Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх выцьвярэзьніках пачалі ўсталёўваць камэры відэаназіраньня


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Міліцыянты кажуць, што гэта дапаможа забясьпечыць правы кліентаў, абароніць іх ад няшчасных выпадкаў і дапаможа разабрацца ў выпадку канфліктных сытуацыяў. Між тым, правабаронцы папярэджваюць, што з гэтага паўстае праблема незаконнага выкарыстаньня прыватнай інфармацыі.

Паводле зьвестак з міністэрства ўнутраных справаў, у выцьвярэзьніках абласных цэнтраў Беларусі пачалі ўсталёўваць відэакамеры. Навошта спатрэбілася узмацняць кантроль за кліентамі гэтых спэцыфічных установаў? Міліцыянты кажуць, што гэта найперш трэба дзеля бясьпекі людзей, якіх прывезьлі ў выцьвярэзьнікі: можна будзе своечасова падняць трывогу, калі чалавеку стала блага альбо спыніць канфлікт паміж кліентамі. Таксама ў міністэрстве ўнутраных справаў кажуць пра неабходнасьць дадатковага кантролю за супрацоўнікамі выцьвярэзьнікаў. Так, відэастужка дапаможа засьведчыць момант, калі ў чалавека часова адабралі грошы і дакумэнты. “Часам некаторыя кажуць няпраўду, калі заяўляюць пра крадзёж у выцьвярэзьніку іх каштоўнасьцяў ці дакумэнтаў” – тлумачаць міліцыянты.

Сёньня адзіны беларускі выцьвярэзьнік, які абсталяваны відэакамэрамі, працуе ў Менску.

Ці дапамаглі камэры пазьбегнуць нэгатыўных зьяваў, запытаў я ў кіраўніка прэсавай службы менскай міліцыі Алега Слепчанкі. Міліцыянт не ўзяўся ацаніць гэты досьвед, спаслаўшыся на тое, што яшчэ рана – відэасачэньне працуе ня больш году. Пры гэтым, Алег Слепчанка згадаў выпадак, калі відэакамэра дапамагла адразу выклікаць дапамогу да чалавека, стан здароўя якога рэзка пагоршыўся. Алег Слепчанка не адказаў на пытаньне, у якія сродкі абыходзіцца утрыманьне такой апаратуры, але прызнаў, што грошай гэта патрабуе немалых. Аднак ён перакананы, што гэта вартыя страты.

(Слепчанка: ) “Не танна гэта каштуе, камэры каштуюць не капейкі. Але і не такія і дарагія, бо ёсьць зараз розныя. Але ў любым выпадку, ці можна ацаніць жыцьцё і здароўе чалавека коштам камэры? “

А што кажуць тыя, хто наведвае выцьвярэзьнік ў якасьці кліента? Гэтае маё пытаньне да знаёмага чалавека, які злоўжывае алькаголем, засталося бяз пэўнага адказу. Аднак, вось статыстыка: кожны восьмы кліент выцьвярэзьніка – чалавек, які рэдка ўжывае алькаголь, які патрапіў у гэты стан дастаткова выпадкова. Ці будзе ён вітаць тое, што недзе застануцца здымкі, якія яго кампрамэтуюць ?

Праваабаронца з Беларускага Гэльсінскага камітэту Алег Гулак зьвяртае ўвагу на тое, што застаецца нявызначаным, што будзе далей са зробленымі відэаматэрыяламі.

(Гулак:) ”Мэты дэкляруюцца добрыя, але мяне непакоіць наступнае. Як будзе выкарыстоўвацца прыватная інфармацыя, якая будзе сабраная ў выцьвярэзьніках ? Гэта галоўная праблема. Трэба, каб была такая сыстэма, каб чалавек мог прагледзець, што пра яго зьнялі, і з ягонай санкцыі каб гэта было вынішчана. Бо інакш нядобрасумленныя супрацоўнікі могуць гэта скарыстаць дзеля шантажу ці ў нейкіх іншых незаконных мэтах”.

У прэсавай службе міністэрства ўнутраных справаў пакуль ня ведаюць, як будзе зьнішчацца матар’ял, зьняты ў выцьвярэзьніках. У менскай гарадзкой міліцыі кажуць, што ён зьнішчаецца пасьля таго, як перапаўняецца архіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG