Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі трапіў у мэдычную частку, але не спыняе галадоўкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі патрапіў у турэмную мэдычную частку, але не спыніў галадоўкі. Сваякі Леванеўскага не выключаюць, што яго пакаралі зьмяшчэньнем у турэмны ізалятар.

Валер Леванеўскі патрапіў у турэмную мэдычную частку, але працягвае галадоўку пратэсту. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў. Пра здароўе Валера Леванеўскага там адказалі:

(Міліцыянт: ) “Здавальняючае. Ён абвясьціў галадоўку, і таму яго зьмясьцілі ў мэдычную частку ды паведамілі ў пракуратуру”.

Леванеўскі з 1 чэрвеня трымае галадоўку, патрабуючы адстаўкі кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў абвінавачвае кіраўніка беларускай турэмнай сістэмы ў парушэньні ягоных правоў. Нібыта Ўладзімер Коўчур не адказвае на скаргі Валера Леванеўскага адносна накладзеных на яго пакараньняў. З-за гэтага, паводле Леванеўскага, да яго ня будзе ўжытая амністыя. Уладзімер Коўчур абвяргае гэтыя абвінавачаньні і кажа, што ўсе скаргі вязьня Леванеўскага разгледжаныя, адказы на іх дадзеныя ў вызначаны тэрмін. Ці будзе да Леванеўскага ўжытая амністыя, Уладзімер Коўчур не адказвае.

Між тым, сваякі Валера Леванеўскага за шэсьць дзён ягонай галадоўкі не атрымалі ад яго ніводнага ліста, хаця Леванеўскі папярэджваў, што адразу пасьля пачатку сваёй акцыі дашле ліст дамоў. Звычайна ягоныя лісты даходзяць з калёніі за два дні, паведаміла дачка Леванеўскага Каця. Дзяўчына не выключае, што бацьку накіравалі ў штрафны ізалятар.

(Леванеўская: ) “Лістоў ужо няма тыдзень, таму, хутчэй за ўсё, у штрафны ізалятар бацьку накіравалі”.

Некалькі месяцаў таму ў Магілёўскай калёніі Валера Леванеўскага ўжо зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, адкуль немагчыма было дасылаць лісты, таму сваякі і выказваюць такія вэрсіі. Цяпер Валер Леванеўскі знаходзіцца ў Івацэвіцкай калёніі. Пра стан здароўя вязьня ў калёніі нічога не паведамляюць. Маўчыць і тэлефон пракурора Івацэвіцкага раёну Тамары Стасевіч, якая раней пацьвердзіла факт галадоўкі Валера Леванеўскага.

Нагадаем, лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі летась быў асуджаны на два гады калёніі за паклёп на прэзыдэнта. Ва ўлётцы, якую ён распаўсюдзіў сярод прадпрымальнікаў, было напісана : “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт ездзіў ў Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Валера Леванеўскага вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG