёніі. Вядома, што найбольш заяваў на легалізацыю паступіла менавіта ў Барсэлёне і Мадрыдзе .

Сярод удзельнікаў акцыі ўпершыню выявілі актыўнасьць і беларусы. Як сказаў Зьміцер, чатыры гады таму, калі адбывалася папярэдняя легалізацыя, беларусаў ў Гішпаніі амаль не было. Сам ён жыве там ужо амаль чатыры гады. А цяпер, як сьцьвярджае Зьміцер, ужо шмат хто падаў заявы.

(Зьміцер: ) "Так, шмат, шмат. Трэба заўважыць, што, нягледзячы на тое, што мы ў Гішпаніі ня маем амбасады, консульства, нічога, даволі хутка рабілі для нас дакумэнты ў Беларусі, украінцам было значна цяжэй”.

(Карэспандэнт: ) "Якія Вы маеце на ўвазе дакумэнты зь Беларусі?"

(Зьміцер: ) "Патрабаваньні былі наступныя. Першае - гэта тэрмін вашага знаходжаньня на тэрыторыі Гішпаніі, другое - гэта мець кантракт зь фірмаю ці асобаю, якая абяцае вам працу. Таксама трэба было мець пацьвярджэньне зь Беларусі, што ты не знаходзішся ў вышуку ў сваёй краіне”.

(Карэспандэнт: ) "Так што ўлады Беларусі не перашкаджалі?"

(Зьміцер: ) "Не перашкаджалі, калі чалавек ня быў у вышуку, ня меў ніякіх праблемаў у сваёй краіне, то беларускія ўлады нічога ня мелі супраць”.

(Карэспандэнт: ) "Давялося стаяць у чэргах, каб падаць дакумэнты?"

(Зьміцер: ) "Не, дакумэнты падавалі ўжо адвакаты. Калі Вы падаеце ад фірмы, то робіць усё адвакат фірмы, толькі ён мае права. У гэтым працэсе Вы робіце толькі дзьве рэчы - падпісваеце кантракт і чакаеце”.

(Карэспандэнт: ) "Гішпанскія ўлады напачатку аб’явілі аб тым, што будуць ствараць эмігрантам самыя спрыяльныя ўмовы, каб прайсьці гэты працэс. Як было на самай справе, ці ўсе мелі магчымасьць падаць дакумэнты?"

(Зьміцер: ) "Тут знаходзіцца значна больш людзей, некаторыя зь іх ня мелі ніякай прапіскі, ніякага дакумэнта аб тым, што яны знаходзяцца ў Гішпаніі, а шмат хто зь іх жыве тут 3-4 гады, але такіх дакумэнтаў ня мелі і яны не маглі падаць дакумэнты на легалізацыю. Былі таксама праблемы і з тым, каб знайсьці кантракт на працу”.

(Карэспандэнт : ) "Вось як раз я і хацела задаць Вам гэтае пытаньне, наколькі складана было выканаць гэтую, можна сказаць, галоўную ўмову легалізацыі?"

(Зьміцер: ) "Гэта было вельмі цяжка, бо яны патрабавалі, каб кожны, хто будзе падаваць заяву на легалізацыю, каб за таго ягоная фірма- працадаўца плаціла дзяржаве падатак. Гэта недзе ад 200 эўра для тых, хто працуе ў хатнім сэрвісе (напрыклад, даглядаюць старых) , і для астатніх недзе каля 400 эўра, а ў маім выпадку нават 600 эўра, кожны месяц фірма павінна плаціць за гэтага працаўніка дзяржаве. Большая частка фірмаў, якія мелі такіх працаўнікоў, зрабілі наступным чынам – вырашылі, што гэтыя грошы павінен плаціць сам эмігрант са сваёй зарплаты. Такім чынам, калі ваша зарплата 800 ці 1000 эўра, то падатак з гэтай сумы складае 600 эўра. 200 эўра мінімальна плаціце за жытло, так што нешта адкласьці немагчыма. Трэба выбіраць, калі Вы жадаеце мець права на працу, то трэба неяк вытрымаць у гэтым цяжкім стане 6 месяцаў. А потым трэба шукаць іншую фірму”.

(Карэспандэнт : ) "Чаму менавіта 6 месяцаў?"

(Зьміцер: ) "Першы кантракт патрабуецца на 6 месяцаў, далей Вы проста павінны знайсьці фірму, якая будзе плаціць Вам, напрыклад, 1000 эўра і за Вас яна будзе яшчэ плаціць гэты падатак.

Справа выглядае так, што калі чалавек ня знойдзе сабе потым менавіта такіх ўмоваў для працы, то яму проста далей ня будзе сэнсу працаваць у Гішпаніі, бо ўсе заробкі пойдуць толькі на падаткі і пражываньне.

Праблемы могуць быць і ў гэты першы - шасьцімесячны перыяд. Напрыклад, шмат хто з эмігрантаў ня змог знайсьці працы па кантракце і фармальна дамовіўся зь нейкай знаёмай фірмаю пра тое, што яны выдадуць яму дакумэнт, а ён цягам шасьці месяцаў будзе плаціць фірме па 400 эўра для аплаты падатку. А тым часам гэты чалавек мусіць шукаць у іншым мейсцы ізноў нелегальную працу, каб быць здольным плаціць падатак і жыць да атрыманьня дакумэнтаў".

(Карэспандэнт: ) "Зьміцер, а калі Вы, напрыклад, заплацілі за два, ці тры месяцы, а далей ня маеце грошай, у Вас адбяруць гэтае права на легалізацыю?"

(Зьміцер: ) "Так, калі Вы ня знойдзеце тых грошай. Дарэчы, праблема можа ўзьнікнуць і ў такім выпадку, калі, напрыклад, Ваш шэф не заплаціць за Вас падаткі, хаця Вы яму заплацілі, бо Вы ня ведаеце, ці ён перавёў іх дзяржаве, ці паклаў сабе ў кішэню. Вы толькі маеце права кожны месяц пытацца ў офісе, які зьбірае падаткі, ці заплаціў шэф за Вас. Калі ён не заплаціць, Вы нічога ня зробіце і можаце страціць дакумэнты”.

(Карэспандэнт: ) "Але, не зважаючы на ўсе гэтыя праблемы, эмігранты ўсё ж выкарысталі гэтую магчымасьць легалізавацца? За гэта, фактычна, і плацяць".

(Зьміцер: ) "А што было рабіць, іншай магчымасьці не было. Час пакажа, за што кожны з нас заплаціў. Трэба было спрабаваць, каб потым знайсьці лепшую працу. Калі Вы будзеце мець дакумэнты, з Вамі ўжо будуць размаўляць”.

(Карэспандэнт: ) "Як увогуле жывецца ў Гішпаніі тым беларусам, якія прыехалі туды на заробкі?"

(Зьміцер: ) "Для беларусаў я кажу, што ехаць у Гішпанію, Партугалію ці Грэцыю няма ніякага сэнсу. Калі Вы дома зарабляеце, напрыклад, 100 эўра, то ўжо няма сэнсу ехаць сюды. Тут хлопцы жывуць цяжка, на ўсім эканомяць. Вы тут можаце адзін месяц знайсьці працу на 800 эўра, зь іх Вы больш паловы патраціце на жытло і ежу, а другі месяц ня будзеце мець працы і патраціце астатняе, так што нічога не заробіце”.

(Карэспандэнт: ) "Але ж нешта вас там трымае?"

(Зьміцер: ) "Так, у параўнаньні з Беларусьсю тут больш спакойна - гэта першае, і другое - гішпанцы, мне здаецца, адзіныя ў Эўропе, якія пакуль што да нас, да беларусаў, расіян і украінцаў, ставяцца больш-менш добра. Можна працаваць зь імі ў адной фірме і не пабачыць ніякай розьніцы ў тым, як ставяцца да гішпанцаў і да Вас”.

(Карэспандэнт: ) "А вось калі наймацца на працу прыходзіць гішпанамоўны эмігрант і беларус, каго хутчэй возьмуць?"

(Зьміцер: ) "Канечне, таго, хто добра размаўляе па-гішпанску. Найперш, гэта выхадцы з Лацінскай Амэрыкі - з Эквадору, Пэру, Калюмбіі, Чылі, з Аргенціны зараз шмат эмігрантаў прыехалі. Па-другое - з Эўропы, гэта румыны, бо іхная мова больш падобная, потым - палякі, літоўцы, латышы, якія маюць эўрапейскія пашпарты”.

(Карэспандэнт : ) "Так што беларусы недзе ўжо на адным з апошніх месцаў?"

(Зьміцер: ) "Так, недзе там. Канкурэнцыя цяпер вялікая. Зараз адбудзецца тое, што будзе вельмі шмат людзей з дакумэнтамі, якія будуць шукаць працу”.

(Карэспандэнт: ) "Гэта азначае, што становішча эмігрантаў у выніку легалізацыі можа пагоршыцца?"

(Зьміцер: ) "Нельга так сказаць. З цягам часу пабачым, як будзе, што тут зробяць. Можа быць, што гішпанскія ўлады будуць мусіць рабіць нешта са сваёй эканомікаю, будуць ствараць новыя рабочыя месцы, больш танныя. Напрыклад, у Каталёніі, дзе я жыву, вялікія сусьветна вядомыя фірмы ўжо пазачынялі свае прадпрыемствы. Гэтыя прадпрыемствы пераводзяцца ў Славенію, Польшчу, Чэхію”.

(Карэспандэнт: ) "Здавалася, што легалізацыя праводзіцца менавіта таму, што ў Гішпаніі не хапае працоўнай сілы?"

(Зьміцер: )”Не, гэта памылка, на рынку працы многа лішніх рук”.

(Карэспандэнт: ) "У такім выпадку, якая была патрэба ў такой масавай легалізацыі, калі можа не хапаць працы сваім грамадзянам? На гэта Зьміцер выказаў меркаваньне, пра якое, па ягоных словах, пісала апазыцыйная гішпанская прэса".

(Зьміцер: ) "Грошы. Кожны з тых, хто атрымае права на пастаяннае жыхарства, з кожнага з іх 400 эўра, кожны месяц. Усё на карысьць гішпанцаў. Яны падлічылі, што калі яны гэтага не зробяць, у іх проста не будзе грошай, каб сваім плаціць пенсію. Так што будзе за кошт эмігрантаў”.

(Карэспандэнт: ) "Дачакаецеся Вы дазволу на легалізацыю, што далей, будзеце там заставацца, праз колькі гадоў можаце атрымаць грамадзянства?"

(Зьміцер: ) "Ведаеце, ніхто з маіх знаёмых беларусаў не жадае браць тут грамадзянства, мала хто мае такое жаданьне застацца тут на ўсё жыцьцё. Мы ўсё ж лічым, што можа ў Беларусі нешта зьменіцца ў лепшы бок”.

(Карэспандэнт: ) "Як там цяпер ставяцца да Беларусі?"

(Зьміцер: ) "Яны ўвогуле не разумеюць, што існуе такая краіна, як Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) "А за каго яны вас прымаюць?"

(Зьміцер: ) "За тых ідыётаў, у якіх у краіне адбыўся нейкі крызыс і якія прыехалі да іх. Яны кажуць: "Чаго вы да нас едзеце? Рабіце нешта ў сваёй краіне”. Яны ўсім гэта кажуць”.

(Карэспандэнт: ) "Якія найбольшыя праблемы там маюць беларускія эмігранты, вы між сабою неяк трымаеце сувязі?"

(Зьміцер: ) "Першая праблема - тое, што няма ніякай падтрымкі. Я некаторы час працаваў ва ўкраінскім культурным цэнтры, добра ведаю, што яны маюць тут рабіць. У іх есьць і амбасада ў Мадрыдзе, і консульства ў Барсэлёне. Цяпер ім ёсьць падтрымка. Украіна цікавіцца Гішпаніяй, як рынкам, у напрамку экспарту сюды ўкраінскіх тавараў. І першыя, хто адкрыюць тут фірмы, будуць украінцы, якія знаходзяцца тут, якія ведаюць мову, якія маюць тут нейкія кантакты”.

(Карэспандэнт: ) "А для беларусаў гэта магчыма, вы ня можаце рабіць як украінцы, неяк разам гуртавацца і спрабаваць арганізаваць нейкія справы?"

(Зьміцер: ) "Па-першае, нас мала, па-другое - што мы зробім? Мы ўжо на гэтую тэму размаўлялі, і гэта нічога не дае. Яны маюць падтрымку ўкраінскай дзяржавы. Беларусы такой падтрымкі, мне здаецца, тут не атрымаюць”.
XS
SM
MD
LG