Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы баяцца, што "беларускае пытаньне" прывядзе да сутыкненьня Расея-Захад


Алена Струвэ, Менск З дапамогай Польшчы Нямеччына хоча інтэнсыфікаваць сваю палітыку ў дачыненьні Беларусі, вынікае зь сёньняшняга матэрыялу ў нямецкім інтэрнэт-выданьні “Нямецкая міжнародная палітыка” (german-foreign-policy.com.) Аднак магчымыя палітычныя перамены ў Беларусі могуць прывесьці да франтальнага сутыкненьня паміж Расеяй і Захадам, гэтак лічаць нямецкія ўсходнеэўрапейскія экспэрты. Падрабязьней з публікацыяй вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

Ніколі раней Масква не была так зацікаўленая ў Беларусі, як цяпер. І з гледзішча камунікацыі, і абароны, і доступу да Калініградзкага анкляву, пішуць аглядальнікі інтэрнэт-выданьня “Нямецкая міжнародная палітыка” (german-foreign-policy.com). У сваю чаргу, і Бэрлін, і Вашынгтон апошнім часам ўзмацняюць свае захады супраць афіцыйнага Менску.

Сваю стратэгію адносна дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі некалькі месяцаў таму выклала вядомая нямецкая палітычная фундацыя Бэртэльсмана. Як мяркуе колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску ды шэф нямецкай БНД Ганс-Георг Вік, не пазьней як праз пяць год Беларусь стане на празаходні шлях. Дзеля гэтых мэтаў краіна патрабуе з боку Эўразьвязу штогадовай фінансавай падтрымкі ў памерах 14,2 мільёнаў эўра.

Як піша нямецкае выданьне, акрамя брусэльскіх грошай трэба чакаць падтрымкі і з Вашынгтону. Размова ідзе як пра фінансаваньне выбарчай кампаніі, навучаньне моладзі, так і пра стварэньне накіраванага на Беларусь тэле– і радыёвяшчаньня зь Літвы, Польшчы альбо Ўкраіны.

Паводле нямецкіх аглядальнікаў, сытуацыя з дэмакратычнымі сіламі ў Беларусі надзвычай няпростая. Па-першае, Лукашэнка паставіў па-за законам сваіх палітычных апанэнтаў. Лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, якога ў Нямеччыне разглядалі як альтэрнатыву беларускаму кіраўніку на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, нядаўна быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі. Рэжым узмацніў рэпрэсіі і супраць іншых крыткаў Лукашэнкі.

Па-другое, пішуць аглядальнікі, і ў Бэрліна, і ў Брусэля маецца пэўны скепсіс у дачыненьні да беларускай апазыцыі. Гэтыя сілы ў Беларусі як і раней некансалідаваныя, таму чакаць хуткага прагрэсу ў гэтым накірунку складана. Як гаварылася ў часе адмысловай канфэрэнцыі ў Варшаве, якую праводзіў Цэнтар міжнародных дачыненьняў, прадстаўнікі беларускай апазыцыі могуць камунікаваць паміж сабой пераважна на падобных, арганізаваных Захадам імпрэзах.

Тым ня менш, з дапамогай Польшчы Нямеччына хоча інтэнсыфікаваць сваю палітыку ў дачыненьні Беларусі. У гэтых мэтах вядомая нямецкая Фундацыя навукі і палітыкі рэкамэндуе Бэрліну выкарыстоўваць “польскую ўсходнепалітычную экспэртызу” і разам з Варшавай стварыць нефармальную прабеларускую кааліцыю з тым, каб прыцягнуць да гэтага рэгіёну вялікія рэсурсы Эўразьвязу для ўсходняй палітыкі.

Нямецкія аналітыкі бачаць таксама у гэтым супрацоўніцтве магчымасьць адыходу Варшавы ад амэрыканскага ўплыву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG