Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сьведчаць адмоўныя вынікі рэфэрэндумаў пра пачатак крызысу ў Эўразьвязе?


Юры Дракахруст, Прага Што азначае “не!” эўрапейскай Канстытуцыі, якое прагучала на францускім і галяндзкім рэфэрэндумух? Ці не прывядзе гэты крызыс да распаду Эўразьвязу ў цяперашнім выглядзе? Ці можа Эўразьвяз пайсьці шляхам “інтэграцыі двух хуткасьцяў” – стварэньня “клюбу абраных” і “другой лігі”? Як вынікі галасаваньня ўва Францыі і Галяндыі паўплываюць на палітыку пашырэньня Эўразьвязу – на далучэньне да яго Турэччыны, балканскіх і постсавецкіх краінаў, у прыватнасьці Ўкраіны і Беларусі?

На гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” разважаюць экспэрты і палітыкі зь Беларусі, Нямеччыны, Украіны і Расеі. Зь Менску – рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько, з Нью-Ёрку – старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк, з Бэрліну – кіраўнік адзьдзелу СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар, з Кіева – дырэктар цэнтру міру, канвэрсіі і зьнешняй палітыкі Ўкраіны Аляксандар Сушко, з Масквы – рэдактар часопісу "Россия в глобальной политике" Фёдар Лук''янаў. Перадачу падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) "Цяперашні працэс інтэграцыі Эўропы бярэ пачатак з 1952 году, калі Францыя, Нямеччына, Бэльгія, Галяндыя, Італія і Люксэмбург стварылі саюз вугля і сталі. За больш чым 60 гадоў Эўропа вызнала некалькі крызысаў, якія, здавалася, ставілі пад сумнеў працяг працэсу аб’яднаньня: у 1954 годзе Францыя заблякавала стварэньне Эўрапейскай абарончай супольнасьці, у 1992 годзе Данія на рэфэрэндуме адхіліла Маастрыхцкую дамовы аб ператварэньні Эўрасупольнасьці ў Эўразьвяз, у 2001 годзе Ірляндыя на рэфэрэндуме не падтрымала рэформу Зьвязу і далучэньне да яго новых сябраў з Усходняй Эўропы.

Але крызысы так ці інакш пераадольваліся, у прыватнасьці, у Даніі і Ірляндыі былі праведзеныя паўторныя рэфэрэндумы, на якіх згода была ўсё ж атрыманая. Але на гэты раз і праект аб’яднаньня быў значна больш амбіцыйным, чым ранейшыя, і адхілілі яго нацыі-заснавальніцы эўрапейскай інтэграцыі. Да таго ж крызыс, які перажываецца сёньня, людзі заўсёды схільныя лічыць самым драматычным і самым прынцыповым, які закранае самыя падмуркі, асновы існаваньня.

Такі канцэптуальны погляд на прычыны цяперашняга эўрапейскага крызысу прапануе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

(Пазьняк: ) "Мая агульная ацэнка такая: сама ідэя стварэньня цэнтралізаванай аб''яднанай Эўропы са сваім урадам, прэзыдэнтам, – яна небясьпечная, бо гэтая ўлада можа пераўтварыцца ва ўладу некантраляваную. Адным словам, гэта ідэя – імпэрская. І народы Эўропы не хацелі б жыць у такой краіне, дзе бюракратыя будзе вырашаць усё.

Гэта – падсьведамая рэакцыя. Народы Эўропы хацелі б жыць у дзяржавах-айчынах, дзе нацыянальныя традыцыі маюць значэньне, традыцыі культуры, свая валюта, свой інтэрас, і, адпаведна, павага да гэтага інтэрасу з боку іншых краінаў і з боку краіны, якая гэты інтэрас мае.

Тое, што прапанавана Францыяй і Нямеччынай, – гэта шлях да цэнтралізаванай Эўропы, якая, урэшце рэшт, мае пагрозу і для правоў чалавека, і для нацыянальных культураў. Як бы пра гэта не гаварылі, як бы не абстаўлялі дыпляматычна. Вось гэта асноўная ідэя, якая рухае людзьмі ў Эўропе. Хаця, прычыны могуць быць розныя. У Францыі – гэта прычыны сацыяльнага пляну, людзі ў асноўным былі напалоханыя наплывам з Усходу таннай рабочай сілы. Гэтая ідэя стварэньня цэнтралізаванай краіны – гэта ідэя памылковая.

Ёсьць іншая ідэя, якая ў Эўрапейскім Зьвязе таксама падтрымліваецца. Гэта – Эўропа Айчынаў. Мне здаецца, пасьля гэтых рэфэрэндумаў ня будуць адмаўляцца ад ідэі аб''яднаньня, але гэтая ідэя павінна будзе прайсьці карэктыроўку з улікам гэтых рэфэрэндумаў. Я думаю, што пазыцыя Эўропы Айчынаў тут узмоцніцца. Калі гэтага ня будзе зроблена, калі будзе пазыцыя ўпартая даказаць сваё, гэта прывядзе толькі да расколу. Я думаю, будуць зробленыя вывады і карэктыроўка палітыкі. Гэты варыянт – лепшы".

(Дракахруст: ) Пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі францускага рэфэрэндуму, прэзыдэнт Жак Шырак заўважыў, што Францыя засталася ў тым Эўразьвязе, у якім была ў суботу 28 траўня, за дзень да галасаваньня. Але ці так гэта? Ці ня можа вынікам францускага і ўжо і галяндзкага рэфэрэндумаў стаць дэмантаж той канструкцыі Эўразьвязу, які існаваў дагэтуль? Дарэчы, літаральна праз паўгадзіны пасьля абвяшчэньня вынікаў галяндзкага рэфэрэндуму тамтэйшы міністар фінансаў заявіў, што Галяндыя плаціць у бюджэт Зьвязу больш за ўсіх у пераліку на душу насельніцтва, і гэта павінна быць зьменена. Ці не паказальная заява? Гаворыць расейскі палітоляг Фёдар Лук''янаў.

(Лук''янаў: ) "Канструкцыя, якая існавала да мінулай суботы, адчувала вялікую ўнутраную напружанасьць, зьвязаную зь леташнім пашырэньнем. Прэм''ер-міністар Бэльгіі Гі Вэрхаўстат днямі вельмі вобразна сказаў, што эўраінтэграцыя – як ровар, ён устойлівы, пакуль рушыць наперад. І сапраўды эўраінтэграцыя – настолькі неверагодны і амбіцыйны праекту, што ён можа разьвівацца толькі наперад.

Зразумела, цяжка сабе ўявіць адмову ад эўра – гэта быў бы катаклізм усясьветнага маштабу, гэта дакладна было канцом эўрапейскай інтэграцыі, і гэта малаверагодна. Але відавочна, што шмат пытаньняў давядзецца абмяркоўваць нанова – і фінансаваньне, і субсыдыі, і прынцыпы.

Цікава, што французы прагаласавалі супраць, бо Канстытуцыя занадта лібэральная, галяндцы – таму што занадта зарэгуляваная. Чым больш краінаў, тым складаней знайсьці кампраміс.

І таму мне здаецца, спадзявацца, што Эўразьвяз будзе актыўна ангажавацца ў праграму новага суседзтва, у працу зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай – гэта абсалютна нерэальна.

Калі яны зоймуцца гэтым, яны ў хуткім часе страцяць галоўнае, што ў ёсьць – унутранае адзінства".

(Дракахруст: ) "Пра пэрспэктывы пашырэньня Зьвязу мы пагаворым крыху пазьней, а зараз слова ў Менск – галоўнаму рэдактару “Нашай нівы” Андрэю Дынько, які нязгодны з расейскім калегам што да пэрспэктываў існага Эўразьвязу".

(Дынько: ) "Эўразьвяз не разваліцца ад паразы Канстытуцыйнага праекту. Эўропа застанецца Эўропай Айчынаў, але гэта ня будзе азначаць развалу Эўразьвязу. За Эўразьвязам стаяць дзьве вялікія ідэі – ідэя салідарнасьці і ідэя свабоды, гэта значыць, узаемадапамогі эўрапейцаў і адкрытасьці межаў у Эўропе.

Гэтыя дзьве вялікія ідэі па-ранейшаму падзяляюць як палітычныя эліты, бізнэс-эліты, гэтак і шырокія слаі насельніцтва. Зь іншага боку, эліты разглядаюць Эўразьвяз як нешта вельмі выгаднае для разьвіцьця іхніх краінаў, гэта галоўная зарука таго, што ён застанецца".

(Дракахруст: ) "Прынцыпы салідарнасьці і адкрытасьці, пра якія казаў Андрэй – рэчы сапраўды цудоўныя. Адначасна і брусэльская эўрабюракратыя – зьява насамрэч маланатхняльная, і магчыма менавіта нежаданьне падпарадкоўвацца ёй і было адным з чыньнікаў францускага і галяндзкага “не!”. Але хто практычна, тэхналягічна забясьпечвае гэтыя выдатныя прынцыпы ў Эўропе? Проста тамтэйшыя добрыя норавы і звычкі? А хіба не менавіта тая самая эўрапейская бюракратыя? Ці можа адно існаваць бяз іншага?"

(Дынько: ) "Напэўна, не. І калі б зараз у Францыі ці Галяндыі прайшоў бы рэфэрэндум, ці варта ім заставацца ў Эўразьвязе, то абсалютная большасьць выбаршчыкаў прагаласавала б "за!". Толькі малаўплывовыя палітычныя сілы ўва Францыі выступаюць супраць удзелу краіны ў Эўразьвязе, як такім.

Нелягічна меркаваць, што гэтыя рэфэрэндумы ставяць пад пагрозу існаваньне Эўразьвязу. Яны ставяць пад пытаньне амбіцыі эўрапейскіх палітычных элітаў і бізнэс-элітаў да стварэньня супэрдзяржавы. Французы і галяндцы фактычна прагаласавалі супраць стварэньня супэрдзяржавы, яны хочуць пакуль (ці заўжды будуць хацець) захаваньня сваіх нацыянальных дзяржаваў. Іх нацыянальныя пачуцьці аказаліся мацнейшымі за жаданьне стварыць гэтую наднацыянальную супольнасьць.

Гэта, дарэчы, цікава з пункту гледжаньня тэорыі нацыяў – наколькі нацыі будуць жывучыя, наколькі лёгка яны будуць саступаць мейсцы нейкім наднацыянальным супольнасьцям, ці гэта ўсё ж сталыя ўтварэньні, якія так проста не сыдуць з гістарычнае арэны.

Да францускага і галяндзкага рэфэрэндумаў толькі Гішпанія ратыфікавала Канстытуцыю таксама на рэфэрэндуме, астатнія краіны, дзе адбылася ратыфікацыя, ухвалілі яе ў парлямэнтах. Тое, што яно прайшло ў парлямэнтах – зразумела, абсалютная большасьць эліты дзьвюма рукамі за паглыбленьне інтэграцыі, за ўмацаваньне гэтых наднацыянальных структураў. Але грамадзяне, нацыі вельмі сумняюцца".

(Дракахруст: ) "І спадар Дынько, і спадар Пазьняк казалі пра “Эўропу Айчынаў”, як пра станоўчую альтэрнатыву адзінай эўрапейскай дзяржаве, Злучаным Штатам Эўропы. Але значную частку сваёй гісторыі, скажам у ХІХ стагодзьдзі, Эўропа і была неінтэграванай Эўропай Айчынаў. І гэта дарэчы была Эўропа войнаў і, між іншым, Эўропай, дзе ўсё вырашалі моцныя, якія ні ў якай ступені не лічыліся з інтарэсамі малых нацыяў. Ці такая гэта натхняльная пэрспэктыва?"

(Пазьняк: ) "Эўропа ХІХ стагодзьдзя – гэта Эўропа імпэрыяў, гэта Габсбурская, Нямецкая, Атаманская (на значнай частцы Эўропы) імпэрыі, гэта Расея. Манархіі не лічыліся з думкай народаў, яны краілі Эўропу, як хацелі, па сваіх інтарэсах. І якраз рух да аднаўленьне Эўропы ішоў праз адмаўленьне ад імпэрскага свавольства і праз стварэньне Эўропы Айчынаў. Выяўленьнем гэтых ідэяў была "Вясна народаў". І гэта аднавіла Эўропу. Але працяг імпэрскага распаду ішоў фактычна ўсё ХХ стагодзьдзе, маюцца на ўвазе Першая і Другая Ўсясьветныя войны. І толькі пасьля Другой Усясьветнай вайны стабілізавалася Эўропа Айчынаў, Эўропа дэмакратыяў.

Нацыянальная дзяржава ня можа быць недэмакратычнай, самая нацыянальная ідэя падразумевае стварэньне нацыянальнай дзяржавы, абапіраецца на нацыю, на ўвесь народ. І няможна інакш вырашыць праблемы нацыянальных інтарэсаў, як разам, супольна. Таму ўжо сама гэтая ідэя падразумевае дэмакратыю.

Гэтая Эўропа, якая ўтварылася пасьля вайны і распаду сыстэм Савецкага Саюзу, імкнецца замацаваць гэтыя свае набыткі ХІХ стагодзьдзя. Тут узьніклі пэўныя перакосы, але няма аніякай падставы казаць, што паўтараецца сытуацыя, якая была ў ХІХ стагодзьдзі. Гэта ўжо зусім іншы сьвет, іншыя ідэі, няма ўжо ані манархаў, ані традыцыяў манархіі.

І ёсьць геапалітычныя інтарэсы, якія адыгрываюць вялікую ролю ў любой палітыцы – і амэрыканскай, і нямецкай. Нямеччына зараз разьвіваецца, думае пра будучыню, але той мэтад, які прапаноўвае Ёшка Фішар і Жак Шырак, каб умацаваць Эўропу пад бэрлям бюракратыі, не ўспрымаецца эўрапейскімі людзьмі. Пасьля гэтых рэфэрэндумаў трэба будзе глыбока задумацца і адкарэктаваць гэтую палітыку.Калі гэта ня будзе зроблена, а будзе ізноў націск, то я думаю перш за ўсё пацерпяць паразу тыя палітыкі, якія будуць гэта рабіць, а самая ідэя перацерпіць карэктыроўку, я мяркую, у лепшы бок".

(Дракахруст: ) "Пасьляваенная Эўропа – гэта сапраўды Эўропа дэмакратычных нацыянальных дзяржаваў, але гэта адначасна і Эўропа інтэграцыі – яшчэ раз нагадаем, саюз вугля і сталі 6-ці дзяржаваў быў створаны ў 1952 годзе. Што больш паспрыяла таму, што войны і дамінаваньне моцных адышлі ў мінулае – нацыянальныя дзяржавы ці іх аб’яднаньне? Адказ на гэтае пытаньне як мінімум невідавочны.

Напярэдадні рэфэрэндуму ў Францыі адным з галоўных лёзунгаў праціўнікаў Канстытуцыі было “Абаронім францускага працаўніка ад канкурэнцыі польскага сантэхніка”. Наколькі гэты фактар, гэты страх перад наплывам канкурэнтаў з новых краінаў-сябраў і магчымых будучых краінаў-сябраў, наколькі ён быў істотным?

На думку Фёдара Лук''янава ён быў вырашальным."

(Лук''янаў: ) "Зараз стала зразумелым, што старая Эўропа новую Эўропу не прыняла. Ня тое, што адкінула, але не прыняла. Насельніцтва краінаў, якія інтэграваліся 50 гадоў, не разумее, навошта патрэбна гэтае пашырэньне. З пункту гледжаньня эканомікі гэта Эўропе пакуль нічога не дае, хутчэй забірае. З пункту гледжаньня палітыкі сумневаў яшчэ больш, паколькі большая частка новых краінаў-сябраў у ірацкай калізіі рашуча падтрымала Злучаныя Штаты, кінуўшы выклік сваім донарам зь Нямеччыны і Францыі. І ўзьнікае пытаньне: а гэтыя людзі – яны навошта ў нашым саюзе, які мы гэтак старана і доўга будавалі?"

(Дракахруст: ) "Андрэй Дынько з інтэрпрэтацыяй спадар Лукьянава нязгодны цалкам".

(Дынько: ) "У 1992 годзе на папярэднім рэфэрэндуме ў Францыі Маастрыхтская дамова была ратыфікаваная зь мінімальнай перавагай галасоў, Мітэрану тады ледзь удалося пераканаць суайчыньнікаў прагаласаваць "за". Між тым тады "польскага сантэхніка" не было нават на даляглядзе. І Турэччыны не было на даляглядзе. Што здарылася цяпер? Цяпер проста на 5% больш людзей прагаласавала супраць. Калі нехта і кіраваўся тут імкненьнем адгарадзіцца ад таннай працоўнай сілы з Усходу, дык гэта ўсё ж не асноўная частка тых, хто галасаваў супраць.

Матывацыі, я думаю, былі самыя розныя, але пераважная большасьць гэтых людзей, якія галасавалі супраць і ў 1992 годзе і зараз, не прымае ідэі перадачы палітычных і эканамічных рэгулюючых функцый ад нацыянальных дзяржаваў у эўрапейскі цэнтар, баіцца размываньня сваёй культурнай ідэнтычнасьці ў адзінай Эўропе".

(Дракахруст: ) "Шмат хто, у тым ліку і з нашых сёньняшніх суразмоўцаў, тлумачыць галасаваньне на рэфэрэндумах французаў і галяндцаў іх прыхільнасьцю да нацыянальных каштоўнасьцяў, нацыянальных сувэрэнітэтаў, нежаданьнем перадаваць іх нейкай наддзяржаўнай бюракратыі. Але насамрэч тыя ж французы даволі прыхільна ставяцца да нават больш шчыльнай інтэграцыі, чым прапануе Канстытуцыі, але ў сваім звыклым коле: Францыя + Нямеччына + магчыма, краіны Бэнілюксу.

Ідэя гэта ня новыя, летась яе паўтарыў прэзыдэнт Францыі Шырак. Ці ня можа так здарыцца, што вынікам цяперашняга крызісу стане падзел Эўропы на два колы інтэграцыі : вельмі шчыльна інтэграваны “клюб абраных” і ўсе астатнія, пэрыфэрыя? Гаворыць кіраўнік аддзелу краінаў СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.

(Рар: ) "Цалкам імаверна, што будучы Эўрапейскі Зьвяз у бліжэйшыя 10-20-30 гадоў будзе сапраўды пабудаваны, як матрошка: будуць 3-4 дзяржавы, зацікаўленыя ў самай шчыльнай інтэграцыі, іншыя – толькі ў эканамічнай, яшчэ нехта – у нейкіх прамежкавых формах.

Эўразьвяз можа рушыць і па гэтым шляху, але тут ёсьць калясальныя праблемы. У Эўразьвязе могуць зьявіцца "шэрыя зоны”, асабліва гэта тычыцца тых краінаў, якія не патрапілі ў Зьвяз ці толькі што ўвайшлі ў яго, і маюць патрэбу ў палітычнай падтрымцы з боку старых сябраў Зьвязу. Яны могуць не атрымаць гэтай падтрымкі, калі Эўропа будзе ісьці да аб''яднаньня на розных хуткасьцях.

Другі момант – трэба разумець, што "не!" аб''яднанай Эўропе сказала Францыя, якая 50 гадоў выношвала гэтую ідэю і разам з Нямеччынай выступала за яе пабудову.

Францыя цяпер пры любым прэзыдэнце – Шараку ці іншым – ужо ня можа выступаць маторам інтэграцыі, яны выходзіць з гульні, застаюцца немцы, якія знаходзяцца таксама на мяжы перамены ўлады. І шмат якія ключавыя пытаньні, скажам, тое ж уступленьне ў Эўразьвяз Турэччыны, будуць разглядацца зусім інакш, чым пры цяперашнім урадзе.

Наперадзе шмат крызісаў і ў лепшым выпадку мы будзем казаць пра гістарычную паўзу, якую Эўразьвяз вымушаны ўзяць. У горшым выпадку мы будзем казаць пра поўнае замарожваньне інтэграцыйных працэсаў, пра тое, што Эўразьвяз аказаўся няздольным перайсьці ад эканамічнага саюзу да палітычнага саюзу, які ў будучыні мог бы ператварыцца ў Злучаныя Штаты Эўропы".

(Дракахруст: ) "Паводле ацэнак экспэртаў вынікі францускага і галяндзкага рэфэрэндумаў не перашкодзяць уступленьню ў Эўразьвяз Баўгарыі і Румыніі – рашэньне аб гэтым прынятае і наўрад ці будзе пераглядацца. А вось Турэччына, перамовы аб уступленьні якой пачнуцца ў кастрычніку сёлета, Харватыя, якая стаіць у чарзе, Украіна, якая дэкляравала свой шлях у Эўропу, Беларусь, якая ў будучыні магла б зрабіць падобны выбар – як крызыс адаб’ецца на іх шанцах далучыцца да Эўразьвязу? І дарэчы, калі ўжо ўлада эўрабюракратаў такая кепская, то ці варта Беларусі імкнуцца пад гэтую “дыктатуру” Брусэлю? У Эўропе Айчынаў можна быць, ні да кога не далучаючыся".

(Дынько: ) "Ну пра якую дыктатуру Брусэлю Вы гаворыце? Ужо сам той факт, што адбываюцца рэфэрэндумы і людзі галасуюць супраць, сьведчыць пра адваротнае. Дыктатура – гэта калі адбываецца рэфэрэндум, на якім ніхто ня лічыць галасы, а пасьля абвяшчаецца, што 85% – за. Вось гэта дыктатура.

Калі людзі адкідаюць нейкія ідэі, яны проста адкідаюцца, а прымаюцца новыя ідэі.

Я думаю, што гэтыя рэфэрэндумы пазытыўна адаб''юцца на пэрспэктывах далучэньня Беларусі да Эўропы. Беларусі было б цяжэй далучыцца да гэтай моцна інтэграванай Эўропы, якая непазьбежна пачала б ператварацца ў замкнёнае кола – цяжка далучыцца да нейкай дзяржавы. Але лёгка далучыцца да гнуткага, адкрытага саюзу дзяржаваў. Беларусі будзе прасьцей далучыцца да гэтага саюзу дзяржаваў, чым да саюзнай дзяржавы.

Дарэчы, беручы нашыя беларускія паралелі, трэба адзначыць істотную розьніцу ў працэсах інтэграцыі Беларусі і Расеі ды эўрапейскай інтэграцыіі, якія часта параўноўваюць. Калі ў Эўропе палітычная эліта і бізнэс-эліта амаль уся адзінадушна падтрымлівае працэс інтэграцыі, то ў Беларусі палітычная эліта і асабліва бізнэс-эліта вельмі насьцярожана ставяцца да інтэграцыі з Расеяй, яны бачаць у гэтым патэнцыйную пагрозу для свайго статусу, а таксама для статусу дзяржавы, як такой, для яе культурнай ідэнтычнасьці.

Карэнная розьніца паміж інтэграцыяй у межах Эўразьвязу і той інтэграцыяй, якая адбываецца на постсавецкай прасторы (ці можа ня столькі адбываецца, колькі дэкляруецца), палягае ў тым, што ў Эўропе інтэграцыя не замахваецца на культурную ідэнтычнасьць нацыяў, не замахваецца на роўнасьць нацыяў. Зараз толькі гэтая ідэя стварэньня палітычнай наднацыянальнай супольнасьці пачала рэалізоўвацца, і то яна, як бачым, рэалізуецца вельмі асьцярожна і невядома, ці будзе ўвасобленая ў жыцьцё".

(Дракахруст: ) "Фёдар Лук''янаў з лёгікай беларускага калегі не пагаджаецца".

(Лук''янаў: ) "Уступіць у саюз дзяржаваў магчыма прасьцей, чым у саюзную дзяржаву, але для ўступленьне альбо туды альбо туды трэба, каб гэтая супольнасьць дакладна вызначыла, што яна сабой уяўляе, якой яна хоча быць і дзе яна бачыць свае межы. Гэта пачалося ня ў дзень францускага рэфэрэндуму, а гады два-тры таму. Пасьля посьпеху ўвядзеньня наяўнага эўра перад кіраўніцтвам, элітай Зьвязу адчыніліся, як ім здавалася, велізарныя пэрспэктывы, і амбіцыі рэзка ўзрасьлі.

Было адчуваньне, што Эўропа робіцца магутным міжнародным гульцом, аб''яднаным ня толькі законамі, каштоўнасьцямі і правіламі, але і валютай, што спрадвеку было апірышчам сувэрэнітэту. Зьявілася ўражаньне, што Эўропа можа ўсё, што можна адначасна паглыбляць інтэграцыю і распаўсюджвацца на сумежныя тэрыторыі. Выглядае, што гэтыя два працэсы прыйшлі ў супярэчнасьць.

Зразумела, што Швэцыя вельмі адрозьніваецца ад Гішпаніі, але палітычны мэнталітэт там аднатыпны. І зусім іншае, калі ў гэтую сям''ю ўліваюцца нацыі, якія прайшлі зусім іншую школу і маюць зусім іншы палітычны мэнталітэт.

Нежаданьне зь меркаваньняў паліткарэктнасьці заўважаць гэтую розьніцу прывяло да разбалянсаваньня ўсёй сыстэмы".

(Дракахруст: ) "Нарэшце ўкраінскі палітоляг Аляксандар Сушко выказвае парадаксальную думку, што францускі і галяндзкі рэфэрэндумы больш паўплываюць на шанцы стаць сябрамі Зьвязу Турэччыны ці Харватыі, чым Украіны ці Беларусі. Калі справа дойдзе да нас – гаворыць ён – цяперашні крызыс у любым выпадку будзе вырашаны".

(Сушко: ) "Пэўным чынам крызіс канстытуцыйнага працэсу зразумела азначае запавольваньне той задумы, на якую працавалі найлепшыя палітыкі Эўропы апошніх гадоў. Гэтая няўдача адаб''ецца і на працэсе пашырэньня. Гэта можа выклікаць цяжкасьці на перамовах з тымі краінамі, якія яшчэ не пачалі працэсу ўступу – гэта тычыцца Харватыі і ў яшчэ большай ступені Турэччыны.

Што тычыцца краінаў, якія яшчэ не ёсьць афіцыйнымі кандыдатамі, то аддаленасьць пэрспэктывы іх інтэграцыі азначае, што да таго часу, калі гэтыя краіны будуць гатовыя да паўнацэннай інтэграцыі, цяперашні крызыс адыдзе ў мінулае. Я спадзяюся, што ён ня будзе занадта працяглым.

Зь іншага боку, крызыс канстытуцыйнага працэсу – гэта крызыс тых падыходаў, якія вялі Эўрапейскім Зьвяз да эўрапейскай фэдэрацыі, да стварэньня велізарнай эўрапейскай мэгадзяржаву на чале з прэзыдэнтам.

Тыя краіны, якія яшчэ толькі на парозе інтэграцыі ў Зьвяз, ня надта зацікаўленыя ў фэдэралізацыі Эўропы і ў стварэньні такіх канстытуцыйных формаў менавіта таму, што чым глыбей ступень інтэграцыі ў “ядры” цяперашняга Эўразьвязу, тым цяжэй да яго інтэгравацца тым, хто гэтага яшчэ не зрабіў. І цяперашні крызыс у пэўным сэнсе стварае дадатковую прастору, якой могуць скарыстацца краіны накшталт Украіны, а таксама Беларусі, Малдовы, якія ў будучыні могуць быць здольныя прэтэндаваць на сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе.

Эўрапейскі Зьвяз гэтым падзеямі паказаў, што ён ня ёсьць нейкай завершанай цэласнасьцю, ён – працэс, які мае свае ўздымы і спады. Таму можна сказаць, што наступствы гэтага для краінаў Усходняй Эўропы, якія яшчэ не інтэграваліся ў гэты працэс, не такія ўжо драматычныя, якія робяць для іх інтэграцыю немагчымай".
XS
SM
MD
LG