Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовыя пакуты “Народнай волі”


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску а 9 раніцы працягнецца разгляд пазову старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча да рэдакцыі газэты “Народная воля”. Сёньня ж у гарадзкім судзе Менску апоўдні прызначаныя перадсудовыя гутаркі з чатырма жыхарамі Салігорску, якія праз суд патрабуюць з “Народнай Волі” выплаціць кожны па 50 мільёнаў рублёў.

Усяго праз суд з незалежнай газэты ўсе пазоўнікі разам патрабуюць 420 мільёнаў рублёў. 200 мільёнаў рублёў – Гайдукевіч, чатыры пазоўнікі з Салігорску – кожны па 50 мільёнаў рублёў. І чацьвёра пазоўнікаў з Клецку, кожны зь іх – па 5 мільёнаў рублёў. Нагадаем, што вышэйзгаданыя пазовы ў суд зьвязаныя з публікацыяй у “Народнай Волі” сьпісу подпісаў пад зваротам руху “Воля народу”. Гэтыя людзі сьцьвярджаць, што яны не падпісваліся пад зваротам. Галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч спадзяецца, што хто-небудзь з пазоўнікаў здыме свае патрабаваньні, як гэта зрабіў раней адзін прадстаўнік “Беларуськалія”, які патрабаваў 50 мільёнаў рублёў. А праз некалькі дзён адбудзецца яшчэ адна перадсудовая размова – гэтым разам з жыхарамі Клецку.

А сёньня ў судзе Ленінскага раёну судзьдзя Любоў Валевіч павінна прыняць рашэньне – прызначаць ці не прызначаць экспэртызу арыгінала факса, які быў надрукаваны ў “Народнай волі”, і згодна зь якім лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч запазычыў рэжыму Садама Хусэйна каля мільёну даляраў. Пра гэта хадайнічалі прадстаўнікі Гайдукевіча. Калі судзьдзя прыме рашэньне аб прызначэньні экспэртызы, то судовыя слуханьні будуць перанесеныя, паколькі судовая экспэртыза займае звычайна прыкладна месяц.

У часе мінулых судовых пасяджэньняў на адрас Сяргея Гайдукевіча гучалі даволі сур’ёзныя абвінавачаньні ў фінансавых сувязях з рэжымам Садама Хусэйна. Як ён сам рэагуе на такія абвінавачаньні?

(Карэспандэнтка: ) “Даволі сур’ёзныя абвінавачаньні прагучалі на Ваш адрас з боку Іосіфа Сярэдзіча і вашага было намесьніка Аляксандра Рабатая. Як Вы іх расцэньваеце?”

(Гайдукевіч: ) “Ніяк я не расцэньваю. Увогуле ніякіх абвінавачаньняў. Вазьміце фальшыўку, якая надрукаваная ў газэце. Я вам прадстаўлю блянк Ірака і параўнайце. Фальшыўка ў газэце. Якія абвінавачаньні? Якім чынам я павінен рэагаваць? Я ўсьміхаюся. Я зьдзіўлены, чаму Вы гэта дагэтуль не зразумелі”.

Як адзначыў для Радыё Свабода кіраўнік цэнтру юрыдычнай дапамогі СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіла Пастухова, незалежная газэта “Народная воля” апынулася ў надзвычай складанай сытуацыі.

(Пастухоў: ) “Няма магчымасьці ўвогуле працаваць. Прыходзіцца на разрыў дзейнічаць, і ўсё гэта стварае нэрвовую атмасфэру. Абклалі з усіх бакоў, гэта відавочна. Напэўна гэта невыпадкова, паколькі цяпер гэта самая значная незалежная газэта, якая па-ранейшаму прытрымліваецца прынцыповай пазыцыі, падае розныя падыходы да палітычнай сытуацыі ў краіне. Улада перайшла ў рашучы наступ, і мэты відавочныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG