Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бундэстагу назвалі прысуды Статкевічу і Севярынцу “непрымальнымі”


Алена Струвэ, Менск У нямецкім Бундэстагу выступілі з заявай наконт асуджэньня беларускіх апазыцыйных палітыкаў Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца. Пратэст выказалі фракцыі ХДС/ХСС і сацыял-дэмакратаў.

Ад імя сацыял-дэмакратаў заяву зрабіла вядомая ў Беларусі палітык, дэпутатка Бундэстагу, дакладчыца Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі Ута Цапф. Паводле спадарыні Цапф, пазбаўленьне волі двух дэмакратычных лідэраў ёсьць далейшым крокам беларускага рэжыму ў эскаляцыі рэпрэсіяў супраць іншадумцаў і відавочнай спробай Лукашэнкі пазбавіцца ад нелюбімых канкурэнтаў.

(Цапф: ) “Лукашэнка злоўжывае дэмакратычнымі і прававымі прынцыпамі, якія Беларусь як сябра АБСЭ абавязаная выконваць. Лукашэнкаў рэжым не паважае ні свабоды думкі, ні права на дэманстрацыю для палітычна актыўных грамадзянаў краіны. Мікола Статкевіч і Павал Севярынец — не адзіныя ў Беларусі, каго караюць за крытыку аўтарытарнага рэжыму, за свае палітычныя погляды. Трэба назваць імёны палітыкаў Міхаіла Марыніча, Сяргея Скрабца, Андрэя Клімава альбо імёны прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева”.

Нагадаем, што напярэдадні свой пратэст адносна пакараньня Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца выказала нямецкая апазыцыя. Хрысьціняскія дэмакраты не сумняюцца , што “рэжым Лукашэнкі і ў далейшым будзе выкарыстоўваць ўсе сродкі, каб пазбавіцца ад палітычных канкурэнтаў”. Як заявіла дэпутатка Бундэстагу Кляўдыя Нольтэ, “яшчэ ўвосень 2004 фракцыя ХДС/ХСС неаднойчы спрабавала пераканаць кіроўную чырвона-зялёную кааліцыю ажыцьцяўляць больш жорсткія падыходы да беларускага рэжыму. На жаль, падобныя спробы былі беспасьпяховымі”.

Тым часам, як паведаміла “Свабодзе” Ута Цапф, яна зьбіраецца ўзьняць пытаньне адносна сытуацыі ў Беларусі на чарговай сэсіі ПА АБСЭ ў Вашынгтоне. Паводле нямецкай сацыял-дэмакраткі, яе сябры па партыі салідарныя з ахвярамі беларускага рэжыму.

(Цапф: ) “Мы будзем і надалей падтрымліваць дэмакратычную апазыцыю ў барацьбе за яе правы. Дэмакратычная Беларусь знойдзе сваё месца ў Эўропе і адтрымае ад нас падтрымку ў гэтым кірунку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG