Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь засталася без веснавога мёду


Вячаслаў Кулік, Менск Дажджлівая і халодная сёлетняя вясна не дазволіла пчалярам атрымаць травеньскага мёду. Спэцыялісты папярэджваюць аб магчымай фальсыфікацыі прадукту на рынку. Сапраўдны ж беларускі мёд можа зьявіцца толькі пасьля збору нэктару пчоламі на чэрвеньскіх меданосах.

Старшыня Менскага клюбу “Беларускія пчолы” Уладзімер Камянкоў называе сытуацыю вельмі сур’ёзнай, і першым яе вынікам стала адсутнасьць сьвежага натуральнага мёду на рынку.

(Камянкоў: ) “Ніколі яшчэ, а я ўжо 40 гадоў займаюся пчалярствам, такой зацяжной вясны не было. Пчоласем”і зьелі ўсё, што сабралі. Таму калі сёньня нехта будзе прапаноўваць травеньскі мёд – гэта лапша. Гэта мёд мінулага году”.

Якім чынам можна адрозьніць фальшывы мёд ад сапраўднага? Нейкіх візуальных ці прыкладных мэтадаў на гэты конт не існуе. Спэцыялісты кажуць пра вельмі высокі ўзровень падробак. Сапраўдны мёд ці фальшывы можна вызначыць толькі ў лябараторыях. Прычым, не ў вэтэрынарных, а ў санітарна-эпідэміялягічных. У Менску, напрыклад, гэта можна зрабіць у гарадзкім цэнтры харчаваньня на вуліцы Пятра Броўкі.

Рэальна ў Беларусі пчалярства сёньня – ужо недзяржаўная галіна. Паводле таго ж старшыні Менскага клюбу “Беларускія пчолы” Уладзімера Камянкова, 90 працэнтаў пчоласем”яў трымаюць прыватнікі. Вырашаць праблемы і аказваць дапамогу павінна дзяржаўнае рэспубліканскае аб”яднаньне “Беларускія пчаляры”. Аднак яго кіраўнік Павал Парэцкі гаворыць не пра павелічэньне, а, наадварот - пра скарачэньне бюджэтных сродкаў на пчалярства”.

(Парэцкі: ) “Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня летась выдаткоўвала сродкі дзеля падтрымкі гадавальнікаў, а сёлета – нічога!”

Паводле Паўла Парэцкага, у Беларусі няма закону аб пчалярстве, а таксама ніводнага іншага нарматыўнага дакумэнту, які б рэгуляваў узаемаадносіны пчаляроў з калгасамі, лясьніцтвамі, органамі мясцовай улады. У выніку, як кажа спадар Парэцкі, аблвыканкамы самаўпраўна уводзяць дадатковыя грашовыя зборы, крыўдзяць пчаляроў.

(Парэцкі: ) “За тое, каб паставіць у лесе вульлі, трэба заплаціць 2 даляры гэтак званай арэнды, альбо 4 тысячы рублёў за кожную сям”ю. Ніводзін аблвыканкам у Беларусі не зьвяртае ўвагу на пчалярства”.

Галіна выжывае коштам высокіх цэнаў на мёд. А таму на базарах мёду не бракуе. На менскай Камароўцы сёньня кіляграм мёду каштуе ў сярэднім 20 тысяч рублёў. Так што прыбытак вытворцам гарантаваны. І, як лічыць прафэсіянал-пасечнік Мікалай Папека зь Берасьцейшчыны, пчалярства застаецца прывабным промыслам, бо тут можна зарабіць нядрэнныя грошы.

(Папека: ) “У вёсцы ідзе капіталізацыя, людзям усё-такі трэба зарабляць грошы. Вядома, што моцныя ўдары па пчалярству былі ў 2002 гадзе, калі прапала 75-80 працэнтаў пчол у Беларусі. У апошні час былі вельмі неспрыяльныя умовы. Але ў цэлым пчалярства вельмі высока пайшло якраз з той прычыны, што вельмі шмат людзей не занятыя. Адзін з прыбытковых заняткаў яны бачаць у пчалярстве”.
XS
SM
MD
LG