Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць Эўфрасіньні Полацкай (фотарэпартаж)


Галіна Абакунчык, Менск У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце адбылося мастацкае сьвята, прысьвечанае беларускай асьветніцы Эўфрасіньні Полацкай. Шанаваньне памяці першай беларускай праваслаўнай сьвятой адбылося ў рамках Дзён беларускіх і ўсходнеславянскіх царкоўных дзеячоў. Удзел у імпрэзе прынялі шэраг сьвецкіх і духоўных асобаў.

Духоўныя хваласьпевы і ўрачыстыя прамовы гучалі ва ўнівэрсытэцкім дворыку БДУ. Тут жа, каля помніка Эўфрасіньні Полацкай, прайшлі выступленьні танцавальных калектываў. Сёлетняе сьвяткаваньне ў Менску сталася працягам урачыстасьцяў, якія распачаліся на радзіме сьвятой у Полацку. Там Дзень памяці асьветніцы штогод адзначаецца 5 чэрвеня, у дзень яе сьмерці. Тое, што памяць пра Эўфрасіньню Полацкую не згубілася цягам некалькіх стагодзьдзяў замоўчваньня, сьведчыць пра значнасьць яе асобы, кажа айцец Сяргей Гардун.

(Гардун: ) “Тое, што прападобная Эўфрасіньня жыла ў 12 стагодзьдзі, а мы пра яе згадваем цяпер, што яе імя засьведчана ў гісторыі, паказвае на тое, што яна паднялася на такую духоўную вышыню, якая для большасьці ёсьць недасягальнай”.

Удзел ва ўрачыстасьці сярод іншых прынялі праваслаўныя сьвятары, выкладчыкі й студэнты БДУ на чале з рэктарам Васілём Стражавым. Шматлікай прысутнасьці менчукоў, моладзі і школьнікаў на сьвяце, аднак, не адбылося. Паводле айца Сяргея Гардуна, прычынай таму ёсьць недастатковая дасьведчанасьць нашых сучасьнікаў пра асобу Эўфрасіньні Полацкай і яе ролю ў гісторыі й культуры Беларусі. Гаворыць айцец Сяргей Гардун:

(Гардун: ) “У наш час, калі мы свабодныя ад атэізму, нашым літаратарам, нашым дзіцячым пісьменьнікам варта зьвярнуцца да вобразу прападобнай Эўфрасіньні. Каб тое, як яна жыла, чаму яна вучыла, у якім асяродзьдзі знаходзілася — каб паўней і выразьней было данесенае да сучаснага чалавека. І асабліва да дзяцей і школьнікаў”.







XS
SM
MD
LG