Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садам Хусэйн рыхтуецца да суду


Юры Дракахруст, Прага Памочнік ірацкага прэм''ер-міністра паведаміў учора, што суд над былым дыктатарам Іраку Садамам Хусэйнам пачнецца на працягу двух месяцаў. Хусэйну будзе выстаўлена толькі 12 абвінавачваньняў.

Лаіт Куба, памочнік прэм''ер-міністра Ібрагіма Аль-Джафары, паведаміў, што сьледзтва мае 500 абвінавачваньняў на адрас былога дыктатара. Але прад’яўленыя яму будуць толькі 12, у тым ліку масавыя забойствы курдаў у канцы 1980-х гадоў. Адабраныя найбольш абгрунтаваныя абвінавачваньні, падмацаваныя дакумэнтамі, дзе можна даказаць асабістую адказнасьць Садама Хусэйна.

Справа ў тым, што на большасьці загадаў, якія выдаваліся ў часы праўленьня Садама, няма подпісаў, пазначаныя толькі пасады. На большасьці – але не на ўсіх. Гаворыць Амар Аль-Шанбандэр, аналітык з лёнданскага інстытуту вайны і міру:

(Шанбандэр: ) "Адзін зь нешматлікіх дакумэнтаў, пад якім стаіць подпіс Садама – гэта загад, які абвяшчае сьмяротны прысуд усім сябрам шыіцкай партыі Дава. Гэты дакумэнт азначае, што кожны сябра Давы павінен быць пакараны сьмерцю незалежна ад таго, зрабіў ён нейкае злачынства ці не".

Сьляды масавых забойстваў часоў праўленьня Хусэйна ў Іраку знаходзяць увесь час. Месяц таму на поўдні быў знойдзены магільнік, дзе пахаваныя целы забітых тысячы пяцісот чалавек. Гаворыць міністар правоў чалавека Іраку Бахціяр Амін.

(Амін: ) "Гэта галоўным чынам жанчыны і дзеці. Толькі 5 мужчынаў, усе астатнія – жанчыны і дзеці. Гэта курды. Мы лічым, што ўсе яны – ахвяры апэрацыі, зробленай рэжымам Садама Хусэйна ў 1988 годзе".

Падчас апэрацыі, прыгаданай ірацкім міністрам, былі забітыя дзясяткі тысячаў курдаў – гэта была помста Хусэйна за удзел часткі курдаў у ірана-ірацкай вайне на баку Ірану. Пры расправе з курдамі войскі Хусэйна ўжывалі нават хімічную зброю.

Суду над былым дыктатарам патрабуюць шмат іракцаў, асабліва шмат іх сярод курдаў і шыітаў.

Пакуль невядома, якую лінію абароны абяруць былы ірацкі кіраўнік і ягоныя адвакаты. Адзін зь іх, ярданскі адвакат Саід Хашавнех, даў зразумець, што аспрэчвацца будзе самое права судзіць Садама Хусэйна.

(Хашавнех: ) "Суд не зьяўляецца законным. Ён быў абвешчаны былым амэрыканскім адміністратарам Іраку Полам Брэмэрам насуперак міжнароднаму праву, таму ён незаконны".

Сам Садам Хусэйн, злоўлены летась, на допытах заяўляў, што застаецца прэзыдэнтам Іраку, і што суд над ім незаконны. Аднак калі абвінавачваньне будзе даказанае, яму можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне і нават сьмяротнае пакараньне. Новае ірацкае кіраўніцтва аднавіла права на сьмяротныя прысуды, нягледзячы на пярэчаньні амэрыканскіх прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG