Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка і адвакат Клімава: "Некаторыя хлусяць – кажуць, што кідалі ў амонаўцаў лёд, бутэлькі, а гэтага не было" (фота)


Любоў Лунёва, Менск У Цэнтральным судзе Менску пачаўся суд над Адрэем Клімавым. Яго абвінавачваюць у арганізацыі вулічнай акцыі 25 сакавіка, у часе правядзеньня якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Яшчэ адна крымінальная справа супраць апазыцыйнага палітыка — за паклёп на Аляксандра Лукашэнку — знаходзіцца ў Першамайскім судзе беларускай сталіцы.

У судзе Цэнтральнага раёну зранку сабралася вялікая колькасьць людзей. Сярод іх паплечнікі Андрэя Клімава, лідэры апазыцыйных партыяў і прадстаўнікі амбасадаў Чэхіі і ЗША. Андрэй Клімаў яшчэ ў часе сьледзтва адмовіўся ад адваката. Судзьдзя Сьвятлана Ганчар дазволіла жонцы Андрэя Тацяне Леановіч прадстаўляць ягоныя інтарэсы ў судзе ў якасьці абаронцы.

(Леановіч: ) “Пакуль ідзе судовая працэдура, ніякіх высноваў рабіць нельга. Усе сьведкі сьведчаць як на карысьць Андрэя, у тым ліку і амонаўцы, так і супраць. Некаторыя хлусяць. Кажуць, што кідалі ў амонаўцаў лёд, бутэлькі, а гэтага насамрэч не было. Мяне вельмі зьдзівіла, што мяне дапусьцілі ў якасьці абаронцы. Я вельмі рада, што магу бачыцца з маім мужам і дапамагчы яму ў такую цяжкую хвіліну”.

Суд апытаў некалькі сьведкаў з боку АМОНу, а таксама трох чалавек, якіх затрымалі 25 сакавіка. Яны адбылі арышт ад трох да пяці сутак. Андрэй Клімаў даваў паказаньні і адказваў на пытаньні стоячы, як гэта прадугледжана кодэксам.

Мікола Статкевіч, якога суд ужо пакараў трыма гадамі “хіміі” паводле аналягічнага абвінавачаньня, прысутнічаў на судовым паседжаньні. На ягоную думку, нелягічным падаецца тое, што Андрэй Клімаў напачатку паседжаньня выказаўся, што давярае суду, называе яго “высокі суд”, але пры гэтым называе Лукашэнку, які прызначае судзьдзяў на пасады, дыктатарам.

Анатоль Лябедзька таксама лічыць, што ў палітычных справах нельга спадзявацца на незалежную пазыцыю суду.

(Лябедзька: ) “Разьлічваць на тое, што тут усё будзе ў фармаце Канстытуцыі і закону, не даводзіцца. Ёсьць ужо досьвед. Мы ведаем, што адбылося са Статкевічам і Севярынцам. Няма незалежнай судовай сыстэмы. Што тычыцца тактыкі, то кожны выбірае сваю. Я лічу, што найбольш адэкватная тая, якую абраў Статкевіч, бо падыгрываць ім, ствараць ілюзію, што ў Беларусі ёсьць суд… Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. З другога боку, ёсьць нейкае рацыянальнае зерне ў тым, што робіць Клімаў, калі ён вяртае судзьдзю, пракурора ў 1996 год. Менавіта з таго часу ў нас прававы Чарнобыль, зь якім мы сутыкаемся сёньня”.

Нагадаем, 25 сакавіка акцыю пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі разагналі амонаўцы. Увечары таго ж дня гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў паведаміла, што паводле несанкцыянаванай акцыі распачатая крымінальная справа. Андрэя Клімава сьледзтва прызнала арганізатарам і празь месяц арыштавала. У суд яго прывозяць пад аховай. Канваіры абыходзяцца зь ім як зь небясьпечным злачынцам. Усіх прысутных выдаляюць з калідору, каб ніхто ня мог наблізіцца да падсуднага. Андрэй толькі пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода:

(Клімаў: ) “Усё нармалёва! Я прысуду не баюся!”

Пасьля гэтага за ім зачыніліся мэталёвыя дзьверы.

Судзьдзя Сьвятлана Ганчар заплянавала на сёньняшнім паседжаньні апытаць сьведкаў. Абвінаваўца Вадзім Пазьняк, які літаральна на мінулым тыдні прадстаўляў інтарэсы дзяржаўнага абвінавачаньня ў судзе над Паўлам Севярынцам і Міколам Статкевічам, пагадзіўся з працэдурай. Суду застанецца прагледзець відэастужкі і распачаць спрэчкі. Назіральнікі лічаць, што прысуд у справе Андрэя Клімава будзе вынесены да канца тыдня.

Пасьля гэтага яго будуць судзіць у Першамайскім судзе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставаю для крымінальнай справы сталі публікацыі апазыцыйнага палітыка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG