Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць лічыць дзяржаўнай службай партыйны стаж былых сакратароў парткамаў?


Уладзімер Глод, Менск Чатыры беларускія міністэрствы -- працы і сацыяльнай абароны, юстыцыі, інфармацыі ды фінансаў -- стварылі адмысловую камісію й заняліся адным пытаньнем. Яны павінны вырашыць, ці патрэбна залічваць у стаж дзяржаўнай службы партыйны стаж былых вызваленых сакратароў парткамаў. Гэтае пытаньне некалькі разоў уздымала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Бурая. І нарэшце справе далі ход. Такім чынам, ня выключана, што людзі, якія праводзілі "генэральную лінію КПСС" непасрэдна на буйных прадпрыемствах і ў арганізацыях ды ўстановах, хутка атрымаюць пэўныя прывілеі, асабліва пры прызначэньні пэнсіяў.

Больш высокія катэгорыі партыйных работнікаў ужо даўно за сябе паклапаціліся. Гэта, аднак, ніколі не афішавалася. І калі б не чарговы дэпутацкі запыт спадарыні Бурай, магчыма, мала хто пра гэта бы і даведаўся. Але высьветлілася, што адпаведнае рашэньне было прынятае яшчэ ў траўні 1997 году. Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, які адказваў на пытаньне дэпутаткі, паведаміў:

(Галаванаў:) "Адпаведна пункту 8 Пастановы Саўміна, пра якую я казаў, у стаж дзяржаўнай службы ўключаецца работа на прафэсійнай аснове у апаратах ЦК КПСС, ЦК саюзных рэспубліках, абкамах, гаркамах, райкамах Кампартыі Беларусі да 28 ліпеня 1990 году на пасадах, якія не зьвязаныя з тэхнічным абслугоўваньнем і забесьпячэньнем іх дзейнасьці".

Цікава, што дэпутатка Бурая ня першы раз уздымае гэтую праблему. Але раней ёй давалі адмоўны адказ, казалі, што няма прававых падстаў для ўключэньня ў стаж дзяржаўнай службы ўзгаданых катэгорыяў партыйных работнікаў. І з юрыдычнага боку, патрэбна ўносіць адпаведныя зьмены ва ўрадавую пастанову ад 13 траўня 1997 году за № 471. І цяперашнія ўлады гатовыя зноў ініцыяваць, скажам так, вывучэньне гэтай праблемы. Пра што й заявіў міністар юстыцыі Віктар Галаванаў:

(Галаванаў:) "Паколькі ёсьць значная колькасьць зваротаў грамадзянаў, дэпутатаў, міністэрства юстыцыі ініцыявала пытаньне перад урадам аб стварэньні адпаведнай камісіі, якая вывучыла бы гэтае пытаньне й унесла яшчэ раз сваю прапанову ўраду".

Журналіст Раман Якаўлеўскі рыхтуе вялікі матэрыял на гэтую тэму. Якаўлеўскі распавядае, што першы крок у гэтым накірунку зрабіў Аляксандар Лукашэнка:

(Якаўлеўскі:) "Мабыць, у 1996 годзе ён ужо выдаваў адмысловы ўказ аб прызначэньні пэрсанальных пэнсіяў былым кіраўнікам Кампартыі Беларусі. Сярод іх былі -- і Камай, і Сакалоў, і гэтак далей. Што датычыцца цяперашняга кроку, дык гэта, я мяркую, зьвязана з тым, што сацыяльная база падтрымкі рэжыму на сёньняшні дзень зьмяншаецца. І такім чынам Лукашэнка спрабуе яе пашырыць. І гэта сьведчыць пра тое, што іншай падтрымкі ў яго праз 10 год няма. Ён абапіраецца на тых, хто ладзіў нам "добрае" жыцьцё ў часы КПСС-КПБ, і якія працягваюць ладзіць яго і цяпер".

На гэтым тле ўзьнікае законнае пытаньне: як справіліся з гэтай праблемай нашыя суседзі з былога сацыялістычнага лягеру. У Чэхіі. напрыклад, быў прыняты адмысловы закон пра люстрацыю, які забараняў былым партыйным функцыянэрам займаць адпаведныя пасады ў сыстэме дзяржкіраваньня. У Польшчы, дарэчы, як і Літве, былым высокім партыйцам забаронена займаць пасады ў сілавых структурах. А вось што пра досьвед сваёй краіны кажа Часовы павераны ў справах Славаччыны ў Беларусі Ёзэф Мачышак:

(Мачышак:) "Фактычна, калі гэта былі структуры, дзе нармальна аплачвалі ўнёскі, дык той стаж ім залічваецца. Але ніякіх прывілеяў яны не маюць. А закон аб люстрацыях прадугледжвае, што прэтэндэнт на пасаду ў дзяржаўных органах Славаччыны не павінны займаць у мінулым высокую партыйную пасаду. Але гэта не ўлічваецца на ўзроўні прадпрыемстваў, нават буйных, паколькі сур’ёзных прывілеяў яны не мелі. Закон аб люстрацыях быў прыняты ў Чэхаславаччыне. А што тычыцца Славаччыны, дык яна не працягвала тэрмін дзеяньня гэтага закону, адрозна ад Чэхіі. Але ў нас ёсьць пасады на дзяржаўным узроўні, на якія патрэбна вытрымаць праверку".
XS
SM
MD
LG